Алег ЛЕБЕДЗЕЎ: “Самы галоўны мой сакрэт – гэта любоў да музыкі, да народнай песні…”

- 12:53"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння мы адкрываем новую рубрыку “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” – сумесны праект нашай газеты і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. За амаль 15 гадоў свайго існавання “АРТ-вакацыі” ўжо адбыліся як самы маштабны мастацкі івэнт у навучэнскім і студэнцкім асяроддзі. Сёння гэта ўжо культурны брэнд не толькі заснавальнікаў — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і НЦМТДіМ, але і ўсёй краіны. Моладзі вельмі даспадобы слова “магчымасць”, і гэтай магчымасцю выявіць сябе мастацкімі сродкамі ў рамках “АРТ-вакацый” яны актыўна карыстаюцца. Фестываль сёння можа пахваліцца сваімі доўгажыхарамі-героямі — як удзельнікамі з ліку моладзі, так і кіраўнікамі творчых калектываў, якія з году ў год паказваюць якасныя вынікі.
А ўнутры фестывалю ёсць свая ратацыя: адзін год ён ахоплівае навучэнскую моладзь са сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а на наступны — студэнтаў з устаноў вышэйшай адукацыі. Сёлета “АРТ-вакацыі” былі прафтэхаўскімі. І самой сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў 2015 годзе споўнілася роўна 75 гадоў. А таму мы і вырашылі адкрыць нашу рубрыку “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў” менавіта з устаноў ПТА і ССА, дакладней, з кіраўнікоў творчых калектываў, якія там працуюць і якія дасягнулі высокіх вынікаў у сваёй творчай дзейнасці, у тым ліку ў рамках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.
Наша рубрыка будзе разнастайнай у жанравым плане. Гэта будуць і творчыя партрэты, і па-журналісцку “адасобленыя” эсэ, і непасрэдныя гутаркі пра рэчы надзённыя, жывыя і вечныя, але ў аснове ўсіх матэрыялаў, мы спадзяёмся, будзе абагульненне творчага педагагічнага вопыту прафесіяналаў, які прыдасца іх маладзейшым і менш вопытным калегам.
У геаграфічным плане на працягу бліжэйшых двух гадоў мы збіраемся ахапіць выдатных творчых асоб з устаноў ПТА і ССА з усіх рэгіёнаў нашай краіны — ад Пінска да Паставаў. І ўстановы гэтыя будуць вельмі розныя — ад будаўнічага да меліярацыйнага профілю…
А распачаць нашу рубрыку з Алега Іванавіча Лебедзева, кіраўніка народнага хору “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, мы вырашылі невыпадкова. Ён, без перабольшання, легенда. Легенда і ў сваім калектыве, які сам заснаваў і якім кіруе ўжо 35 гадоў, і ў гісторыі “АРТ-вакацый”: на працягу апошніх пяці “АРТ-вакацый” “Крынічанька” станавілася ўладальнікам дыпломаў пераможцы фестывалю, заваёўвала гран-пры. А нядаўна, на сёлетні Дзень настаўніка, Алег Іванавіч быў удастоены ганаровага звання “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Такім чынам, знаёмімся: Алег Іванавіч Лебедзеў і яго “Крынічанька”…

