V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі” прайшла ў БДПУ імя Максіма Танка. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны, вучоныя, дзеячы культуры, духавенства, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і педагогі навучальных устаноў — спецыялісты сферы спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Швецыі.
Інклюзіўнай адукацыі быць
Удзельнікаў канферэнцыі вітаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук: “Сёння спецыялісты розных краін прадстаўляюць нам канкрэтныя вынікі сваёй навукова-педагагічнай і культурна-асветніцкай дзейнасці ў кірунку інклюзіўнай адукацыі. У Беларусі таксама было шмат зроблена на дзяржаўным узроўні па забеспячэнні роўнага доступу да адукацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У 2015 годзе мы далучыліся да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, прынялі Канцэпцыю развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР, распрацавалі план па яе рэалізацыі на 2016—2020 гады. У сувязі з тым працягваем удасканальваць падыходы да падрыхтоўкі адпаведных педагагічных кадраў. У мінулым годзе міністрам адукацыі былі зацверджаны стратэгічна важныя дакументы, якія вызначаюць вектар развіцця непарыўнай педагагічнай адукацыі з улікам інклюзіўных працэсаў на наступныя пяць гадоў, у прыватнасці Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі да 2020 года і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі, які грунтуецца на аснове кластарнай арганізацыі супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Завяршаецца работа і над прафесійным стандартам педагога, да якога на ўсіх кваліфікацыйных узроўнях прад’яўляюцца абавязковыя патрабаванні па авалоданні новымі запатрабаванымі жыццём кампетэнцыямі. Педагогу неабходна ўменне працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей і ствараць для іх інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе. Прафесійны стандарт педагога дазволіць распрацаваць кампетэнтнасныя мадэлі выпускнікоў усіх узроўняў педагагічнай адукацыі”.
Дзеці, якія знаходзяцца на ўліку ў банку даных аб дзецях з АПФР у нашай краіне, амаль стапрацэнтна ахоплены карэкцыйна-педагагічнай дапамогай і спецыяльнай адукацыяй. Большасць дзяцей з АПФР маюць парушэнні маўлення. Аб гэтым расказала начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. Сёлета ў краіне функцыянуюць 240 устаноў спецыяльнай адукацыі. На працягу двух дзесяцігоддзяў вядзецца работа па іх аптымізацыі. У параўнанні з 2000 годам напалову скарацілася колькасць школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з АПФР. І ў гэтым годзе некалькі такіх устаноў, у якіх колькасць навучэнцаў не перавысіць 50-ці, хутчэй за ўсё, будуць закрыты.
У апошнія гады каля 70% навучэнцаў з абмежаваннямі з тых, хто мае патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць яе ва ўмовах агульнаадукацыйных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі — у інтэграваных і спецыяльных групах (класах). Дзецям з лёгкімі парушэннямі аказваецца карэкцыйная дапамога ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі або ў ЦКРНіР. З 1996 года ў нашай краіне выдаюцца падручнікі, вучэбна-метадычныя і вучэбныя дапаможнікі для дзяцей з АПФР, у тым ліку і шрыфтам Брайля (з 1998 года).
“Мяркую, што сур’ёзным імпульсам для развіцця інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне стане падпісанне Канвенцыі аб правах інвалідаў, якая ў найбліжэйшы час будзе ратыфікавана, — падкрэсліла Антаніна Міхайлаўна. — Для таго каб рэалізаваць ідэі, агучаныя ў канвенцыі, неабходна яшчэ прыкласці шэраг намаганняў, зрабіць канкрэтныя крокі. Так, каля 20% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на сёння аснашчаны адаптыўным адукацыйным асяроддзем, але не безбар’ерным у поўнай меры. Толькі ў 2% школ такое асяроддзе на належным узроўні. Плануем да 2020 года павялічыць колькасць гэтых устаноў да 10%. Вядзецца шматбаковая падрыхтоўка педагагічных кадраў для работы ў інклюзіўных школах, распрацоўваецца вучэбна-метадычнае забеспячэнне, развіваюцца розныя формы супрацоўніцтва дзяцей з інваліднасцю і звычайных равеснікаў, шмат зроблена на шляху фарміравання талерантных адносін соцыуму да асоб з АПФР, пастаянна карэкціруецца змест спецыяльнай адукацыі з улікам інклюзіўных падыходаў”.
