“Жыцень” — важкі аргумент на карысць арганічнага земляробства

- 11:01Навука і інавацыі

Ва ўсім свеце зараз адзначаецца тэндэнцыя да экалагічна бяспечнага земляробства. Аграрыі ўсё часцей адмаўляюцца ад выкарыстання хіміі, аддаючы перавагу біяпрэпаратам, аб’ём продажаў якіх няўхільна расце. Напрыклад, у Кітаі гадавое спажыванне складае 145 тысяч тон (гэта мільёны га апрацаваных глеб). Шэраг краін, напрыклад, Бразілія, увогуле збіраюцца адмовіцца ад прымянення хімікатаў і перайсці на экалагічна бяспечнае земляробства. У Беларусі, дзякуючы плённай рабоце вучоных-генетыкаў, таксама ёсць перадумовы для скарачэння выкарыстання хімічных прэпаратаў у сельскай гаспадарцы і пераходу на больш экалагічныя біяпрэпараты.

Напрыклад, нядаўна супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі пры кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ стварылі комплексны мікробны прэпарат “Жыцень”, які павышае якасць глебы і рыхтуе яе да пасеваў. Гэта ўжо шосты па ліку прэпарат, распрацаваны ў згаданай лабараторыі і ўкаранёны ў вытворчасць. Раней з’явіліся “Аўрын”, “Стымул”, “Немацыд”, “Бактаген” і “Гулівер”. Нават па назвах можна зразумець іх прызначэнне — гэта стымуляцыя росту раслін, абарона ад патагенных арганізмаў і такога шкодніка, як нематода, паскарэнне тэмпаў гніення ржышча і саломы.Сумарны аб’ём продажу названых прэпаратаў перавышае 3,5 тоны ў год. Калі ўлічыць, што для апрацоўкі глебы патрабуецца ўсяго каля 3 літраў на 1 га (для выкарыстання прэпараты разводзяцца вадой у суадносінах 1:100), то можна падлічыць: бяспечнай апрацоўцы падвяргаецца звыш тысячы га беларускіх глеб. Адметна, што прэпараты набываюць не толькі фермеры, але і вялікія дзяржаўныя аграпрамысловыя прадпрыемствы.
— У прыродных экасістэмах усе групы жывых арганізмаў знаходзяцца ў пэўным дынамічным балансе. Колькасць патагенаў там абмяжоўваецца колькасцю бактэрый-антаганістаў і тым, што расліны розных відаў растуць уперамешку і змяняюць адна адну, — расказвае кіраўнік лабараторыі Ірына Мікалаеўна Фяклістава. — Уводзячы на палях монакультуру, чалавек стварае селекцыйныя ўмовы для развіцця патагенаў гэтай культуры. Ім лёгка размнажацца і рассяляцца, калі вакол суцэльна растуць патэнцыяльныя гаспадары-мішэні. Мы вылучаем з прыродных крыніц бактэрыі — антаганісты патагенаў, адбіраем самыя актыўныя, паляпшаем іх, нарошчваем у вялікай колькасці і ўносім у глебу пад расліны. Гэта дазваляе аднавіць баланс і абмежаваць бескантрольнае развіццё патагенаў.
Унікальнасць распрацоўкі вучоных БДУ заключаецца ў тым, што біяпрэпараты ствараюцца на аснове прыродных мікраарганізмаў — прадуцэнтаў біялагічна актыўных злучэнняў. Пры гэтым прымяняюцца розныя генетычныя метады без увядзення ў згаданыя мікраарганізмы чужародных ДНК.
У адрозненне ад хімічных спосабаў барацьбы са шкоднікамі і ўзбуджальнікамі хвароб раслін біялагічныя прэпараты абсалютна бяспечныя. Хімікаты, як правіла, не раскладаюцца бясследна, назапашваюцца ў глебе і донных адкладаннях вадаёмаў і як вынік — у садавіне, агародніне, у тканках рыб і жывёл. Біяпрэпараты нетаксічныя, валодаюць працяглым дзеяннем, не маю ць тэрміну чакання (ураджай можна збіраць адразу пасля апрацоўкі раслін), аздараўліваюць глебу і ўзбагачаюць яе карыснымі рэчывамі.
— Мы сутыкнуліся з тым, што, калі ў цяпліцах шматразова апрацоўваюць глебу хімічнымі прэпаратамі, патагены вельмі хутка набываюць устойлівасць да іх, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — І як апошняя надзея — гаспадары цяпліц звяртаюцца да нас, каб біялагічнымі прэпаратамі выратаваць расліны і аздаравіць сітуацыю. Здараецца, што нават прамываюць гэтымі прэпаратамі ўсе канструкцыі, хаця яны і не прызначаны для такога выкарыстання. Але часта гэта адзіны спосаб знішчыць шкодныя арганізмы, якія сталі ўстойлівымі да хімікатаў.
Эканамічны эфект ад прымянення біяпрэпаратаў даволі высокі. Ён вельмі хутка становіцца бачным ва ўмовах цяплічных гаспадарак, дзе вялікая шчыльнасць раслін (адпаведна, і шчыльнасць патагенаў большая). Выкарыстанне такіх прэпаратаў, як “Гулівер”, “Стымул”, “Бактаген”, дазваляе не толькі падтрымліваць якасць глебы, але і істотна павышаць ураджайнасць агародніны. А для зеляніны, якая вельмі хутка расце і таму не можа апрацоўвацца хімікатамі, гэтыя прэпараты ўвогуле незаменныя.
Прэпарат “Стымул” вельмі добра паказаў сябе не толькі на агароднінных культурах, але і на лёне-даўгунцы. Яго прадукцыйнасць істотна ўзрастае, прычым адзначаецца менавіта павелічэнне даўжыні валакна і паляпшэнне яго тэхнічнай якасці.

