Днямі ў Мінску адбылася прэзентацыя адукацыйнага пакета для бацькоў “Вучымся быць добрымі бацькамі”, які быў распрацаваны Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) сумесна з вядучымі спецыялістамі краіны ў галіне адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны. Відавочна, што сёння гэта запатрабаваны грамадствам праект, паколькі маладым бацькам часта не хапае ведаў і навыкаў, якія маюць важнае значэнне для развіцця іх дзяцей. Гэта, дарэчы, пацвердзілі і вынікі маштабнага сацыялагічнага даследавання ў галіне развіцця дзяцей ва ўзросце ад 0 да 7 гадоў, абмеркаванне якіх прайшло падчас рэспубліканскага круглага стала пасля прэзентацыі адукацыйнага пакета для бацькоў. У рамках згаданага сацыялагічнага даследавання ўвага акцэнтавалася на самых розных аспектах развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту — ад ведаў і навыкаў бацькоў па развіцці дзяцей да магчымасцей сістэмы адукацыі па выхаванні і навучанні малых. Дык у чым жа моцныя і слабыя бакі існуючай практыкі ў сістэме развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту?
На аснове запытаў бацькоў
Трэба заўважыць, што заяўлены адукацыйны праект для бацькоў — гэта вынік шматгадовай работы спецыялістаў самых розных ведамстваў.
— Мы працавалі над гэтым праектам з 2005 года, аналізуючы самыя частыя інфармацыйныя запыты бацькоў, — адзначыў Юрый Віктаравіч Аксамітны, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). — Матэрыялы адукацыйнага пакета разлічаны на бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў. Акрамя таго, гэтыя матэрыялы будуць карысныя тым маладым людзям, якія плануюць стаць бацькамі ці маюць малодшых братоў і сёстраў.
— У распрацоўцы адукацыйнага праекта для бацькоў “Вучымся быць бацькамі” прынялі ўдзел і спецыялісты сістэмы адукацыі, — сказаў намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч. — Распрацаваныя брашуры ўжо даволі вядомы і запатрабаваны, бо змяшчаюць даступны практычны матэрыял па найбольш важных пытаннях выхавання, навучання і развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Праект існуе ў трох формах: кнігі, дыскі і ў варыянце анлайн. Першыя два варыянты маюць мэтавы характар: спачатку трапляюць у рукі спецыялістаў аховы здароўя і адукацыі, а потым распаўсюджваюцца адпаведна з запытамі канкрэтных бацькоў. Версія ж у анлайн-рэжыме даступна на сайце www.unicef.by для кожнага.
Пакет уключае 89 тэм з практычнымі парадамі для бацькоў, якія дапамогуць сфарміраваць навыкі для ранняга выхавання і адукацыі дзіцяці. Па кожнай тэме вызначаецца самае галоўнае і важнае, што дае магчымасць бацькам разумець сваё дзіця і забяспечыць яго максімальнае развіццё. У сённяшнім інфармацыйным патоку даволі лёгка згубіцца, таму перад стваральнікамі адукацыйнага пакета стаяла задача не перагружаць бацькоў, а даць ім менавіта патрэбную і карысную інфармацыю.
І нават беглае знаёмства з пакетам пераконвае: тут сапраўды можна знайсці самую разнастайную інфармацыю: ад пытання, як і чаму адбываюцца тыя ці іншыя змены ў развіцці дзіцяці, да таго, дзе шукаць дапамогу ў выпадку нейкіх праблем у развіцці дзіцяці.
— Маладыя сем’і па-рознаму ўспрымаюць праблемы ў развіцці ўласных дзяцей. Многія бацькі не заўважаюць іх вельмі доўга, у такім выпадку дапамога, якая была неабходна дзіцяці з нараджэння, не аказваецца, што прыводзіць да наслаення праблем у яго развіцці, — падкрэсліла Галіна Уладзіміраўна Малчанава, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. — Супрацоўнікі нашага цэнтра прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы адукацыйнага пакета. Мы паспрабавалі растлумачыць бацькам даступнай і зразумелай мовай, на што трэба звяртаць увагу ў працэсе развіцця дзіцяці, як неабходна назіраць за ім, да каго можна звярнуцца, калі ёсць нейкія пытанні і праблемы.