Другі год у краіне рэалізоўваецца рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У ім удзельнічаюць 8 устаноў, дзе створана 14 інклюзіўных (у поўным сэнсе гэтага слова) класаў. На працягу некалькіх апошніх гадоў быў рэалізаваны рэспубліканскі праект па апрабацыі мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстанове спецыяльнай адукацыі. Гэтыя ўстановы таксама ўносяць важкі ўклад у развіццё інклюзіўных працэсаў.
“У той жа час ёсць шэраг перашкод для паспяховага ўкаранення інклюзіі: недахоп кадраў, недастатковае фінансаванне гэтага кірунку як на ўзроўні краіны, так і на мясцовым узроўні, складанасці пры фарміраванні інклюзіўнай культуры, — паведаміла Антаніна Міхайлаўна. — Тым не менш мы думаем, што інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне быць. Да 2020 года плануем каля 80% дзяцей з АПФР ахапіць інклюзіўнымі формамі атрымання адукацыі. Але пакінем і альтэрнатыву для дзяцей з абмежаваннямі, у якіх застанецца магчымасць атрымліваць адукацыю ў спецыяльнай школе”.
“Рэспубліка Беларусь — паслядоўны ўдзельнік усіх прагрэсіўных і інавацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў сферы адукацыі. Ваша краіна далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў, і яе ратыфікацыя дадасць адказнасці за пераход да інклюзіі. Гэты працэс не павінен зацягвацца. Інклюзіўная адукацыя — гэта ўжо не варыянт развіцця адукацыі, гэта рэальная неабходнасць, — адзначыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар. — Існуе рабочы план сумесных мерапрыемстваў ЮНІСЕФ і Міністэрства адукацыі, якія тычацца ў тым ліку развіцця інклюзіўнай адукацыі”.
Гарантаваць правы і ўстараніць перашкоды
Аб сучасных тэндэнцыях спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі расказала дырэктар Інстытута спецыяльнай адукацыі і комплекснай рэабілітацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Аксана Георгіеўна Прыходзька. Яна адзначыла, што больш за 70% немаўлят нараджаюцца сёння з фізіялагічнымі праблемамі ў стане здароўя, да 86% — з рознымі відамі неўралагічнай паталогіі, у большасці, канечне, лёгкай. Не больш за 10% дашкольнікаў і не больш як 4% школьнікаў могуць лічыцца абсалютна здаровымі.
“Задача, якая паўстае сёння перад спецыялістамі і бацькамі, — арганізаваць бесперапынную дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, — адзначыла выступоўца. — Толькі тыя дзеці стануць паспяховымі ў інклюзіўным навучанні, якія прайшлі праз раннюю комплексную дапамогу. Цуды кампенсацыі магчымы толькі ў раннім дзіцячым узросце! І калі цяжкія праблемы адразу бачны спецыялістам, то лёгкія, на жаль, выяўляюцца не адразу. Для таго каб своечасова іх дыягнаставаць і карэкціраваць, сучасныя спецыялісты павінны мець веды з самых розных сфер, не толькі спецыяльнай педагогікі, але і медыцыны, спецыяльнай псіхалогіі і іншых сумежных кірункаў”.
Для таго каб інклюзія адбылася, як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні недзяржаўных арганізацый, асобных спецыялістаў і грамадзян, неабходна выканаць шэраг патрабаванняў. Аб гэтым расказаў заснавальнік Асветніцкай праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” (Беларусь) Сяргей Яўгенавіч Драздоўскі.