Ірына ФЯКЛІСТАВА: 
— У Беларусі ёсць фермерскія гаспадаркі, якія спрабуюць перайсці на чыстае земляробства. Мы спадзяёмся, што ў іх усё атрымаецца: выкарыстоўваючы біяпрэпараты, яны будуць мець і маральнае задавальненне, і эканамічны эфект.

Калі гаварыць пра новы прэпарат “Жыцень”, то яго выкарыстанне павышае ўраджайнасць азімых і яравых культур на 20%, а таксама значна паляпшае якасць збожжа. Гэта адбываецца за кошт абагачэння глебы пажыўнымі рэчывамі, што ўтвараюцца ў выніку паскоранага гніення рэшткаў папярэдняй сельскагаспадарчай культуры.
Дзякуючы прэпарату “Жыцень”, увосень можна адмовіцца ад унясення ў глебу азотных угнаенняў. Справа ў тым, што ўраджай забірае з сабой вялікую частку азоту і гэта трэба кампенсаваць. “Жыцень”, які прымяняецца на палях пасля збору ўраджаю, цалкам спраўляецца з такой задачай.
— Дарэчы, прэпарат “Жыцень” можа выкарыстоўвацца не толькі для збожжавых, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна, — Ім можна апрацоўваць рэшткі любых культур, бо, як правіла, тое, што засталося на полі, з’яўляецца добрай крыніцай харчавання для патагенных арганізмаў. Восенню патагены размнажаюцца на рэштках і вясной у павышанай колькасці паражаюць насенне. Але калі ўвосень аздараўліваць глебу, то ў наступным годзе можна атрымаць больш здаровы, а значыць, больш высокі ўраджай.Трэба сказаць, што ўсе згаданыя біяпрэпараты былі распрацаваны ў рамках дзяржаўных праграм і атрымалі адабрэнне Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. І хоць аграрыям пакуль што псіхалагічна няпроста адмовіцца ад хіміі, пэўныя зрухі ў гэтым напрамку ўжо з’явіліся.
— У Беларусі ёсць фермерскія гаспадаркі, якія спрабуюць перайсці на чыстае земляробства, — гаворыць Ірына Мікалаеўна Фяклістава. — І гэта пры тым, што ў нас практычна не культывуецца такое паняцце, як арганічнае земляробства, у магазінах не прадаюцца асобна арганічныя прадукты, кошт на якія ва ўсім свеце больш высокі, чым на вырашчаныя з дапамогай хіміі. Але мы спадзяёмся, што ў фермераў усё атрымаецца: перайшоўшы на біяпрэпараты, яны будуць мець і маральнае задавальненне, і эканамічны эфект.
Супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі працуюць над стварэннем біяпрэпаратаў ужо больш як дзесяць гадоў. І кожны прэпарат, акрамя яго прыкладной накіраванасці, мае фундаментальную навуковую аснову. Пра гэта сведчыць той факт, што вучонымі лабараторыі выканана вялікая колькасць навуковых работ, выйшла шмат публікацый, якія асвятляюць пытанні, звязаныя як з самімі штамамі, так і з прымяненнем прэпаратаў. Абаронена некалькі дысертацыйных работ, у тым ліку дысертацыя Ірыны Фякліставай.
— Асновай кожнага прэпарату з’яўляюцца бактэрыяльныя штамы — прадуцэнты біялагічна актыўных рэчываў, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — Гэта ўнікальныя штамы, якімі мы ганарымся. Зараз у нашых планах — стварыць прэпарат па індукцыі сістэмнай устойлівасці раслін. Гэта аналаг вакцынацыі ў чалавека. Стаіць задача прэвентыўнага ўздзеяння на расліны, каб яны набылі ўстойлівасць да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.