— Мы б вельмі хацелі, каб бацькі займалі адказную пазіцыю, — падкрэсліў Юрый Віктаравіч Аксамітны. — Чым больш бацькі будуць ведаць і ўмець, тым лягчэй і больш упэўнена яны змогуць рэагаваць на магчымыя запыты дзіцяці.
Ведаць — яшчэ не значыць выконваць
Дарэчы, дасведчанасць бацькоў у выхаванні і развіцці дзяцей стала адным з ключавых пытанняў сацыялагічнага даследаванння, вынікі якога былі прадстаўлены ў рамках рэспубліканскага круглага стала. Але гэта толькі адзін бок работы даследчыкаў. Другі — ацэнка бацькамі і спецыялістамі той сістэмы выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, што склалася на сёння ў краіне, і магчымасцей развіцця хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прадастаўляюць дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы.
Калі звярнуцца непасрэдна да вынікаў сацыялагічнага даследавання, то найперш варта адзначыць, што даследчы інтарэс спецыялістаў быў накіраваны на такія дэтэрмінанты развіцця дзяцей, як здароўе, харчаванне, ранняе навучанне і выхаванне, абарона дзяцей. Мэтавыя групы сацыялагічнага даследавання — бацькі, якія выхоўваюць дзяцей ад 0 да 7 гадоў, і спецыялісты — правайдары медыцынскіх і педагагічных паслуг, а таксама медыйны сектар — тое, што фарміруе грамадскую свядомасць, каштоўнасці і адносіны ў сферы развіцця і выхавання дзяцей.
— Іншымі словамі, даследаванне было накіравана на вывучэнне ведаў, адносін і існуючай практыкі ў сферы развіцця дзяцей з боку бацькоў, педагогаў дашкольных устаноў і медыкаў, — расказала Алена Яўгенаўна Кучко, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Калі гаварыць пра першую мэтавую групу даследавання — бацькоў, то варта адзначыць, што гэта, як правіла, маладыя людзі ва ўзросце 21—29 гадоў, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе. У асноўным склад сям’і — 3-4 чалавекі. Матэрыяльнае становішча сям’і (па самаацэнцы саміх бацькоў) сярэдняе: асноўная маса лічыць, што сям’я можа дазволіць сабе нармальна харчавацца, купляць адзенне, рабіць неабходныя пакупкі, але не мае магчымасці адкладваць грошы. Цікавы факт: большасць бацькоў, як мам, так і татаў, маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Іншымі словамі, у большасці сёння спецыялісты маюць справу з высокаадукаванымі бацькамі. І гэты факт павінен улічвацца спецыялістамі пры арганізацыі работы з сям’ёй.
— Сённяшнія бацькі маюць імкненне разумець і спасцігаць новае, — падкрэсліла Алена Яўгенаўна Кучко. — Так, напрыклад, бацькі даволі добра разумеюць і ведаюць ролю фактараў, якія забяспечваюць здароўе і паўнацэннае развіццё дзіцяці. Калі параўноўваць з вынікамі папярэдніх даследаванняў, па ўсіх пазіцыях дасведчанасць бацькоў аб ролі гэтых фактараў павялічылася.
Праўда, з адной агаворкай: веданне фактараў, якія забяспечваюць развіццё і здароўе дзяцей, далёка не заўсёды гарантуе іх выкананне. Так, бацькі выдатна ведаюць, што для нараджэння здаровага дзіцяці вялікае значэнне мае адмова маці ад ужывання алкаголю, ад курэння ў перыяд цяжарнасці. Але забяспечваць іх выкананне могуць далёка не ўсе. Ці іншае пытанне: бацькі добра ведаюць, што для здароўя дзіцяці вялікае значэнне маюць фізічныя нагрузкі, загартоўванне дзіцяці. Але зноў-такі лічаць важным, але не могуць забяспечыць іх выкананне. Гэтак жа, як і ў пытанні неабходнасці падтрымліваць ініцыятыву дзіцяці, узаемнага ўдзелу бацькоў у выхаванні дзіцяці, падтрымання эмацыянальнага кантакту з малым: нягледзячы на разуменне значнаці гэтых фактараў, забяспечваюць іх выкананне не ўсе бацькі. Здаровы лад жыцця бацькоў лічаць важным больш за 94 працэнты рэспандэнтаў, але кожны трэці з іх прызнаецца, што не забяспечвае іх выкананне.