Першае, што неабходна зрабіць, — гэта спыніць працэс змяшчэння дзяцей у інтэрнатныя ўстановы, стварыць альтэрнатыву для атрымання адукацыі па месцы пражывання. Неабходна ўсе пытанні фінансавання інклюзіўнай адукацыі вырашаць на дзяржаўным узроўні. Людзям з абмежаваннямі павінна быць гарантавана адсутнасць дыскрымінацыі іх правоў. Патрабуюць пастаяннага ўдасканалення інфармацыйныя сістэмы. Напрыклад, пры вызначэнні інваліднасці ў сістэме аховы здароўя неабходна зрабіць карэкціроўкі ў бок выкарыстання міжнароднай класіфікацыі функцыянавання. Няўрадавыя інстытуты і арганізацыі, сем’і дзяцей з абмежаваннямі павінны стаць паўнацэннымі ўдзельнікамі адукацыйнага інклюзіўнага працэсу. Важна ўстараніць усе перашкоды на шляху да інклюзіі, стварыць для навучэнцаў камфортнае інклюзіўнае асяроддзе, забяспечыць дынаміку руху да інклюзіі, наладзіць работу з бацькамі, аказваць належную падтрымку кожнаму дзіцяці з інваліднасцю праз індывідуальныя праграмы рэабілітацыі і праграмы кампенсацыі, праз стварэнне адпаведнай інфраструктуры ў вялікіх гарадах і малых пасёлках. Неабходна зрабіць адкрытым адукацыйны працэс і ўдзел дзяцей і бацькоў у абмеркаванні і прыняцці ўнутрышкольных рашэнняў.
Тэме сацыяльнай інклюзіі і жыццёвым перспектывам людзей з АПФР прысвяціў выступленне протаіерэй Ігар Карастылёў, настаяцель храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Яшчэ ў 90-я гады айцец Ігар быў духоўнікам таварыства інвалідаў і таварыства сляпых. Сёння ён актыўны ўдзельнік інклюзіўных працэсаў. Пры храме дзейнічаюць майстэрні, дзе працуюць дарослыя людзі з разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі, — створана 105 рабочых месцаў. Сярод прыхаджан храма таксама ёсць людзі з абмежаваннямі, тут, напрыклад, вядуцца службы з сурдаперакладам.
“Яшчэ 20 гадоў назад у нашай краіне існавалі вялікія чэргі (на некалькі гадоў наперад) у дамы-інтэрнаты для дзяцей з АПФР, — падкрэсліла Алена Георгіеўна Цітова, старшыня БелАДДІіМІ. — Сёння чэргі зніклі. Намаганнямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў інтэрнатах ствараюцца аддзяленні “сацыяльнай перадышкі”. Цяпер бацькі асаблівых дзяцей маюць магчымасць аддаць іх у такое аддзяленне на некаторы час, даверыцца спецыялістам, якія там працуюць, для вырашэння, напрыклад, сямейных пытанняў”.
Новыя кампетэнцыі сучаснага педагога
Аб метадычнай падрыхтоўцы педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі расказала дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Яўгенаўна Гайдукевіч.
Асаблівую актуальнасць пры рабоце ва ўмовах інклюзіі набываюць пытанні адаптацыі зместу вучэбнага матэрыялу, распрацоўкі індывідуальных вучэбных планаў і праграм, мадыфікацыі тэхналогіі рознаўзроўневага і дыферэнцыраванага навучання, стварэння варыятыўных сістэм кантролю і ацэньвання вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя.
Удасканаленне кампетэнцый сучаснага педагога патрабуе істотнага абнаўлення зместу яго педагагічнай падрыхтоўкі, які сёння рэалізоўваецца праз распрацоўку і ўкараненне новых вучэбных дысцыплін, праз удакладненне і карэкціроўку іх зместу, якія ўжо закладзены ў вучэбным плане, і праз змяненне суадносін тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі.