— Я нарадзіўся ў 1952 годзе ў Паўночнай Асеціі, недалёка ад горада Маздока, у станіцы Чарнаярскай. Там мая сям’я пражыла да 1958 года, калі пераехала ў горад Новакубанск паблізу горада Армавіра. Месца цікавае. Горад быў закладзены нямецкім баронам Штэнгелем — імператрыца Кацярына падарыла яму кубанскія землі… Там была нармальная работа для бацькоў. Бацька, 1901 года нараджэння, данскі казак, ганяў махноўцаў у Кіеве, але не пайшоў у чырвоныя камандзіры (быў вялікім вернікам), у гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў і быў цяжка паранены пад Растовам. А мая мама — чыстая асецінка. Такім чынам, цяпер вы ведаеце, хто я: па бацьку — данскі казак, па маці — асецін.
З кубанскай школы, куды я пайшоў вучыцца ў 1961 годзе, ніколі не забуду сваю першую настаўніцу — Варвару Уладзіміраўну Говараву, кавалера ордэна Леніна. Варвара Уладзіміраўна знайшла сабе добрую замену падчас майго пераходу з 3 у 4 клас — Марыю Апанасаўну Папазаву, якая потым была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга… Бачыце: дзве мае першыя настаўніцы былі так ушанаваны.
Я ўвогуле вельмі ўдзячны ў сваім жыцці менавіта жанчынам. Мая мама была вельмі музычным чалавекам, іграла на асецінскім гармоніку (у асецінаў звычайна жанчыны толькі і іграюць на музычных інструментах; у мужчын іншыя абавязкі). Яна мне расказвала, што і мая прабабуля была вельмі добрым музыкантам. Вяла ўсе вяселлі ў рэгіёне. Але калі бачыла, што нявесту выкрадалі не так, як трэба, адразу адмаўлялася. Карацей, музычнасць у мяне хутчэй ад маці. Хаця бацька таксама заўсёды напяваў сабе свае казацкія песні. Зробіць якому суседу тапчан, а ён яму: “Ну, дык як жа з табой разлічвацца? Ты ж яшчэ і спяваў увесь час!”

— Калі я вучыўся недзе ў 4 класе, старэйшы брат прыехаў неяк у водпуск і іграў бясконца на гармоніку. Пакуль ён быў у водпуску, я навучыўся іграць усё, што ён іграў. Мама прасіла перад яго ад’ездам: “Пакінь гармонік, ты ж бачыш, як ён іграе…” Ён адказаў: “Я не магу. Гэта не мой”. Праўда, праз месяц даслаў пасылку з тым гармонікам (адкупіў яго ў свайго сябра). І вось гэта быў мой першы інструмент.

ПРА ЎСТАНОВУ

Пінскаму дзяржаўнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу лёгкай прамысловасці сёлета спаўняецца 45 гадоў. А гісторыя гэтай установы адукацыі пачынаецца з кастрычніка 1970 года, калі было створана Пінскае тэхнічнае вучылішча № 108 па падрыхтоўцы рабочых кадраў для Пінскага камбіната верхняга трыкатажу. У першыя гады вучылішча рыхтавала кваліфікаваных рабочых па спецыяльнасцях: круцільшчыца, матальшчыца-трасцільшчыца, прадзільшчыца, вязальшчыца, кацельшчыца, швачка-матарыстка. З верасня 1997 года вучылішча атрымала статус Вышэйшага прафесійнага вучылішча лёгкай прамысловасці. У 2002 годзе пераўтворана ў каледж, а з 2003 года афіцыйна называецца Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам лёгкай прамысловасці. З гэтага моманту арганізавана двухузроўневая падрыхтоўка спецыялістаў: на першым узроўні — кваліфікаваных рабочых, на другім — спецыялістаў сярэдняга звяна, тэхнікаў-тэхнолагаў швачнай вытворчасці.
Навучанне на ўзроўні ПТА ажыццяўляецца па 12 кваліфікацыях: аператар ЭВМ; швачка; кравец; раскройшчык матэрыялаў; кантралёр матэрыялаў, вырабаў і лякал; дэманстратар адзення; вязальшчыца; прадзільшчык; цырульнік; сакратар; агент страхавы; слесар-рамонтнік. На ўзроўні ССА — па дзвюх спецыяльнасцях: “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў” і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.
Каледж ганарыцца многімі сваімі таленавітымі навучэнцамі: Аляксандрам Рыжовым (1 месца ў ХІ Міжнародным адкрытым конкурсе па вэб-дызайне і камп’ютарнай графіцы ў 2014 годзе), Таццянай Шахновіч (у кастрычніку 2015 года прызнана лепшым маладым цырульнікам Пінска), Юліяй Меляшкевіч і Марыяй Станчук (паказалі добрыя вынікі на “Млыне моды”) і інш. А галоўны гонар Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці — гэта, безумоўна, народны хор “Крынічанька”.

А праз год мама бачыць: з сына будзе толк. Гармоніка мне ўжо было замала. Патрэбен быў баян. Новы баян каштаваў 120 рублёў, а пенсія ў бацькі была 48 рублёў. Дзякуй богу, сусед падказаў узяць уцэнены баян за 60 рублёў, ён сам яго і настроіў… Так я пачаў іграць па нотах на сур’ёзным дарослым інструменце. Пры паступленні ў музычную школу сыграў вельмі складаны твор — загадчык аддзялення Тамара Аляксееўна Бойчанка адразу забрала мяне да сябе.

