Як не даць навучэнцам закіснуць, ведае выкладчыца каледжа Крысціна Мацюшонак

- 12:20Столичный мастер

Знайсці падыход да кожнага чалавека з яго тэмпераментам, характарам, патрэбамі і наладзіць узаемадзеянне з ім вучыць сваіх выхаванцаў загадчык аддзялення выкладчыца гісторыі і грамадазнаўства, спецыяльных вучэбных прадметаў “Тэхналогія сацыяльнай работы з сям’ёй і дзецьмі”, “Асновы справаводства” Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Крысціна Мацюшонак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адукацыя мяняе свет

— У педагогіку я прыйшла не адразу, — расказвае Крысціна Уладзіміраўна. — Я з’яўляюся выпускніцай нашага каледжа (на той час ён насіў назву Мінскае вышэйшае прафесійна-тэхнічнае вучылішча сферы абслугоўвання). Спачатку працавала ў ім сакратаром вучэбнай часткі і паралельна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў БДУ на гістарычным факультэце. Да канца майго навучання вызвалілася стаўка выкладчыка гісторыі, і мне прапанавалі перайсці на гэтую пасаду. Так, з 2006 года я пачала сваю выкладчыцкую дзейнасць.

Крысціна Мацюшонак прызнаецца, што ні аб чым не шкадуе і мяняць у сваім жыцці нічога не збіраецца. Ёй вельмі падабаецца працаваць у каледжы. Найперш прыцягвае работа з таленавітымі, крэатыўнымі навучэнцамі, якія ў большасці сваёй усвядомлена выбіраюць прафесійны шлях і з якімі можна ўзаемадзейнічаць на роўных. Па-другое, ва ўстанове склаўся вельмі дружны высокапрафесійны калектыў. Маладых педагогаў курыруюць намеснікі дырэктара і вопытныя выкладчыкі цыклавых камісій, да якіх заўсёды можна звярнуцца па дапамогу.  Па-трэцяе, у сценах каледжа вітаецца жаданне развівацца і пастаянна чамусьці вучыцца: і на курсах павышэння кваліфікацыі, і на майстар-класах калег, і ў конкурсным руху. Педагог і сваім выхаванцам імкнецца данесці словы Н.Мандэ­лы, што “адукацыя — самая магутная зброя, якую яны могуць выкарыстоўваць, каб змяніць свет” і што сёння ў нашым імклівым свеце трэба самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця.

— Крысціна Уладзіміраўна, якія абітурыенты сёння прыходзяць у каледж?

Да нас прыходзяць матываваныя, добра падрыхтаваныя выпускнікі школ. Напрыклад, летась прахадны бал на бюджэт на спецыяль­насць “Рознічныя паслугі ў банку” склаў 8,9 бала, а на спецыяльнасць “Фінансавая дзейнасць” — 9,1 бала. Дарэчы, гэтыя спецыяльнасці карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў.

Што тычыцца спецыяльнасці “Сацыяльная работа”, то абітурыен­ты, якія імкнуцца яе атрымаць, гавораць, што хочуць дапамагаць людзям. І часта ро­бяць выбар на яе карысць не спантанна. Іх прыводзяць у прафесію акалічнасці ў сям’і, дзе патрабавалася дапамога пенсіянерам альбо людзям з абмежаванымі магчымасцямі, або яны маюць вопыт валанцёрскай дзейнасці, атрыманай у школе. Навучэнцы звычайна ўжо знаёмы з сітуацыямі, з якімі ім давядзецца сутыкацца ў далейшым, і іх гэта не палохае. Нашым выпускнікам даводзіцца ўзаемадзейні­чаць з людзь­мі з інваліднасцю, сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пацярпеўшымі ад дамашняга гвалту, без пэўнага месца жыхарства. А для гэтага неабходна мець стойкасць характару і адначасова ўмець суперажываць, аказваць рэальную дапамогу, вучыцца ставіцца да гэтых лю­дзей як да роўных.

Часта да нас прыходзяць дзеці нашых выпускнікоў. Вялікі працэнт навучэнцаў, якія паступаюць па рэкамендацыях сваякоў, знаёмых. Яны, як правіла, чулі і аб традыцыях каледжа, і аб асаблівасцях навучання. І ім лягчэй адаптавацца да тых умоў, у якіх яны аказваюцца.

Крысціна Мацюшонак — уладальніца гранта Мінгарвыканкама па развіцці функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў па выніках гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”, аўтар прыкладных тэматычных планаў і вучэбных праграм па вучэбных прадметах спецыяльнасці “Сацыяльная работа”.