— Штуршка, каб гэтае разуменне знайшло сваё ўвасабленне, не хапае, — падкрэсліла Алена Яўгенаўна Кучко. — Неабходна разам падумаць, як дапамагчы бацькам зрабіць гэты крок.
Адказнасць сумесная
Другі бок даследавання — вывучэнне праз апытанне і бацькоў, і педагогаў магчымасцей для развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, якія дае сістэма дашкольнай адукацыі.
Тут найперш варта “намаляваць” партрэт тых саміх спецыялістаў, якія і з’яўляюцца правайдарамі гэтых адукацыйных паслуг — педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі. Згодна з вынікамі даследавання, па дыпломе яны ў асноўным выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Калі гаварыць пра вопыт работы, то большасць мае 20 і больш гадоў стажу.
Большасць спецыялістаў даволі высока ацэньваюць сістэму дашкольнай адукацыі, што склалася ў краіне. Адзначаюць, што яна забяспечвае развіццё творчага патэнцыялу дзяцей, развіццё пазнавальных здольнасцей больш за 90% рэспандэнтаў названай катэгорыі, эмацыянальны дабрабыт, фізічнае развіццё — больш за 80%. У той жа час адзначаецца недахоп спецыялістаў у галіне дашкольнай адукацыі. Найбольш праблемным у прафесійнай дзейнасці выхавальнікаў застаецца пытанне памеру заработнай платы, прэстыжу прафесіі, недастатковай аснашчанасці прадметна-прасторавага асяроддзя. Ацэньваючы ўласныя інфармацыйныя патрэбы, для больш эфектыўнага ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці выхавальнікі хацелі б атрымаць дадатковую інфармацыю аб новых методыках выхавання і навучання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.
— У цэлым у сістэме дашкольнай адукацыі заняты вельмі адказныя спецыялісты. Вось адзін красамоўны факт: большасць выхавальнікаў поўнасцю раздзяляюць з бацькамі адказнасць за творчае, інтэлектуальнае, духоўна-маральнае развіццё дзяцей, — адзначыла Алена Яўгенаўна Кучко. — Тут відавочны кантраст з медыкамі, якія дакладна падзяляюць зоны адказнасці. Педагогі ж гатовы браць на сябе такую ж адказнасць, як і бацькі.
— Даследаванне пацвердзіла, што ў краіне створана і функцыянуе, паспяхова развіваецца эфектыўная сістэма дашкольнай адукацыі, якая дае сучаснай сям’і гарантыі ў галіне якасці адукацыі, выхавання дзяцей, — прадоўжыла думку калегі Людміла Георгіеўна Тарусава, першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дацэнт кафедры дашкольнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук. — Безумоўна, сістэма дашкольнай адукацыі даволі затратная для дзяржавы, бо сама па сабе мае шматпланавы характар, прадугледжвае не толькі навучанне, выхаванне, развіццё дзіцяці, але і догляд дзіцяці, аздараўленне, абарону правоў, законных інтарэсаў і іншае.
Найважнейшыя вынікі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі — гэта захаванне дашкольнай адукацыі, высокі працэнт ахопу дашкольнай адукацыяй, што з’яўляецца і паказчыкам даверу сучаснай сям’і да сістэмы. Гэта і паэтапнае рэфармаванне, і мадэрнізацыя дашкольнай адукацыі, якія і прывялі да змен у нарматыўным прававым забеспячэнні, навукова-метадычным забеспячэнні, арганізацыйна-зместавым напаўненні функцыянавання і развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Бясспрэчнае заваяванне — тое, што дашкольная адукацыя афіцыйна прызнана першым узроўнем асноўнай адукацыі. Сістэме дашкольнай адукацыі ўвесь час прыходзіцца даказваць, што работа з дзецьмі — гэта работа прафесіяналаў высокага ўзроўню. Установы дашкольнай адукацыі сёння не толькі забяспечваюць догляд дзіцяці, але і актыўна ўдзельнічаюць у выхаванні і развіцці дзяцей, выкарыстоўваючы пры гэтым навукова-абгрунтаваныя праграмы, методыкі, тэхналогіі.