— А ў мяне ж на самай справе не было жыццёвых планаў, звязаных з музыкай! З сябрам з класа мы хацелі стаць геолагаразведчыкамі. Планавалі паступіць пасля 8 класа ў геолагаразведачны тэхнікум… Я кажу Тамары Аляксееўне на другім годзе вучобы ў музычнай школе (а я ўжо дастаткова складаную праграму іграў у яе на той час), маўляў, так і так, хачу быць геолагам, ужо і пісьмо атрымаў з геолагаразведачнага тэхнікума. Яна, як пачула, адразу мяне асекла: “Не! Ніякіх геолагаразведчыкаў! Ты за 2 гады экстэрнам закончыш музычную школу і паступіш у музычнае вучылішча”.
Так яно і адбылося. У 10 класе я перавёўся ў вячэрнюю школу, паралельна пачаў працаваць у клубе баяністам. Зарабіў сам грошы на новы інструмент, паехаў паступаць у Чаркеск у музычнае вучылішча. Конкурс быў 10 чалавек на месца. Але я паступіў. Дзякуй за гэта Тамары Аляксееўне! Дарэчы, яна і сёння працуе ў Краснадары ў лепшай тамтэйшай музычнай школе імя Рыгора Панамарэнкі. Ёй зараз 70 гадоў. Яна заслужаны настаўнік Кубані. Яе вучні — лепшыя баяністы Паўночнага Каўказа. А мы з сябрам Валерам Гусевым былі некалі першымі яе вучнямі. Яна настолькі нас апекавала. Мы начавалі ў той музычнай школе. Было і такое: мы іграем 5—6 гадзін запар, цягаем гэты баян, яна заходзіць: “Так! Устаём! Трэба ж і паесці нарэшце!” І сама з намі пойдзе ў сталоўку, сама накорміць… Я сапраўды не магу яе назваць проста настаўніцай, хаця яна і падрыхтавала мяне да паступлення ў вучылішча. Гэта — мама…
— Калі вучыўся ў вучылішчы, мяне прызвалі ў войска — у ваенна-марскі флот. Ну, флот дык флот… Вязуць нас некуды, вязуць… Думалі спачатку: напэўна, на Чорнае мора. Не, Кіеў праехалі. Ну, значыць на Балтыку… Пасадзілі на ленінградскі поезд. Крыху праехалі, каманда: “Выходзіць!” А куды выходзіць? Тут жа мора няма нідзе! Беларускі горад Пінск. А ў Пінску — мы яшчэ не ведалі — базіраваўся 1-ы чырванасцяжны ордэна Ушакова І ступені вучэбны атрад ваенна-марскога флоту. Адзін з лепшых у СССР. І вось я сюды трапіў.
На другі дзень спыталі ўсіх: “Хто з вас тут музыканты, мастакі?” Далі мне баян. Без рамянёў, без нічога, на рамонт не паспелі адаслаць: “На, сыграй”. Ну, я і сыграў… “Наш чалавек, — такі быў вердыкт. — Хочаш служыць у аркестры?” — “А як жа? Безумоўна, хачу!” Вось так 3 гады я і праслужыў у аркестры воінскай часці ў Пінску, абслугоўвалі ўвесь горад… А ўжо калі набліжаўся дэмбель, сустрэў дзяўчыну пінскую. Ажаніліся тут, у Пінску. Вярнуўся ў Чаркеск, закончыў першы курс вучылішча на стацыянары. Затым перавёўся на завочнае аддзяленне ў Брэсцкае музычнае вучылішча.
У 1974 годзе прыйшоў на работу ў Пінскі гарадскі дом культуры — баяністам у Палескі народны хор. Прапрацаваў там 3 гады.