Не дазволіць закіснуць!

— Прыцягненне высокаматываваных выпускнікоў школ — паказчык якаснай прафарыентацыйнай работы каледжа. Як гэтая работа вя­дзецца?

— Мы арганізоўваем дні адкрытых дзвярэй у самых розных фарматах: гутаркі з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі, майстар-класы, на якіх дэманструем асаблівасці той ці іншай спецыяль­насці, квесты. Нашы спецыялісты выязджаюць у школы на баць­коўскія сходы, дзе расказваюць пра спецыфіку навучання ў каледжы і перспектывы працаўладкавання.

Асабліва прыцягальнымі для школьнікаў з’яўляюцца майстар-класы, да правядзення якіх прыцягваюцца старшакурснікі, — гэта эфектыўна і яскрава, даступна і зразумела. Навучэнцы бачаць, якія аперацыі ім неабходна будзе выконваць, з якім абсталяваннем працаваць. Так, навучэнцы, якія вучацца па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў”, дэманструюць, як збіраюць схемы, пракладваюць праводку, а дзяўчаты спецыяльнасці “Рознічныя паслугі ў банку” — як лічаць грошы, як вызначаюць падробку ад арыгінала і інш.

— Што дапамагае вашым выхаванцам не расчаравацца ў атрыманні выбранай спецыяль­насці? Як павышаеце матывацыю маладых лю­дзей да навучання?

— Спецыфіка каледжа заключаецца ў тым, што навучэнцы на 1 курсе вывучаюць усе агульна­адукацыйныя прадметы: са школы яны нібыта зноў трапляюць у школу і крыху страчваюць ціка­васць, расхалоджваюцца. І адна з задач выкладчыка — не дазволіць навучэнцам закіснуць. Для гэтага неабходна прадметы агульнаадукацыйнага кампанента выкла­даць так, каб навучэнцы бачылі, што атрыманыя веды ім спатрэбяцца ў будучай прафесійнай дзейнасці. Літаральна з 1 курса мы паглыб­ляем іх у прафесійную дзейнасць. Прычым для кожнай спецыяльнасці свая спецыфіка.

Для засваення той ці іншай тэмы прапаную маладым лю­дзям рэальныя жыццёвыя сітуацыі. Вывучаючы прадмет “Тэхналогія сацыяльнай работы з сям’ёй і дзецьмі”, напрыклад, разглядаем сітуацыю ў школе: вучні заўважа­юць у сваёй аднакласніцы сінякі на руках і целе. Дзяўчына на пытанні пра сінякі адказвае неахвотна, са страхам: “Гуляла ў двары ў даганялкі і… выпадкова ўпала”. Што рабіць у такой сітуацыі, да каго звярнуцца па дапамогу? Сітуацыя разглядаецца з розных бакоў.

Акрамя таго, для навучэнцаў пачынаючы з 1 курса праводзяцца факультатыўныя заняткі прафесійнай накіраванасці “Уводзіны ў спецыяльнасць”. На заняткі запрашаюцца прадстаўнікі базавых арганізацый, якія расказваюць пра станоўчыя бакі будучай прафесійнай дзейнасці. У каледжы прахо­дзяць тыдні па спецыяльнасцях. Усе курсы прымаюць удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства з выбарам лепшага па спецыяльнасці, у забаўляльных мерапрыемствах. Робіцца ўсё для таго, каб першакурснікі не адчувалі сябе ізалявана, а гарманічна ўліліся ў калектыў.

Разам з калегамі па тэмах вучэбных заняткаў мы распрацавалі адукацыйныя квесты. У каледжы абсталяваны мабільны квест-пакой, у якім ёсць усё неабходнае: сейфы, сігнальны стужкі, гульні і інш.

Па выніках 2024 года Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, які ўзначальвае Сяргей Дзічкоўскі, прызнаны лепшай у краіне ўстановай, якая рэалізуе праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і адзначаны знакам якасці.

У асабістым кантакце

— Крысціна Уладзіміраўна, на ваш погляд, эфектыўныя вучэбныя заняткі, якія яны? Як рыхтуеце і праводзіце іх вы?

Эфектыўныя вучэбныя заняткі — гэта паняцце суб’ектыўнае, бо адзін раз яны атрымаліся, другі раз — не. Усё залежыць ад многіх фактараў: ад матывацыі навучэнцаў, настрою, ад узаемаадносін у групе, ад жадання праца­ваць разам і разумення, навошта ім гэта трэба.