Разам з тым даследаванне яшчэ раз пацвердзіла, што ў сістэме дашкольнай адукацыі сёння існуюць праблемы, звязаныя са зменамі дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, якія патрабуюць, каб развівалася сетка дашкольных устаноў, забяспечвалася магчымасць для фарміравання і развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы. Да таго ж пры ўсім шырокім спектры адукацыйных паслуг, што прадастаўляюцца на бясплатнай аснове, іх колькасцю і якасцю бацькі не заўсёды задаволены. Але, падаецца, праблема тут можа хавацца ў простым недахопе інфармацыі для спажыўцоў адукацыйных паслуг. На карысць гэтага меркавання сведчыць той факт, што нават пры пэўнай незадаволенасці колькасцю і якасцю паслуг усе рэспандэнты адзначаюць комплексны характар дзейнасці, якая рэалізоўваецца. Дашкольная адукацыя сёння забяспечвае фізічнае, сацыяльна-маральнае, асабовае, творчае, эстэтычнае, пазнавальнае, мастацкае, маўленчае развіццё дзяцей.
— Паколькі выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту для бацькоў з’яўляецца бясплатным, часта ацэнка паслуг, што прадастаўляюцца, не высокая. Таму існуе вялікае поле для ўзаемадзеяння спецыялістаў дашкольнай адукацыі, бацькоўскай грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі па прапагандзе той дзейнасці, якая рэалізоўваецца ў сістэме дашкольнай адукацыі. Вельмі мала расказваецца аб пазітыўным вопыце сучасных устаноў дашкольнай адукацыі, — падкрэсліла Людміла Георгіеўна Тарусава. — Важна аб’яднаць свае намаганні, каб паказаць, што і якасць, і колькасць адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца на бясплатнай аснове, звязаны з сур’ёзнымі дзяржаўнымі затратамі.
Навучанне — найперш праз сумесную дзейнасць
Яшчэ адно пытанне сацыялагічнага даследавання, на якое была звернута ўвага падчас аналізу прафесійнай дзейнасці педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, — гэта выбар і прызнанне эфектыўных форм работы з дашкольнікамі. Адметна, што сёння ў прыярытэце не столькі навучанне на занятках, колькі сумесная дзейнасць з выхавальнікам і навучанне ў гульні.
— Тыя намаганні, што прыкладаюцца навукова-метадычнымі арганізацыямі, метадычнымі службамі на месцах, не прайшлі дарэмна: тэндэнцыя, накіраваная на перанос акцэнтаў у галіну сумесных дзеянняў дзяцей і педагогаў дашкольных устаноў, становіцца ўсё больш прыкметнай, — падкрэсліла Людміла Георгіеўна Тарусава. — І ў сувязі з гэтым наступнае пытанне: якую пазіцыю займае ва ўзаемаадносінах з дзіцем педагог? Ён для яго партнёр па ўзаемадзеянні, настаўнік, які перадае яму веды, уменні, навыкі, ці ён прытрымліваецца ідэй вольнага выхавання, пры якім толькі стварае ўмовы для выхавання і развіцця дзяцей? Факты пераканаўча гавораць пра тое, што ўсё больш выхавальнікаў прызнаюць перавагі партнёрскіх узаемаадносін з дзіцем. І толькі 12%, як і раней, аддаюць перавагу ролі настаўніка. Дарэчы, пазіцыя бацькоў у гэтым пытанні аналагічная: аўтарытарных мадэлей, пабудаваных на падаўленні дзіцяці, бацькі ў сваёй дзейнасці прымяняюць менш.
