“Сонечныя дзеці” саграваюць праменьчыкамі талентаў

- 10:43Сацыяльны ракурс
фота з сайта www.oreninform.ru

Пяты фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню чалавека з сіндромам Даўна, прайшоў у мінулую суботу ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Удзельнікамі свята сталі дзеці і маладыя людзі з сіндромам Даўна з усіх рэгіёнаў Беларусі. Асноўнымі арганізатарамі мерапрыемства выступілі МГА “Даўн Сіндром” і Мінскі міжнародны жаночы клуб жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў у нашай краіне. На фестываль завіталі спецыялісты і кіраўнікі розных ведамстваў і прадпрыемстваў — усе, хто неабыякавы да лёсу чалавека з сіндромам Даўна.

На адкрыцці фестывалю з прывітальным словам выступіла прэзідэнт Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў у нашай краіне, жонка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь спадарыня Шарыпа Курбаншаеўна Булягенава. Ад імя клуба, а таксама выдавецтва “Траска” ўдзельнікам фестывалю былі перададзены шчодра ўкамплектаваныя наборы для творчасці. фота з сайта www.oreninform.ru

У фае мармуровай залы Палаца дзяцей і моладзі студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка быў арганізаваны інфармацыйны рэліз аб Міжнародным дні чалавека з сіндромам Даўна. Госці фестывалю ўбачылі слайд-шоу календара “Дзеці з казак”. Нікога не пакінуў абыякавым фільм “Сонечныя дзеці”, зняты па ініцыятыве дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. Сюрпрызам для ўсіх наведвальнікаў і ўдзельнікаў фестывалю стала правядзенне бяспройгрышнай латарэі ў падтрымку тэатра “Сонечныя дзеці”. Мерапрыемства суправаджалася забаўляльнымі конкурсамі, розыгрышамі, пацешкамі. Усіх парадавалі падрыхтаваная арганізатарамі фестывалю фотавыстава “Сонечныя дзеці”, а таксама выстава дзіцячых малюнкаў Веры Пратасевіч і паказ дэкаратыўных кошак. Аб стварэнні пазітыўнага настрою “паклапаціліся” роставыя лялькі дзіцячай творчай карпарацыі “Кіндэрлэнд” і клоўны з “Макдональдс”. Прыгожым дапаўненнем да фестывалю паслужыла незабыўнае шоу мыльных бурбалак.

Працягам свята стала двухгадзінная канцэртная праграма, якую адкрыў Валерый Скаражонак (ВІА “Песняры”). Падчас праграмы дзеці з сіндромам Даўна спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы. Выхавальнікі дзіцячага дома № 3 Мінска выступілі з танцавальнымі кампазіцыямі “Кропелькі” і “Вясёлыя рабяты”; танец “Дружба” прадэманстравалі навучэнцы ЦКРНіР Наваполацка. Тэатр “Сонечныя дзеці” ажыццявіў пастаноўку Асі Емяльянавай “Бенефіс” (рэжысёр пастаноўкі мінчанка Святлана Яцэвіч-Падлівальчава). Замалёўку “Залатое яечка” (пастаноўка Наталлі Чорнай) выканалі бабруйчане Таццяна Крылова і Алег Колабаў. Алег — уладальнік двух бронзавых медалёў паралімпійскіх гульняў у Шанхаі, а таксама залатога, сярэбранага і бронзавага на паралімпійскіх гульнях у штаце Айдаха ў 2009 годзе. Кампазіцыю “Восень” Антоніа Вівальдзі выканаў Мгер Мінасян (Мінск), гімнастычны эцюд “Рух жыцця” (аўтар Сафры Дуа) прадэманстравала Святлана Кунцэвіч з Баранавіч. Выступалі і многія іншыя юныя артысты. На працягу ўсёй праграмы іх падтрымлівалі зоркі беларускай эстрады. Завяршыўся фестываль выступленнем вядомай спявачкі Іны Афанасьевай.

Як адзначыла дырэктар МГА “Даўн Сіндром” Вольга Яўгенаўна Пратасевіч, жыццё людзей з сіндромам Даўна акружана памылковымі меркаваннямі: некаторыя лічаць іх хворымі, разумова адсталымі і небяспечнымі для грамадства. Між тым ва ўсіх цывілізаваных краінах свету гэтыя стэрэатыпы ўжо абвергнуты. У Мінску на працягу пяці гадоў існуе арганізацыя дзяцей і маладых людзей з сіндромам Даўна. Яе мэта — садзейнічаць фарміраванню ў грамадстве станоўчага вобразу людзей з сіндромам Даўна. У рамках арганізацыі быў створаны адзіны ў Беларусі тэатр “Сонечныя дзеці”, выдадзены серыі паўнаколерных насценных календароў пры ўдзеле папулярных зорак беларускай эстрады, алімпійскіх чэмпіёнаў, папулярных вядучых, арганізаваны перасовачная фотавыстава і фотагалерэя, дзе прадстаўлены ў тым ліку і работы “сонечных дзяцей” з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гонарам арганізацыі дзяцей і маладых людзей з сіндромам Даўна з’яўляецца паспяховая рэалізацыя разам з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама трохгадовага праекта па размяшчэнні на ўсіх відах транспарту (уключаючы метро) плакатаў, а на асноўных магістралях горада — бігбордаў з выявамі людзей з сіндромам Даўна побач з вядомымі ў нашай краіне людзьмі. Сярод іх дзеячы культуры — Расціслаў Янкоўскі, Анатоль Ярмоленка і Алеся, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама вядомыя тэлевядучыя, алімпійскія чэмпіёны.

Надзея ЦЕРАХАВА.

 terekhova@ng-press.by