Так, у вучэбных планах усіх педагагічных спецыяльнасцей універсітэта ўведзена вучэбная дысцыпліна “Тэорыя і практыка спецыяльнай адукацыі”. У 2013 годзе на факультэце спецыяльнай адукацыі з’явілася вучэбная дысцыпліна “Інтэграванае навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР”. На ўсіх спецыяльнасцях у БДПУ арганізавана непарыўная педагагічная практыка. На працягу 2015—2016 гадоў ажыццяўляецца пілотны праект па далучэнні студэнтаў першага курса да абавязковай валанцёрскай практыкі. Спецыялісты ўніверсітэта прымаюць удзел у шэрагу міжнародных праграм па распаўсюджванні ідэй інклюзіўнай адукацыі.
У 2016 годзе ў межах супрацоўніцтва БДПУ з Міжнароднай недзяржаўнай культурнай арганізацыяй ShareMusic (Швецыя) была распрацавана праграма факультатыву “Музычная сцэнічная творчасць як сродак дасягнення сацыяльнай інклюзіі”. Аб важнасці выканальніцкага мастацтва расказала кіраўнік гэтай арганізацыі Софія Аляксандэрсан. ShareMusic праводзіць курсы па сцэнічным майстэрстве, стварае наватарскія спектаклі і актывізуе творчыя працэсы ў гэтай сферы, з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам, які аб’ядноўвае выканаўцаў з рознымі магчымасцямі і вопытам. Унікальнасць арганізацыі — у сінтэзе розных форм мастацтва, а таксама ў тым, што людзі з асаблівымі патрэбамі і звычайныя людзі ўзаемадзейнічаюць, сумесна займаюцца творчасцю, ствараюць, напрыклад, спектаклі разам з вядомымі артыстамі, кампазітарамі, музыкантамі, харэографамі, танцорамі і г.д. У Беларусі арганізацыя сумесна з БДПУ імя Максіма Танка і БелАДДІіМІ рэалізоўвае творчы праект “Сафіт”.
Вопытам развіцця рэфлексіі і крытычнага мыслення пры падрыхтоўцы спецыялістаў сацыяльнай сферы ў вышэйшых навучальных установах Літвы падзяліліся прафесар Шаўляйскага ўніверсітэта Дайва Адольфаўна Аліфанавене і прафесар гэтай установы Аста Вітаўтаўна Вайткевічэне. Яны акцэнтавалі ўвагу на пытаннях пераходу ад класічнай парадыгмы навучання да ліберальнай. Мэта навучання, на погляд навукоўцаў, павінна быць не толькі ў перадачы студэнтам вялікай колькасці ведаў, але і ў фарміраванні ў іх сістэмы каштоўнасцей, імкнення да творчасці і самарэалізацыі. Пры ліберальнай парадыгме студэнт і выкладчык раўнапраўныя, яны партнёры ў працэсе навучання.
Нацыянальны мастацкі музей нашай краіны таксама імкнецца быць максімальна адкрытым для ўсіх, арганізоўвае фестывалі з удзелам людзей з абмежаваннямі, выставы іх малюнкаў. Аб гэтым расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Марына Уладзіміраўна Смагіна. У 2005 годзе работнікі музея правялі першыя заняткі з дзецьмі, якія слаба чуюць. І гэта натхніла іх на ўласную творчасць. Выстава іх работ “Рэха цішыні” дэманстравалася ў музеі. Другая творчая ініцыятыва — “Мастацтва на кончыках пальцаў” была арганізавана ў рамках праекта “Мівія” пад кіраўніцтвам Людмілы Скрадаль. Удзел у ёй прымалі дзеці з парушэннямі зроку. Музей прадаставіў сваю пляцоўку для размяшчэння тактыльных карцін — копій арыгінальных твораў знакамітых мастакоў. І школьнікі змаглі “ўбачыць” карціны, памацаць іх рукамі. У музеі выстаўляліся і скульптуры вядомых майстроў, да якіх, зразумела, кожны мог дакрануцца.
***
Навукова-практычная канферэнцыя “Спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі” прайшла ў форме пленарнага пасяджэння, работы круглых сталоў і дыскусійных пляцовак.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі ШАЎЧЭНКА.