Асаблівыя па-ранейшаму асобна?
У рамках даследавання спецыялісты таксама ставілі задачу вызначыць, як бацькі ацэньваюць развіццё ўласнага дзіцяці. Як высветлілася, большасць бацькоў прытрымліваецца думкі, што іх дзеці мала адрозніваюцца ад іншых. Бацькі фіксуюць дынаміку развіцця дзіцяці і ў многіх выпадках нацэлены на тое, каб забяспечыць патэнцыял для развіцця дзіцяці.
— Вельмі мала хто з бацькоў адзначае, што іх дзіця мае праблемы ў развіцці, — падкрэслівае Л.Г.Тарусава. — Любячы сваіх дзяцей, бацькі часта завышаюць ацэнку іх здольнасцей і магчымасцей. Пры гэтым большасць сучасных бацькоў перавышаюць значнасць і такіх уменняў дзяцей, як уменне працаваць з камп’ютарам, веданне літар, уменне чытаць.
Напрыклад, такі факт: у сярэднім дзіця ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў занята за камп’ютарам каля 40 хвілін у дзень. Іншымі словамі, захоўваецца агульная кагнітыўная накіраванасць каштоўнасцей у сямейным выхаванні. Галоўнае для бацькоў у дашкольнай установе — падрыхтоўка да школы.
— Але пры такім падыходзе губляецца самакаштоўнасць дашкольнага ўзросту. Установа дашкольнай адукацыі, канечне ж, рыхтуе дзіця да пераходу на наступную прыступку сістэмы адукацыі, але абавязкова павінна быць і прызнанне самакаштоўнасці тых перыядаў дашкольнага дзяцінства, якія з’яўляюцца асноватворнымі для маўленчага, эстэтычнага, мастацкага развіцця дзіцяці, — адзначыла спецыяліст. — Педагогам неабходна працаваць па гэтым пытанні з сучаснай сям’ёй.
Дарэчы, варта прыгадаць яшчэ адзін аспект даследавання: аналіз меркавання выхавальнікаў і бацькоў па пытанні аб’яднання дзяцей у групы для рэалізацыі адукацыйных праграм у залежнасці ад узросту і ўзроўню падрыхтаванасці. Агульная тэндэнцыя — перавага аднародных груп для рэалізацыі адукацыйных праграм. Прычым гаворка ідзе не толькі пра тое, што аддаецца перавага аднаўзроставым групам, але і пра тое, што бацькі па-ранейшаму ў большасці супраць уключэння ў групы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: 68,8% бацькоў не гатовы, каб дзіця наведвала групу, якую наведвае і дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Гэта актуальная задача для сістэмы з пункта гледжання падрыхтоўкі педагогаў для рэалізацыі ідэй інклюзіўнай адукацыі, — падкрэсліла спецыяліст. — Да таго ж на прыняцце дзяцей з асаблівасцямі неабходна больш шырока працаваць і з грамадскасцю ў цэлым.
***
Як падкрэслілі падчас мерапрыемства спецыялісты, сацыялагічнае даследаванне — гэта як дыягностыка, ад якой у далейшым ідзе правільная, граматна пабудаваная работа. А атрыманая сацыялагічная лічба — гэта сацыяльны факт, які неабходна прыняць да ведама і падумаць, што з ім рабіць, якое прыняць рашэнне. Безумоўна, прыведзеныя лічбы і факты — гэта толькі нязначная частка атрыманых падчас даследавання вынікаў. Але іх разуменне павінна дапамагчы спецыялістам сістэмы дашкольнай адукацыі вызначыць далейшыя напрамкі дзейнасці.
— Даследаванне — гэта пункт адліку, крытычны погляд на сістэму, — падкрэсліў Васіль Антонавіч Будкевіч. — Яно павінна дапамагчы нам сарыентавацца ў запытах грамадзян у галіне адукацыі, атрымаць незалежныя водгукі і бацькоў, і педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі аб якасці паслуг, што прадастаўляюцца. У выніку мы зможам абмеркаваць існуючыя праблемы і намеціць асноўныя вектары развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі.