Рабіць навакольны свет чысцейшым і прыгажэйшым, рабіць уклад у добраўпарадкаванне роднага краю. Увесь свой вольны час педагог-арганізатар Краснапольскай раённай гімназіі Дзяніс Кустаў прысвячае гэтай справе. Больш за тое, да прыродаахоўнай дзейнасці ён усебакова далучае навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Па поклічы сэрца
— Краснапольшчына фактычна мая малая радзіма. Тут мае карані, тут спакон жылі мае продкі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС прымусіла бацькоў пераехаць, і нарадзіўся я ў Бабруйскім раёне. Але напрыканцы 90-х мы вярнуліся ў родныя мясціны. А яны ў нас неверагодна маляўнічыя! Напэўна, гэта ў некаторай ступені і паўплывала на маю любоў да прыроды. З дзяцінства мог гадзінамі любавацца прыгажосцю лясоў і палёў, слухаючы шолах ветру ў лістоце дрэў. Так сфарміравалася неабыякавасць да захавання навакольнага асяроддзя. Будучы педагогам, сваімі перакананнямі аб неабходнасці беражлівых адносін да прыроды ўсяляк дзялюся з дзецьмі, — паведаміў Дзяніс Уладзіміравіч.

Прыцягваць навучэнцаў да аховы прыроды Дзяніс Кустаў пачаў з першых крокаў у педагогіцы. У Палужскай сярэдняй школе ён выкладаў хлопчыкам і дзяўчынкам рускую і беларускую мовы. А пасля ўрокаў аказваў пасільную дапамогу эколагам: разам з дзецьмі чысціў ад смецця берагі вадаёмаў і лясныя ўгоддзі.
— Потым перайшоў на пасаду педагога-арганізатара ў гімназіі. Менавіта тады і ўзнікла ідэя надаць нашай з дзецьмі рабоце новае гучанне. Стварыў валанцёрскі атрад “Экалагічны след”. Цяпер у ліку яго ўдзельнікаў — 15 юнакоў і дзяўчат. Але склад у нас пераменны. Атрад існуе 7 гадоў, і ўсяго праз яго прайшло звыш 300 вучняў, — расказаў Дзяніс Уладзіміравіч.
Сумесна з навучэнцамі Дзяніс Кустаў робіць карысныя справы па ахове прыродных багаццяў Краснапольшчыны. Захапляе гімназістаў педагог інтэрактыўнымі гульнявымі квізамі, конкурсамі, віктарынамі. Але галоўнае, што падахвочвае дзяцей займацца экалогіяй, — асабісты прыклад настаўніка.
— Заўсёды прыбіраю кінутае міма скрыні смецце, дапамагаю камунальнікам у падтрыманні парадку ў горадзе, у засушлівы дзень іду паліваць расліны. Прычым раблю ўсё гэта не па прымусе і не па ўгаворах, а па поклічы сэрца. З гэтых меркаванняў чатыры гады назад вырашыў стаць грамадскім эколагам у раёне. Праца цалкам бязвыплатная, але я альтруіст па натуры. Пастаянна паўтараю і вучням: хочаш змяніць мір — пачні з сябе. Радуе, што дзеці прыслухоўваюцца, — адзначыў Дзяніс Уладзіміравіч.
Узор для пераймання
Пад кіраўніцтвам Дзяніса Кустава навучэнцы-валанцёры бесперапынна праводзяць прыродаахоўныя акцыі. Адзін з асноўных напрамкаў работы атрада — узаемадзеянне з Краснапольскім лясгасам.
— Аказваем садзейнічанне ў аднаўленні лясоў, азеляняем вуліцы райцэнтра. На тэрыторыі вакол гімназіі пасадзілі яблыневы сад і ліпавую алею. Перыядычна папаўняем маладымі дрэўцамі гарадскі парк. На ўездзе ў Краснаполле пры нашым удзеле з’явілася кампазіцыя з блакітных елак, а побач з памятнай стэлай у памяць выселеных вёсак — 100 саджанцаў ліпы, клёна і бярозы. Каля 20 гектараў плошчаў у лясных масівах раёна сіламі атрада засаджаны дрэвамі хваёвых парод, — патлумачыў Дзяніс Уладзіміравіч.
Рэгулярна займаецца атрад і ачысткай ад забруджвання прыбярэжных зон вадаёмаў. За адзін выезд педагог і вучні могуць сабраць 50—100 кілаграм смецця.
— У большасці гэта — пластык і шкло. Як другасную сыравіну здаём сабранае смецце на перапрацоўку. Выручаныя сродкі накіроўваем на рэканструкцыю гісторыка-культурных помнікаў ці набываем корм для бяздомных жывёл, — заўважыў Дзяніс Кустаў.
Педагог усяляк імкнецца далучаць дзяцей і да добраўпарадкавання. Знакавую падтрымку атрад аказвае настаяцелю храма Дзмітрыя Растоўскага ў вёсцы Выдранка.