На сваіх занятках імкнуся, каб вучні больш гаварылі і ўзаема­дзейнічалі адно з адным і з выкладчыкам, бо іх будучая прафесійная дзейнасць звязана з людзьмі. Напрыклад, будучым сацыяльным работнікам трэба бу­дзе ўзаемадзейнічаць з катэгорыяй людзей, якія патрабуюць да сябе павышанай увагі. Часта ім трэба не толькі пайсці ў магазін па прадукты або дапамагчы навесці парадак у кватэры, але і выслухаць, проста даць лю­дзям магчымасць выгаварыцца.

Эфектыўнай з’яўляецца тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, калі вучні працу­юць самастойна, калі ім задаецца пэўнае праблемнае пытанне альбо ставіцца задача. Абавязкова прасочваецца сувязь з жыццём, з магчымасцю прымяніць набытыя веды на практыцы. Калі мы гаворым пра функцыі грошай, то не проста іх называем, а разглядаем на канкрэтных сітуацыях. Напрыклад, цікаўлюся ў навучэнцаў, як быў набыты іх тэлефон: у растэрміноўку, крэдыт альбо адразу куплены за поўны кошт. Калі мы вывучаем тэму “Даходы”, навучэнцы на прыкладзе сваёй сям’і вызначаюць, якія віды даходаў існуюць. Практыка паказвае, што яны такім чынам лепш запамінаюць інфармацыю.

Выказваць сваю думку, прыводзіць аргументы дапамагаюць дэбаты, дыспуты, дыскусіі. Даспадобы навучэнцам сюжэтна-ролевыя, дзелавыя гульні, асновай якіх становяцца рэальныя падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, мадэлі тыповых сацыяльных узаемадзеянняў у штодзённым сацыяльным вопыце навучэнцаў. Практыкуецца вучэбна-даследчая і праектная дзейнасць, вынікам якой становяцца навуковыя работы, тэкставыя і ілюстрацыйныя калажы, прэзентацыйныя даклады, эсэ і інш. Сёлета на рэспубліканскім конкурсе “Мой уклад у будучыню краіны” дыплом ІІІ ступені заваявала Ева Якімовіч у намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера”.

На занятках у супрацоўніцтве з маёй калегай выкладчыцай замежнай мовы М.А.Марцуль (а мы практыкуем правядзенне бінарных урокаў, дзе задзейнічаны міжпрадметныя сувязі) вучням было прапанавана зрабіць праекты па тэме “Навука” з выкарыстаннем методыкі РАФТ (матэрыял вывучаўся па 4 пазі­цыях: роля, аўдыторыя, форма і тэма).

У майстэрні, як на рабоце

— Якое месца ў падрыхтоўцы спецыялістаў адводзіцца практычнай рабоце?

— Пры складанні прыкладных тэматычных планаў 40% га­дзін вучэбнага прадмета мы аддаём на практычныя заняткі. Усе вытворчыя практыкі навучэнцаў прахо­дзяць на базе нашых базавых арганізацый — заказчыкаў кадраў (па спецыяльнасці “Сацыяль­ная работа” — у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінска і Мінскага раёна, па спецыяльнасці “Рознічныя паслугі ў банку” — у вядучых банках, па спецыяльнасці “Фінансавая дзейнасць” — у філіялах Белдзяржстраха). Акрамя таго, у каледжы адкрыты так званыя брэндзіраваныя кабінеты і вучэбна-вытворчая майстэрня. Гэта вынік супрацоўніцтва з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам, якія выдзелілі сродкі для абсталявання спецыяльных аўдыторый. Адпрацоўваючы навыкі ў вучэбнай майстэрні, навучэнцы знаходзяцца ў атмасферы, у якой ім трэба будзе працаваць пасля заканчэння каледжа.

З гордасцю адзначу, што заказчыкі кадраў нашых выпускнікоў хваляць і з ахвотай бяруць на работу. Дарэчы, тры нашы выпускніцы адзначаны дыпломамі гарадскога конкурсу “Лепшы малады спецыя­ліст устаноў сацыяльнай абароны”. А гэта яркае сведчанне таго, што падрыхтоўка вядзецца на высокім узроўні.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі прафесійнымі планамі.

— У планах — напісаць практыкум па вучэбным прадмеце “Тэхналогія сацыяльнай работы з сям’ёй і дзецьмі”, а таксама працягнуць работу па ўключэнні кампетэнцый, па якіх мы рыхтуем навучэнцаў, у конкурсны рух ProfSkills Belarus, каб нашы выхаванцы мелі магчымасць праявіць свае здольнасці і майстэрства.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара