Менеджары адукацыйнага працэсу

- 12:46Метадычная скарбонка

У рэжыме інавацыйнай дзейнасці педагагічны калектыў гімназіі № 1 Жлобіна працуе ўжо не першы год. Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Таццяна Міхайлаўна Калькова, педагогі гімназіі маюць станоўчы вопыт у рабоце з адоранымі дзецьмі і выкарыстанні асобасна арыентаваных тэхналогій. З 2012 па 2015 год у першай гімназіі Жлобіна працавалі над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі падрыхтоўкі настаўнікаў да рэалізацыі метадалогіі і тэхналогіі асобасна арыентаванага навучання навучэнцаў”, таму, калі з’явілася магчымасць стаць удзельнікамі інавацыйнага праекта па перавернутым класе, адразу пагадзіліся. Найперш таму, што цікава і сучасна. Упэўненасці надаваў вопыт удзелу ў папярэднім праекце, тым больш што асобасна арыентаванае навучанне пераклікаецца з ідэямі перавернутага навучання.

І вось з 2016 года ў гімназіі № 1 Жлобіна працуюць у межах інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі “Перавернуты ўрок”. Дарэчы, у краіне ў кірунку рэалізацыі гэтага інавацыйнага праекта працуюць 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у Гомельскай вобласці толькі адна — першая жлобінская гімназія. У ролі кансультанта выступае кандыдат педагагічных навук прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі.

“Нас у гімназіі цікавіць усё новае, і паколькі мы імкнёмся павышаць вынікі педагагічнай дзейнасці, то перавернуты ўрок падыходзіць найлепш. Асноўная ідэя праекта заключаецца ў стварэнні ўмоў для самастойнага засваення навучэнцамі новых ведаў, а для педагогаў — у магчымасці індывідуалізацыі навучання. Мадэль перавернутага навучання накіравана на фарміраванне інфармацыйнай культуры вучня, яна прадугледжвае вынясенне этапу вывучэння новага матэрыялу за межы ўрока (дамашняе заданне ў форме вучэбнага відэа, прэзентацыі, тэксту, схемы, табліцы, практыкавання і інш.). Настаўнік з транслятара ведаў і інфармацыі ператвараецца ў “менеджара” адукацыйнага працэсу як на ўроку, так і за яго межамі. Гэта дазваляе больш часу адводзіць на замацаванне ведаў і адпрацоўку навыкаў падчас урока”, — адзначыла дырэктар гімназіі і кіраўнік інавацыйнага праекта.

На сёння ідэі інавацыйнага праекта рэалізоўваюць 18 настаўнікаў гімназіі. Пра актуальнасць і запатрабаванасць тэхналогіі перавернутага ўрока сведчыць той факт, што ў інавацыйнай групе творча працуюць педагог-псіхолаг, настаўнікі грамадазнаўства і гісторыі, замежнай мовы, фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі, пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Віктараўна Сапронава адказвае за арганізацыйна-метадычнае, вучэбна-метадычнае, інфармацыйнае забеспячэнне інавацыйнай дзейнасці, другі намеснік — Наталля Валер’еўна Якіменка — за стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі праекта і інфармацыйна-камунікацыйнай падтрымкі педагогаў.

Далей Таццяна Міхайлаўна акрэсліла асноўныя напрамкі рэалізацыі інавацыйнага праекта ў гімназіі. Гэта работа з педагагічнымі кадрамі: інструктыўна-метадычныя нарады, педагагічныя саветы, вернісажы ўрокаў, семінары, педагагічныя лабараторыі, кансультацыі, навучанне на курсах, семінарах. Асобна ідзе работа з калектывам навучэнцаў: псіхалагічная дыягностыка, дыягностыка ўзроўню навучанасці, тлумачальная работа па выкананні дамашніх заданняў, правядзенне перавернутых урокаў; з законнымі прадстаўнікамі вучняў: бацькоўскія сходы, кансультацыі, адкрытыя перавернутыя ўрокі.