ПРА КАЛЕГУ

Эрыка Эрнэстаўна Кулеш, намеснік дырэктара Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці па вучэбна-выхаваўчай рабоце: “Я думаю, Алег Іванавіч вельмі таленавіты чалавек, педагог ад Бога. Ва ўсім, што ён робіць, як сябе паводзіць, адчуваецца гэтакая моцная-моцная педагагічная рука, і не дзіва, што да яго так цягнуцца дзеці. Іх не трэба прымушаць дзесьці выступіць, кудысьці паехаць. Яны самі заўсёды гэтага хочуць. А дзеці ж розныя, безумоўна. І вось гэта неверагодны талент Алега Іванавіча — знайсці падыход да кожнага, а ўсіх разам зацікавіць народнай песняй, харавымі спевамі”.
Ларыса Вітальеўна Мельнік, намеснік дырэктара Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці па вучэбна-вытворчай рабоце: “Наогул, я хачу сказаць, што хор “Крынічанька” — гэта наша зорка, наша візітная картка. Калі гавораць пра нашу ўстанову ў Брэсце ці Мінску, заўсёды ўзгадваюць перш за ўсё “Крынічаньку”. А Алег Іванавіч — наша сапраўдная гордасць. Думаю, некаторым педагогам яшчэ трэба павучыцца ў яго таму, як трэба размаўляць з дзецьмі. Прыйдзе часам на які-небудзь урок: “А дзе мае прыгажунькі, дзе мае дзяўчынкі? А дзе мае прыгажуны, дзе мае салаўі звонкагалосыя? А вось вы дзе! Не забылі пра сённяшнюю рэпетыцыю?” — вось гэта ўзровень яго кантактавання з дзецьмі. А гэта ж, насамрэч, вельмі нялёгка — зацікавіць сённяшніх дзяцей харавымі спевамі. А ён можа! І робіць гэта з нейкай неверагоднай лёгкасцю! Вось яшчэ 1 верасня дзяўчынка, якая нават ніколі ў школе раней не спявала, паступіла ў каледж і прыйшла да Алега Іванавіча ў хор… А ўжо 1 кастрычніка яна выступае на сцэне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з нагоды 75-годдзя сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі!”
Э.К.: “Моцная мужчынская рука? Гм… Ну, можа, яна і моцная. Дый, напэўна, моцная яна ў Алега Іванавіча! Але найперш гэта высакародная мужчынская рука. Тая, якая возьме дзіця і павядзе за сабой так, каб яно ішло за ім крок у крок”.
Л.М.: “Ён умее зазірнуць у самую глыбіню дзіцячай, юнацкай душы… І ён ведае, што ў гэтай глыбіні схавана самае прыгожае, самае тонкае ў чалавеку”.
Э.К.: “Акрамя ўсяго іншага, Алег Іванавіч — выдатны арганізатар. У гэтым сэнсе ён нават педант. Любую паездку, любое мерапрыемства рыхтуе вельмі старанна. Для яго проста не існуе ў гэтым сэнсе дробязей: аптэчка, харчаванне, начлег…”
Л.М.: “А яшчэ ён вельмі актыўны і адкрыты чалавек”.
Э.К.: “Алег Іванавіч вельмі шчыльна кантактуе з ветэранамі. Можна сказаць, якраз ён і захоўвае тут, у каледжы, пераемнасць паміж пакаленнямі…”
Л.М.: “Ёсць у іх хоры адна цудоўная традыцыя, якую яны захоўваюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Штогод у канцы мая ці ў пачатку чэрвеня яны ўсім калектывам выязджаюць на возера (часцей за ўсё на наша тутэйшае возера Пагост) і праводзяць там адмысловы Дзень здароўя. Яны не спяваюць там. І публікі там у іх ніякай няма. Але ёсць іншая культурная праграма, якую дзеці разам з Алегам Іванавічам старанна прадумваюць загадзя. Штогод яна мяняецца, але нязменнымі застаюцца шашлык і макарона па-флоцку, якія гатуе сам Алег Іванавіч. Дзеці заўсёды чакаюць гэтага свята”.
Э.К.: “Самае першае, пра што пытаюцца выпускнікі на вечарах выпускнікоў: “А Лебедзеў яшчэ працуе?” Пачуюць, што працуе, і адразу такімі спакойнымі і шчаслівымі становяцца: значыць, працэс ідзе, значыць, усё нармальна…”

