Алімпіяда для кадэтаў

- 11:26Якасць адукацыі

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад эгідай грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў” сумесна з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адбылася І Рэспубліканская кадэцкая інтэлектуальна-творчая алімпіяда “Патрыёт”.

Асноўная мэта алімпіяды — навучанне і выхаванне грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь, гатовага да выканання грамадзянскага і вайсковага абавязку.
Задачамі алімпіяды сталі: павышэнне ўзроўню інтэлектуальнага развіцця і павышэнне пазнавальнай актыўнасці вучняў, выхаванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму на аснове гістарычнай спадчыны беларускага народа, фарміраванне ў вучняў пачуцця вернасці канстытуцыйнаму абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь, стымуляванне навучэнцаў для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі сістэмы нацыянальнай бяспекі.Удзельнікаў алімпіяды сустракала Акадэмія МУС. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кадэты, ліцэісты, сувораўцы 10—11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны. 10 каманд прадставілі спецыялізаваны Ліцэй МУС Рэспублікі Беларусь, Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча № 2, Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча, Віцебскае кадэцкае вучылішча, Гомельскае гарадское кадэцкае вучылішча, Ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь, Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча, Мінскае абласное кадэцкае вучылішча, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча. Кожная каманда складалася з шасці ўдзельнікаў і двух запасных.
На алімпіядзе юныя патрыёты выступалі ў форме сваіх устаноў адукацыі. Мерапрыемства ўключала 6 конкурсаў: прадстаўленне каманды “Вось мы якія”, конкурс “Размінка капітанаў”, тэст па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі” і “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, конкурс “Слова прамоўцу”, які прадугледжваў публічнае выступленне на адну з тэм:
“Ёсць такая прафесія …”;
“Ніхто не забыты, нішто не забыта!”;
“За моцную і квітнеючую Беларусь! ”;
“Вучыцца ваеннай справе па-сапраўднаму”;
“Быць кадэтам — вялікі гонар і высокая адказнасць”.
Яшчэ было вуснае апытанне па змесце лепшых кінафільмаў савецкага, у тым ліку беларускага, кінематографа пра Вялікую Айчынную вайну. Да разгляду прапаноўваліся фільмы “А золкі тут ціхія”, “У бой ідуць адны старыя”, “Афіцэры”, “У жніўні 44-га”, “Альпійская балада”.
Конкурс “Дамашняе заданне” ўключаў у сябе прадстаўленне музычна-мастацкай кампазіцыі патрыятычнай накіраванасці. Для інсцэніроўкі ў конкурсе даваўся пералік літаратурна-мастацкіх твораў: “Сотнікаў” В.У.Быкава, “Лёс чалавека” М.А.Шолахава, “Маладая гвардыя” А.А.Фадзеева, “Васіль Цёркін” А.Т.Твардоўскага, “Гарачы снег” Ю.В.Бондарава.
У выніку гарачай барацьбы 1-е месца заваявала каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча, 2-е месца — каманда Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча і 3-е месца заняў Ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.