“Для настаўнікаў модулямі ўкаранення праекта сталі:

матывацыйны — асэнсаванне неабходнасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе ідэй і прынцыпаў перавернутага навучання і прыняцце для сябе значнасці іх выкарыстання ва ўласнай практыцы;

тэарэтычнае пагружэнне — веданне тэорыі і метадалогіі асобасна арыентаванага, кампетэнтнаснага і дзейнаснага падыходаў, метадалогіі перавернутага навучання;

арганізацыйна-дзейсны — авалоданне методыкай рэалізацыі мадэлі перавернутага навучання; гатоўнасць да выкарыстання гэтай мадэлі ў сваёй педагагічнай практыцы;

практычны — стварэнне банка дыдактычных матэрыялаў для рэалізацыі методыкі перавернутага навучання, стварэнне вэб-старонак і сайтаў у інтэрнэце, фарміраванне ключавых кампетэнцый вучняў, павышэнне якасці іх ведаў;

рэфлексіўны — выяўленне ўмоў і механізмаў эфектыўнасці рэалізацыі перавернутага навучання на аснове рэфлексіўнага аналізу”, — уключылася ў размову Іна Віктараўна Сапронава.

* * *

За час работы ў інавацыйным праекце кожны з педагогаў гімназіі напрацаваў уласны вопыт, заснаваны на спецыфіцы свайго прадмета. І, безумоўна, у кожнага свой шлях да разумення і ўспрымання перавернутага навучання. З намі сваімі думкамі на гэты конт падзялілася настаўніца англійскай мовы Ірына Іванаўна АНІКЕЕНКА:

— У перыяд навучання вучні часта хварэюць, падарожнічаюць з бацькамі, удзельнічаюць у спаборніцтвах і, адпаведна, прапускаюць насычаную вучэбную праграму, з-за чаго зніжаецца паспяховасць і цікавасць да навучання. Таму педагогам даводзіцца распрацоўваць і ствараць умовы для ўкаранення папулярнай медыяадукацыі, асобасна арыентаванага навучання, выкарыстоўваючы такія сродкі, як відэа, электронныя адукацыйныя рэсурсы, электронныя сродкі навучання, камп’ютарныя гульні, ствараюцца воблачныя асяроддзі. Дапамагае і перавернутае навучанне.

Пераварочванне класа заключаецца ў тым, каб навучэнцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу. Пераварочваецца ўсё: роля настаўніка і вучняў на занятках. Настаўнік больш не з’яўляецца крыніцай ведаў, ён накіроўвае навучэнцаў на іх шляху да пазнання, самаразвіцця і самаўдасканалення. Канкурэнтаздольны выпускнік сёння — гэта чалавек, які здольны сам прадумаць сваю траекторыю развіцця. Самым важным пры арганізацыі такой работы з’яўляецца тое, што навучэнцы ўсведамляюць сваю адказнасць за навучанне, яны вучацца працаваць у камандзе, творча падыходзіць да вырашэння праблем.

Чаму мы праводзім падтрымліваючыя дадатковыя заняткі? Часцей за ўсё нам не хапае часу на ўроку, каб папрацаваць з кожным вучнем. На ўроку настаўнікі пераважна працуюць каля дошкі, утрымліваючы такім чынам увагу ўсяго класа — гэта значыць, пераважае франтальная форма работы з класным калектывам. А пры перавернутым навучанні ў нас з’яўляецца магчымасць наладзіць якасную зваротную сувязь і дапамагчы кожнаму.

— Але ж для гэтага трэба змяніць акцэнты?