А ў 1978 годзе я прыйшоў сюды, у каледж (тады яшчэ вучылішча № 108), і ўзначаліў хор. У тым жа годзе мы занялі 1-е месца на абласным аглядзе самадзейнасці сярод прафтэхвучылішч. З таго часу, дарэчы, за 37 гадоў мы ні разу не ўступілі 1-е месца на гэтым аглядзе. А ў 1986 годзе нашаму калектыву было прысвоена ганаровае званне “Народны самадзейны калектыў”. Пачынаючы з 2007 года пяць разоў станавіліся пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”…

— Ці цяжка было ствараць хор тады, у канцы 70-х? А вельмі нават лёгка. І найперш дзякуючы Уладзіміру Мінавічу Галкіну, тагачаснаму дырэктару нашага каледжа. Ён, здаецца, сэнс свайго жыцця бачыў у самадзейнасці. Сам вельмі любіў спяваць. Заўсёды вясёлы быў… Памятаю такі момант: мы выступалі неяк у Мінску, і ён там быў. Прыехаў на службовай “Волзе”. А пасля канцэрта вадзіцелю свайму кажа: “Едзь адзін… Я з дзяўчатамі ў аўтобусе назад паеду!” І ўсю дарогу з песнямі… Разам з намі… Гэта настолькі добры быў чалавек! Яго да гэтага часу з такой цеплынёй усе ўспамінаюць.

— Першыя часы цяжкавата было з касцюмамі. Там і рускія касцюмы былі, і ўкраінскія… У што можна было, у тое і апраналі. Але і тут выручыў нас Уладзімір Мінавіч. Выбіў на нашым камбінаце паўтоны пражы, а ўжо ў Мінску з яе зрабілі для нас шыкоўныя касцюмы — тады ні ў каго такіх не было… Праз 24 гады мы зрабілі новыя касцюмы, але практычна паўтарылі тыя, 24-гадовай даўнасці. Проста выдатныя мадэльеры тады працавалі над імі — вучаніцы знакамітага Раманюка, фаната сваёй касцюмнай справы. — Як прыдумалася назва “Крынічанька”? Калі паўстаў момант назвы, была, напэўна, сотня самых розных варыянтаў. Не памятаю нават, хто прапанаваў “Крынічаньку”, — гэта была калектыўная творчасць… Але неяк выплыла гэтая назва — і ўсім вельмі спадабалася. Памятаю, як павесілі на аўтобус першую шыльду — хор “Крынічанька”. І ўжо ніколі не блукалі на канцэртах паміж аўтобусамі…
А ці быў у мяне перыяд культурнай адаптацыі да Беларусі першыя часы майго знаходжання тут? Ды не сказаў бы… Не было такога тут, у Пінску, каб я чуў толькі беларускую мову, тым больш калі служыў у войску. Вось ва Украіне, у Сарнах, памятаю, надзвычай уразіўся, што маладыя хлопцы, мае равеснікі, размаўлялі выключна на ўкраінскай. А тут такога не было. Быў нават адзін крыху смешны выпадак у 70-х. Тады “Песняры” ў моду ўваходзілі. І мы ў нашым вайсковым аркестры на слых здымалі словы іх песень… Ну, і аднойчы на гарадскіх танцах пачалі спяваць: “Залучніцы…” Дзяўчаты мясцовыя рагочуць аж да нематы. “Што такое?” — у іх пытаемся. А яны: “Ды не залучніцы, а завушніцы! “Серёжки” па-беларуску!” І ўсё стала на свае месцы.
Ужо потым, калі прыйшоў на хор у вучылішча, я сур’ёзна ўзяўся за вывучэнне беларускай мовы. Дарэчы, тут вельмі прыдаліся паездкі ў вёску Каўбы, на радзіму жонкі. Там я пачуў сапраўдную жывую мову.

— Калі ўжо успомніў пра Каўбы, то нагадаю, што ў гэтай вёсцы, а таксама ў суседнім Лапаціне ў свой час служыў Аляксандр Блок. Калі ён пісаў лісты дачцэ Мендзялеева, то намаляваў тамтэйшую каплічку. Калі ў 60-х, у гады актыўнага наступу атэізму, хацелі знесці гэтую каплічку ў Каўбах, мясцовыя жыхары ўсяляк супраціўляліся… Адзін раз ужо ледзь не знеслі. Прыгналі трактар, зачапілі тросам. Старшыня калгаса трактарысту кажа: “Давай!” А той: “Ну, пачакайце. Я ж не еў яшчэ!” Мясцовыя тады хуценька скумекалі: “Хадзем, хадзем абедаць”. І так напаілі яго самагонам, што той у трактар не мог залезці… Так тая каплічка і захавалася. Пазней ЮНЕСКА ўнесла яе ў свой Спіс сусветнай спадчыны.

