Школа павінна не толькі даць шырокія тэарэтычныя веды, але і падрыхтаваць вучняў да рэалій жыцця, з якімі яны сутыкнуцца пасля яе заканчэння. У гэтым плане ўрокі працы маюць выключную важнасць. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталля КРУТАЛЕВІЧ.
У педагогіку Наталля Мікалаеўна прыйшла пасля шматгадовай паспяховай работы ў сферы лёгкай прамысловасці. Па першай адукацыі яна інжынер-тэхнолаг швейнай вытворчасці. У недалёкія дзевяностыя ў гэтай сферы ўзніклі пэўныя цяжкасці і лёс Наталлі Круталевіч крута павярнуўся ў іншы бок.
У той час у школу яе прывяла любоў да дзяцей. Прайшоўшы неабходную перападрыхтоўку, Наталля Круталевіч стала настаўнічаць. Поспехі прыйшлі не адразу, але яна пастаянна займалася самаадукацыяй, метадычна наведвала курсы павышэння кваліфікацыі. Усё гэта дало адпаведныя вынікі. Сёння Наталля Мікалаеўна — адна з лепшых настаўніц свайго профілю ў вобласці, з’яўляецца старшынёй журы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні сярод дзяўчынак. У яе асабістай скарбонцы — узнагароды і ганаровыя граматы ад мясцовых выканаўчых улад, удзячныя лісты ад Міністэрства адукацыі.
— Галоўная задача ўрокаў працоўнага навучання не проста якасная падача тэарэтычнай інфармацыі, а яшчэ і прывіццё навучэнцам тых навыкаў, якія яны змогуць выкарыстаць у тыповых штодзённых сітуацыях, — адзначае Наталля Круталевіч.Усе свае заняткі яна імкнецца максімальна звязаць з рэальным жыццём. Для дасягнення высокага ўзроўню паспяховасці вучаніц актыўна ўкараняе ў структуру ўрокаў сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Гэта і прымяненне аўтарскіх мультымедыйных прэзентацый, выкарыстанне блочна-модульнай сістэмы навучання і электронных адукацыйных сродкаў.
“Сучасныя дзеці шмат часу праводзяць у інтэрнэце. Чаму б не выкарыстоўваць гэтую захопленасць вучняў у адукацыйных мэтах?” — падумала Наталля Мікалаеўна некалькі гадоў назад і стварыла персанальны сайт, на якім ёсць усе неабходныя матэрыялы для самастойнага вывучэння прадмета.
Пастаяннае самаўдасканальванне гэтай настаўніцы прыносіць станоўчыя змены ў вучэбны працэс. Заняткі становяцца больш эфектыўнымі, павышаецца якасць тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі вучаніц.
Асаблівую ўвагу Наталля Круталевіч удзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. Кіруецца ўласнай сістэмай развіцця юных талентаў, асноўны ўпор у якой зроблены на падрыхтоўку да ўдзелу ў алімпіядным руху. Вынік педагагічнай дзейнасці ў гэтым напрамку ўражвае. Штогод яе вучаніцы становяцца прызёрамі абласнога тура алімпіяды, а каманда вобласці пад яе кіраўніцтвам на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца абсалютным лідарам алімпіяднага рэйтынга па прадмеце “Працоўнае навучанне” сярод дзяўчынак у рэспубліцы.
— Здольнасці да творчасці, да ўмення працаваць рукамі ёсць у кожнай вучаніцы. А вось ці змогуць яны ў поўнай меры раскрыцца, гэта ўжо залежыць толькі ад педагога, — лічыць Наталля Мікалаеўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.