— Так. Настаўніку не прыйдзецца больш заклікаць навучэнцаў слухаць кожнае слова. Мы прапануем дзецям працаваць самастойна, аказваючы ім неабходную падтрымку. Настаўнік больш не заклікае перапісваць матэрыял падручніка ў сшыткі, складаць канспект, запісваць кароткі змест параграфа ў сшытак, таму што мы прапануем дзейнічаць сумесна з аднакласнікамі: вучуся, навучаючы іншых. І няма пакарання за нявыкананую дамашнюю работу, а ёсць пачуццё адказнасці за тое, што на ўроку не хапае ведаў, якія навучэнцы маглі атрымаць самі, пры падрыхтоўцы да ўрока. У выніку навучанне і вучэнне становіцца асэнсаваным.

Канечне, пры такой арганізацыі пазнавальнай дзейнасці настаўніку спатрэбіцца больш часу на распрацоўку ўрока, але гэта толькі ў самым пачатку і калі ён будзе працаваць у адзіночку. Калі ж вы працуеце ў камандзе аднадумцаў, то становіцца значна лягчэй.

— Ірына Іванаўна, а вы можаце даць нейкі алгарытм дзеянняў па падрыхтоўцы і правядзенні перавернутага ўрока (для тых, хто задумаў паспрабаваць, але не ведае, з чаго пачынаць)?

— Першае, на што трэба звярнуць увагу, — перавернуты ўрок нельга правесці без неабходнай асновы, таму, перш чым арганізаваць дзейнасць вучняў, трэба прадумаць, які матэрыял вы можаце прапанаваць навучэнцам для самастойнага вывучэння. Гэта значыць, пры падрыхтоўцы і планаванні перавернутага ўрока вам прыйдзецца планаваць два ўрокі — падрыхтоўчы і непасрэдна перавернуты ўрок. На перавернутым уроку асноўны час адводзіцца практычнаму прымяненню ведаў і адпрацоўцы навыкаў навучэнцаў.

Самым складаным для настаўніка можа стаць арганізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Пры падрыхтоўцы ўрока, пры асэнсаванні мэты вучэбных заняткаў неабходна адразу прадумаць, як вы зможаце ажыццявіць кантроль засваення матэрыялу вучнямі. Немалаважнымі з’яўляюцца крытэрыі адказу, якія асабліва цяжка ўявіць навучэнцам пры вуснай рабоце, якая пераважае на ўроках англійскай мовы.

Далей ход урока, нягледзячы на прымяненне разнастайнасці метадаў і форм, будзе накіраваны на тое, каб падрыхтаваць вучняў да выхаднога кантролю, гэта значыць, стварыць такія ўмовы, пры якіх вучні не толькі змогуць засвоіць тэарэтычны матэрыял і навучыцца прымяняць яго ў знаёмых, стандартных сітуацыях, але і прыменяць для вырашэння новых і нават праблемных сітуацый.

— Самае складанае ў перавернутым навучанні — падрыхтаваць дамашняе заданне. Можа, падзеліцеся вопытам?

— Напрыклад, у мяне быў перавернуты ўрок у рамках тэмы “Грошы”. Да моманту яго правядзення ўжо быў вывучаны актыўны слоўнік, прачытаны і праслуханы вучэбныя тэксты, засвоены граматычны матэрыял. Было запланавана, што да канца ўрока навучэнцы змогуць весці дыялог па тэме “Кішэнныя грошы”.

Для дасягнення гэтай мэты настаўніку трэба вырашыць наступныя задачы: актывізаваць лексічныя адзінкі ў рамках вывучанай тэмы, паўтарыць граматычны матэрыял па тэме “Пытанні ў англійскай мове”, даць навучэнцам узор выказвання, стварыць умовы для ўдасканалення навыкаў аўдзіравання.

Напярэдадні правядзення ўрока навучэнцы былі праінфармаваны, што на наступным уроку мы будзем весці дыялогі па тэме “Кішэнныя грошы”. Ім быў прапанаваны план падрыхтоўкі да ўрока:

– паўтарыць вывучаны актыўны слоўнік;

– паўтарыць словы-звязкі для выказванняў больш высокага ўзроўню.

