Сёння ва ўстановах адукацыі, у тым ліку дашкольных, вялікая ўвага ўдзяляецца бяспецы. Насамрэч, вельмі важна, каб дзеці амаль з пялёнак ведалі асновы бяспекі і вучыліся правільна паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях. Тым больш што малыя з задавальненнем успрымаюць інфармацыю і вучацца.
Гэта можна было назіраць на мерапрыемстве “Азбука бяспекі”, якое сумесна арганізавалі гомельскі санаторны яслі-сад № 165 і Гомельскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях. Інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі МНС Юлія Скварчэўская пазнаёміла выхаванцаў з правіламі паводзін у надзвычайных сітуацыях, расказала пра пажарны апавяшчальнік — для чаго ён служыць і як працуе ў выпадку ўзгарання. Ішла гаворка і аб службе падраздзяленняў МНС, аб прафілактыцы пажараў, небяспецы выкарыстання піратэхнічных сродкаў, паводзінах на вадаёмах у зімовы перыяд, небяспецы пераахаладжэння арганізма на марозе і ў халоднай вадзе, а таксама аб правільнай эксплуатацыі электрычных прыбораў. Атрыманыя падчас сустрэчы з інспектарам веды дзеці замацоўвалі ў працэсе гульнявых дзеянняў: яны самі спрабавалі знайсці выйсце з розных небяспечных сітуацый. Пасля выхаванцы і педагогі ясляў-сада прадэманстравалі свайму госцю выставу малюнкаў, падрыхтаваную спецыяльна да мерапрыемства. А Юлія Скварчэўская, у сваю чаргу, падарыла ўстанове наглядны матэрыял па бяспецы, брашуры, павучальныя буклеты і размалёўкі, дыск з цікавымі і павучальнымі гісторыямі “Казачныя гісторыі пра бяспеку”.
— Толькі сумеснымі намаганнямі дарослых можна перадаць дзецям мудрасць, вопыт, веды жыцця, навучыць шанаваць кожнае імгненне, клапаціцца пра блізкіх, — лічыць загадчык санаторнага ясляў-сада № 165 Гомеля Алена Жыгулька. — Пасля нашага мерапрыемства ў кожнага дзіцяці, без сумнення, штосьці засталося ў памяці. Самае ж галоўнае, што яны цяпер ведаюць: заўсёды можна знайсці разумнае выйсце з небяспечных сітуацый, а побач абавязкова знойдуцца людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу.
Наталля ЛУТЧАНКА.