“Нёман” — для Брэнда Грэгары са Злучаных Штатаў Амерыкі, “любопытство” — для Марыі Джаванны Рычы з Італіі, “привет” — для Ураша Русцья са Славеніі. Для ўдзельнікаў летняй школы рускай мовы для замежнікаў, якая ўпершыню пачала працаваць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, гэтыя словы сталі самымі любімымі.
Такі тэст — на самае першае слова рускай мовы, якое спадабалася, — адно з прыемных заданняў. Увогуле, заняткі ў школе арганізаваны так, што тут не толькі вывучаюць мову, але і знаёмяцца з культурай, традыцыямі і гісторыяй Беларусі.
26 удзельнікаў з 9 краін — Польшчы, Італіі, Іспаніі, Бельгіі, Славеніі, Аўстрыі, Германіі, Чэхіі і ЗША, узрост — ад 20 да 35 гадоў, інтарэсы — удасканаленне ведаў, знаёмства з нашай краінай. За гэтай амаль статыстычнай інфармацыяй стаіць вялікая праца арганізатараў — школа працуе на базе кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ.А пачалася праца, расказвае каардынатар летняй школы выкладчык рускай мовы Ірына Краскоўская, на пачатку года. На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі абмяркоўвалі новыя формы работы, і вось ідэя правядзення такой школы была падтрымана кіраўніцтвам. У сакавіку запрацаваў сайт, дзе анансавалася школа, былі прадстаўлены звесткі аб універсітэце, горадзе.
— Канечне, хваляванні былі, — гаворыць Ірына Рыгораўна. — Але калі зарэгістраваліся першыя 10 жадаючых, то зразумелі, што школа адбудзецца.
Удзельнікі займаюцца ў чатырох групах — па ўзроўні ведаў. Раніцай праходзяць чатырохгадзінныя дыдактычныя заняткі па рускай мове, пасля абеду… спевы. Менавіта так, праз спяванне, можна вывучаць мову, таму арганізаваны заняткі “Караоке па-руску”, што дазваляе палепшыць вымаўленне, паскорыць тэмп гаворкі. Заняткі ў школе праводзяць вопытныя выкладчыкі Таццяна Чаркес, Алена Білютэнка, Алена Мохань. Караоке кіруе Алена Гапонік, Настасся Сураўцава адказвае за работу валанцёраў, Святлана Семянчук — за тэхнічнае забеспячэнне. А вось Настасся Кучар — выкладчык курса “Беларуская кухня”.
Арганізатары школы ставілі задачу максімальнага паглыблення ў рускамоўнае асяроддзе, таму і пасля заняткаў вучні працягваюць зносіны з валанцёрамі — студэнтамі ГрДУ: раніцай у інтэрнаце займаюцца ёгай пад кіраўніцтвам выпускніка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дзмітрыя Леванеўскага, студэнт філалагічнага факультэта Арцём Рапецкі стаў незаменным экскурсаводам па Гродне, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Юлія Гапонік і студэнтка філалагічнага факультэта Чынар Мерэтдурдыева дапамагаюць у правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў і экскурсій. Для замежных удзельнікаў летняй школы прыгатавана вялікая культурная праграма: яны пабывалі ўжо ў Каложскай царкве, на адкрыцці чэмпіянату свету па пажарна-выратавальным спорце, які адбыўся ў Гродне, на вядомым прадпрыемстве “Контэ Спа”, у Мірскім і Нясвіжскім замку.
Арганізаваны заняткі факультатыўнага курса “Беларуская кухня”. Вялікую цікавасць выклікалі заняткі па беларускай выцінанцы і вырабе цацак, якія правяла народны ўмелец Галіна Жамчужнікава. А на памяць застануцца льняныя бранзалеты, якія былі зроблены на першых занятках летняй школы як сімвал яднання яе ўдзельнікаў.
На развітанне пасля трохтыднёвага навучання будзе арганізаваны святочны канцэрт, дзе вучні прадэманструюць свае ўменнні. А ўжо сёння бельгіец Жэрон ван дэ Вурд гаворыць: “Я люблю цябе, Беларусь!”, а яго зямлячка Анаіс Лаура Дзехандсчутэр дадае: “Я яшчэ, напэўна, прыеду ў Гродна”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.