У якасці дамашняга задання навучэнцам было прапанавана практыкаванне, пры выкананні якога яны паўтарылі правіла пастаноўкі пытанняў у англійскай мове.

Дамашняе заданне само па сабе прадугледжвае дыферэнцыяцыю:

– акрамя актыўнага слоўніка, які прадугледжаны праграмай (падручнікам), навучэнцы маглі скарыстацца словамі, якія былі дадзены ім дадаткова на папярэдніх уроках, альбо знайсці новыя словы, якія ім могуць спатрэбіцца для складання дыялогаў;

– словы-звязкі і ўступныя выразы ў вучняў будуць рознымі, гэта залежыць ад узроўню валодання англійскай мовай;

– якасць выканання практыкавання пакажа гатоўнасць вучняў да работы на ўроку з граматычным матэрыялам. На сайце гімназіі размешчана відэа па гэтай тэме з розным узроўнем лексічнага матэрыялу. Вучні могуць глядзець іх усе, паставіць на паўзу, знайсці пераклад цікавых для іх слоў. Таксама я размяшчаю неабходную інфармацыю па тэме, якая вывучаецца, спіс слоў, выразаў, граматычныя памяткі, спасылкі на сайты з неабходным матэрыялам.

* * *

Безумоўна, кожны настаўнік, знаёмячыся з новай тэхналогіяй, задае сабе пытанне: “А ці ёсць у гэтым сэнс?” Ёсць нямала выдатных педагогаў, якія супраціўляюцца ўсяму новаму. Як заўважыла Іна Віктараўна, тэхналогіі выкарыстоўваюцца не дзеля саміх тэхналогій. “Гэта выдатны спосаб павысіць матывацыю вучняў, іх цікавасць да вучобы. Магу з упэўненасцю сказаць: паспрабаваць “перавярнуць” урок варта кожнаму.

Гэтую тэхналогію можна прымяніць на розных вучэбных прадметах. Напрыклад, на беларускай літаратуры: калі вучань не прачытаў твор дома — нецікава ўдзельнічаць у новых відах дзейнасці, дыскусіях, конкурсах, нізкія вынікі пры выкананні заданняў.

На гісторыі: калі вучань не прачытаў матэрыял дома, то ён не зможа паспяхова прайсці ўваходны кантроль у пачатку і выхадны кантроль у канцы ўрока. На хіміі: калі вучань не вывучыў матэрыял і не прайшоў паспяхова ўваходны кантроль, ён не можа быць дапушчаны да выканання доследу ці эксперымента, пакуль не адкажа на 70% пытанняў тэста. На біялогіі — калі не прагледзеў відэа ці не вывучыў матэрыял, то не зможа працаваць з малюнкамі і дыдактычным матэрыялам, мікраскопам, выканаць практычную работу.

Дзецям трэба даць штуршок, каб у іх узнікла неабходнасць самастойна рыхтавацца да заняткаў. Мы ў рамках перавернутага навучання не даём дамашняга задання, мы прапануем вучням план наступных заняткаў — ад іх залежыць іх уласны поспех і вынік. Толькі ў такім выпадку настаўнік павінен памятаць галоўнае правіла: што даў (які матэрыял прадаставіў) — тое і пытайся. Усё даў — усё пытайся!

Эфектыўным бачыцца такі тып арганізацыі навучання і пры падрыхтоўцы да ЦТ — навучэнцы самастойна вывучаюць тэорыю: раздзелы, тэмы, ключавыя паняцці — а на ўроку выкарыстоўваюць матэрыял у практыкаваннях, тэстах і іншых формах работы. Прычым першыя 10 хвілін урока можна прысвяціць абмеркаванню незразумелых момантаў (складанне спіса пытанняў можа стаць часткай дамашняга задання), тлумачэнням найбольш складаных момантаў і пытанняў, а затым — самастойная і ўзаемная работа навучэнцаў”, — падзялілася Іна Віктараўна Сапронава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.