— Дапамагаем з уборкай і рамонтнымі работамі: прыбіраем, белім, фарбуем. Наогул любы выезд для навучэнцаў — гэта не толькі экалагічнае, але і працоўнае выхаванне. Яны набываюць шмат карысных навыкаў: вучацца працаваць з розным інвентаром, даведваюцца, як правільна садзіць дрэва, як яго даглядаць, каб прыжылося. Вучу наглядна. Адразу раблю сам, а потым прапаную паспрабаваць вучням. Імкнуся весці за сабой, быць арыенцірам. Такім чынам запускаю бумеранг у будучыню. Бо дзеці як чысты ліст паперы. Ад таго, якія ўстаноўкі будуць упісаны ў іх свядомасць, залежыць тое, якімі людзьмі яны стануць. Калі хочам выгадаваць рознабакова развітую асобу, трэба даваць дзецям узор для пераймання. Базіс закладваецца ў сям’і, але шмат залежыць і ад педагогаў, — перакананы Дзяніс Уладзіміравіч.
Экалагічная асвета
У прыярытэце для Дзяніса Кустава — фарміраванне экалагічнай культуры ў насельніцтва. У гэтым напрамку ён праводзіць вялікую работу, ажыццяўляе сацыяльныя ініцыятывы. Летась педагог падключыўся да праекта “ЭкаСвет”, які рэалізуецца ўстановай устойлівага рэгіянальнага развіцця “Зялева” пры садзейнічанні Глабальнага экалагічнага фонду.
— У рамках гэтай ініцыятывы шэраг мнагадзетных сем’яў атрымалі магчымасць навучыцца садоўніцтву. Пасля ім былі перададзены саджанцы — яблыні, парэчкі, грушы, маліны. Усім атрадам дапамагалі ў закладцы садоў на прысядзібных участках. Людзі былі ўдзячны, — расказаў Дзяніс Уладзіміравіч.
Адметную ініцыятыву атрад запусціў і з краснапольскімі ветэранамі. Праект атрымаў назву “Зялёныя вёрсты”.
— Побач з нашай гімназіяй знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Ветэраны актыўна наведваюць там аб’яднанне па інтарэсах па скандынаўскай хадзьбе. Гуляючы па экасцежках у парку, яны паведамляюць нам аб несанкцыянаваных звалках смецця. Па гэтых сігналах аператыўна выходзім на ліквідацыю забруджванняў, — адзначыў Дзяніс Кустаў.
Экалагічную асвету грамадзян Дзяніс Уладзіміравіч праводзіць і ў супрацоўніцтве з раённай газетай. На старонках друкуюцца QR-коды са спасылкай на ролікі аб дзейнасці гімназічнага атрада. Увогуле, педагог шырока выкарыстоўвае інтэрнэт-рэсурсы і сацыяльныя сеткі, каб несці экалогію ў масы.

— Праводзім з дзецьмі яркія флэш-мобы, відэаролікі аб якіх размяшчаем у сацыяльных сетках, дзе ўсяго маем звыш 10 тысяч падпісчыкаў. Публікуем экалагічныя фотаматыватары. Аб недапушчальнасці нанясення шкоды прыродзе нагадваем жыхарам раёна праз аўтарскія тэматычныя буклеты. Ёсць у нас таксама агітбрыгада. Спадзяюся, што дзіцячыя словы і ўчынкі знойдуць водгук у дарослага пакалення. Пакуль з экалагічнай культурай ёсць праблемы, але сітуацыя паляпшаецца. У гэтым, несумненна, ёсць заслуга нашага атрада, — упэўнены Дзяніс Кустаў.
Уласны ўклад
Сваімі справамі атрад “Экалагічны след” вядомы шырока за межамі Краснапольскага раёна. Валанцёры-пачаткоўцы неаднаразова заваёўвалі перамогі ў разнастайных конкурсах. Нямала ўзнагарод і ў Дзяніса Кустава. Ён двойчы прызнаваўся лепшым грамадскім эколагам у рэспубліцы.
— Мець такое званне вельмі ганарова. Але больш каштоўнае для мяне іншае. Атрад ахапіў сотні навучэнцаў, і ўсе яны пайшлі ў дарослае жыццё з разуменнем важнасці прытрымлівання экалагічных прынцыпаў. Для некаторых гімназістаў атрад стаў нават своеасаблівай прафарыентацыяй, — падкрэсліў Дзяніс Уладзіміравіч.
І сапраўды, выпускніца Вікторыя Хромчанка паспяхова скончыла Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава БДУ, стала інжынерам-эколагам. Атрад аказаў уплыў і на прафесійнае вызначэнне Аліны Крыжэўскай. Будучы гімназісткай, яна пісала нататкі пра шматлікія экалагічныя акцыі і такім чынам знайшла сябе ў журналістыцы.
— Невыпадкова даў нашаму атраду такую назву. Хочацца насамрэч пакінуць пасля сябе пэўны экалагічны след. У маіх планах — пашыраць кірункі работы, працягваць уносіць уласны ўклад у захаванасць прыроды, рабіць дзяцей і дарослых больш экалагічна адукаванымі, — падзяліўся Дзяніс Кустаў. — Наша краіна вядомая як адна з самых чыстых у свеце. Неабходна падтрымліваць гэты статус: кожнаму патроху, у сваім горадзе ці вёсцы. Мы гаспадары сваёй зямлі і павінны рабіць усё, каб Беларусь заставалася зялёнай і прыгожай.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Дзяніса КУСТАВА