ПРА БАЦЬКУ

Уладзімір Лебедзеў, сын Алега Іванавіча, кіраўнік народнай студыі эстраднай песні каледжа: “Наш бацька для мяне з братам — заўсёдны арыенцір па жыцці. Ён пастаянна нам паказвае, куды трэба ісці. І гэты шлях нам уяўляецца самым надзейным, самым правільным”.

Я чаму так падрабязна пра ўсё гэта гавару? Таму што, акрамя ўсяго іншага, са старэйшым сынам Валодзем мы займаемся вытворчасцю вучэбных відэафільмаў. І адзін з першых знятых намі фільмаў якраз і быў прысвечаны Каўбам і Аляксандру Блоку.
Здымалі яшчэ фільм пра архітэктуру Піншчыны — 9 месяцаў працавалі. Здаецца, няма той пінскай вулачкі, якую б мы не абышлі і не вывучылі! Гэты фільм складаецца з 10 частак, доўжыцца амаль 2 гадзіны.
Таксама на розныя тэхналагічныя тэмы ў нас ёсць некалькі стужак.

— У мяне ёсць два сыны: старэйшы Уладзімір Алегавіч і малодшы Віктар Алегавіч. Абодва закончылі Пінскую музычную школу па класе баяна, як бацька. Валодзя потым скончыў Пінскае вучылішча мастацтваў, а Віктар — Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. У 1999 годзе я перадаў Валодзю другі калектыў, які я тут стварыў, — народную эстрадную студыю. Віктар працуе майстрам вытворчага навучання ў ліцэі аўтамабільнага транспарту і мэблевай вытворчасці, сёлета заняў 1-е месца на Абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Абодва — і Валодзя, і Віктар — спяваюць.
Падрастаюць унукі. Марына і Насця — Валодзевы, Андрэй і Вераніка — Віктаравы. Думаю, жыццё маё ўдалося ў асабістым плане. І самае галоўнае — сваіх дзяцей я прыцягнуў да музыкі. Што да ўнукаў, то хай ужо бацькі тут думаюць.

— Вы пытаецеся ў мяне пра сакрэты поспеху нашага харавога калектыву? Ну, якія тут могуць быць сакрэты? Самы галоўны мой сакрэт — гэта любоў да музыкі, да народнай песні… На мяне асабіста вельмі паўплывала работа ў Палескім народным хоры пры гарадскім Доме культуры. Там я пачуў палескія песні, якіх ніколі да гэтага не чуў і якімі адразу захапіўся. Там я зразумеў, што гэта такое.
Што да дзяцей, то, безумоўна, раней было значна лягчэй з імі займацца харавымі спевамі. Дзяўчаты прыходзілі да мяне: нехта спяваў у школьным ансамблі, нехта — у вясковым фальклорным калектыве… У мяне нават былі “свае” вёскі, напрыклад, у Столінскім раёне, адкуль штогод прыходзілі падрыхтаваныя ў вакальным плане дзяўчынкі. Прыходзілі галасістыя дзяўчынкі нават з Украіны — з Сарненскага, Ровенскага, Адэскага раёнаў. З многімі з іх да гэтага часу перапісваемся ў інтэрнэце…
Сёння пра ўсё гэта застаецца толькі марыць. Прыходзяць дзяўчаткі — ніколі наогул не спявалі. Не тое што ведаюць народныя песні… Што я раблю? Я пераспрабаваў розныя прыёмы работы. Паступова прыйшоў да наступнай методыкі. Кожны год я праслухоўваю ўвесь першы курс. Гэта такое, як я яго называю, творчае тэсціраванне. Прасцей кажучы, я проста гавару з першакурснікамі. Распытваю ў іх літаральна пра ўсё — адкуль прыехаў, чым займаўся, якім відам спорту захапляецца і г.д. Аднойчы адна “спецыялістка”, якая прысутнічала на такім маім тэсціраванні, нават здзіўлена запыталася ў мяне: “А чаго вы так падрабязна ў іх усё распытваеце? Прычым тут гэта ўсё да спеваў?” Дык я тады мусіў ёй адказаць: “Разумееце, вы не спецыяліст-вакаліст. А я, ужо калі яна пачынае гаварыць, чую, як у яе працуюць рэзанатары, назіраю, як яна дыхае, ці правільна яна бярэ дыханне, ці не задыхаецца… І перад тым, як прыступіць уласна да спеваў, я ўжо практычна ўсё пра яе ведаю”.

ПРА СВАЙГО ЛЮБІМАГА ПЕДАГОГА

Дзмітрый Пасавец, выпускнік Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, майстар вытворчага навучання ў каледжы, удзельнік мужчынскай групы хору “Крынічанька”: “Для мяне “Крынічанька” больш чым проста хор. Тут я знайшоў сваю другую палавіну — мы разам з ёй спявалі. А нядаўна ў нас нарадзілася дзіця… Сёння я па-ранейшаму спяваю ў хоры. І ў Алега Іванавіча мне па-ранейшаму ёсць чаму павучыцца — і як у чалавека, і як у педагога. Гледзячы на яго, разумееш, да чаго можна імкнуцца”.
Сямён Пашкевіч, чацвёртакурснік каледжа: “Пра хор “Крынічанька” я ведаў яшчэ да таго, як паступаў у каледж. Вельмі хацеў у ім спяваць. І быў неверагодна рады, калі ўліўся ў склад калектыву. Алегам Іванавічам ганаруся па-сапраўднаму. Нас жа так многа, а ён адзін… Дзіўлюся яго цярпенню! Хачу выказаць яму ўдзячнасць за тое, што навучыў любіць спевы. Адчуваю, што гэта — ужо на ўсё жыццё…”
Вера Ганага, навучэнка каледжа, удзельніца хору “Крынічанька”, дачка жанчыны, якая 20 гадоў назад сама спявала ў хоры: “Мне мама многа расказвала пра “Крынічаньку”. Старэйшая сястра таксама тут спявала і расказвала, як гэта класна. І мне адразу тут усё вельмі спадабалася!”
Марыя Станчук, трэцякурсніца: “Я нават не ведаю, што мне больш падабаецца — мадэляваць адзенне ці спяваць у хоры… Памятаю, калі было праслухоўванне, я моцна хварэла. Страшэнна перажывала з-за таго, што тады не трапіла ў хор. Але потым набралася нахабства і прыйшла да Алега Іванавіча: “Вазьміце мяне ў хор!” І ён узяў! І я спадзяюся, што не пашкадаваў. Мы атрымліваем тут развіццё. Усе мы разам з Алегам Іванавічам вельмі класныя!”

Потым я кажу першакурсніцы: “Ну, а цяпер давай праспяваем што-небудзь… Тры радочкі з мульціка…” Яна праспявала. “Дзякуй, я цябе пачуў”. Стаўлю сабе паметкі. Тых дзяцей, у каго я штосьці пачуў, зноў запрашаю да сябе — на другое праслухоўванне. Цяпер тэсціраванне ўжо доўжыцца больш часу. Я прашу іх праспяваць ужо больш складаныя рэчы. Гляджу на тое, як яны ўлоўліваюць мелодыю, тэкст. Калі мяне ўсё задавальняе, я тады бяру чалавека ў хор. Але, зноў жа, як бяру? Я ім гэтага не кажу. Гавару так: “Вы будзеце кандыдатамі ў народны хор. Вы месяц будзеце хадзіць да мяне на рэпетыцыі. За гэты месяц я вам растлумачу, што такое народныя спевы, як правільна трэба пры спевах дыхаць. Я дам вам тэорыю. А яшчэ, канечне, мы з вамі паспрабуем спяваць. Прыйдзе асноўны склад хору — вы з імі станеце побач і паспяваеце. Мы паглядзім і праслухаем нашы відэазапісы. Вы ўбачыце нашы фотаздымкі, нашы ўзнагароды. Карацей, за месяц вы зразумееце, што такое народны хор “Крынічанька”, што гэта за людзі, што за мужык кіруе гэтым калектывам. А з іншага боку, і я на вас таксама пагляджу: як вы сябе паводзіце, як вы кантактуеце адно з адным”.
А праз месяц я ім кажу: “Калі ласка, хто не хоча спяваць у хоры, падымайцеся і ідзіце”. Як правіла, знаходзяцца адзін-два такія… Але ў асноўным яны застаюцца.

— Безумоўна, спецыфіка хору навучальнай установы адчуваецца. Толькі-толькі зробіш, адшліфуеш праграму з трэцякурснікамі, а яны ўжо мусяць сыходзіць. І тады бярэшся за работу па новым крузе… Але неяк я сам для сябе вывеў формулу: “Галоўнае, каб не горш было. Каб не скочвацца. А падцягваць і падцягваць дзяцей да таго ўзроўню, які ў нас ёсць. Каб калектыву не сорамна было выступаць”.

— З пэўнага моманту мы шмат працуем з аркестравымі фанаграмамі. Дзецям яны вельмі падабаюцца. І я лічу, што вялікага граху няма, калі народная песня суправаджаецца ў тым ліку нават і эстраднымі барабанамі. Для моладзі гэта новае гучанне, і ў той жа час увесь акампанемент вытрыманы строга ў народным стылі. Дзеці ў такім разе і да народнай песні цягнуцца, а з іншага боку — іх вабяць сучасныя рытмы.
— Калі раней, у 80-я гады, мы спявалі і аўтарскія песні, то сёння мы прыйшлі да таго, што спяваем толькі народнае.

КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА

Метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Грышукевіч: “На сённяшні дзень, калі разглядаць работу кіраўнікоў фальклорных калектываў, якія існуюць у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, можна смела гаварыць аб тым, што цікавасць да нашых вытокаў, да беларускай народнай песні праяўляецца ў новай якасці. З аднаго боку, застаецца актуальным традыцыйны кірунак пераймання аўтэнтычнага фальклору, і тут асабліва актыўна працуюць калектывы ў рэгіёнах з іх моцнай прывязкай да мясцовага фальклорнага матэрыялу. Народны хор “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці ў гэтым сэнсе яскравы прыклад. З другога боку, многія калектывы ідуць па шляху стылізацыі і адаптацыі фальклору сучаснымі музычнымі сродкамі. Але і ў адным, і ў другім выпадках відавочны клопат кіраўнікоў творчых калектываў пра адно — перадачу адвечных духоўных каштоўнасцей нашага народа сённяшняму маладому пакаленню”.

— Такі вось успамін з маладосці. Неяк сяджу ў бабулі ў вёсцы Каўбы і напяваю сабе ціхенька: “Ой, при лужку, при лужку…” Бабуля пачула дый кажа: “Ой, Алежка, як ты дзіўна спяваеш нашу каўбаўскую пісню!” Я вочы вылупіў: “Бабуля, штосьці я не зразумеў! Гэта ж песня данскіх казакоў!” А яна ўсё роўна за сваё: “Гэта наша каўбаўская пісня, я яе з дзяцінства спяваю. А ты так дзіўна па-руску яе спяваеш”. І тады я аб усім здагадаўся! “Бабуля, — пытаюся ў яе, — а ў вас у 1914 годзе казакі тут былі?” Яна адказвае: “О, у Лапаціне паўгода стаяла сотня!” Я тады: “Цяпер зразумела, адкуль ты гэтую песню ведаеш…”

— Перад тым як развучваць нейкую новую песню, я заўсёды расказваю дзецям яе перадгісторыю, знаёмлю з тым ці іншым абрадам. Такім чынам адбываецца выхаванне. І, ведаеце, самае цяжкае — гэта выбраць песню… Але калі дзеці ўпяюцца ў гэтую песню, ім настолькі гэта пачынае падабацца. Яны пачынаюць разумець прыгажосць гэтай песні, спяваюць яе не толькі тут, у хоры, але і дома, наогул усюды. Памятаю, дзяўчаты прыйшлі аднойчы да мяне — і хваляцца: “Алег Іванавіч, а мы былі на вяселлі. Дык як заспявалі там песню — усе проста ахнулі! Усе цёткі, бабкі не сунімаліся: “Дзяўчаткі, як жа добра вы спяваеце!” І нам так было прыемна. Дзякуй вам, Алег Іванавіч!”

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Пінск — Мінск.
Фота аўтара і з асабістага архіва Алега Лебедзева.