Рабіць дабро лягчэй разам

- 13:39Апошнія запісы, Рознае

У першы летні дзень у Мінску быў урачыста адкрыты Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. Размясціўся ён у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, што, плануецца, стане ядром валанцёрскай работы, да якой ужо далучыліся амаль паўтара мільёна жыхароў нашай краіны. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця цэнтра прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі валанцёрскіх рухаў і, вядома, галоўныя героі свята — валанцёры.

“Сімвалічна, што мы адкрываем валанцёрскі цэнтр у Міжнародны дзень абароны дзяцей, бо дзеці, напэўна, як ніхто, маюць патрэбу ў нашай дапамозе, — зазначыў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. — Дзейнасць цэнтра будзе арыентавана на рэалізацыю праграм супрацоўніцтва з іншымі зацікаўленымі структурамі, таму што добрую справу заўсёды лягчэй рабіць разам”.

Намеснік міністра адзначыў, што з кожным годам колькасць афіцыйных валанцёраў павялічваецца. У мінулым годзе было зарэгістравана 52 тысячы навучэнцаў і студэнтаў, якія сістэматычна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Але ў цэлым гэтая дзейнасць не заўсёды паддаецца статыстыцы: рэальная колькасць куды большая за афіцыйную.

“Ствараючы цэнтр, мы хочам прадаставіць пляцоўку для зносін, для абмеркавання і рэалізацыі ідэй і для таго, каб усё большая колькасць арганізацый далучалася да руху дабравольніцтва. У нас тысячы маладых людзей гатовы дабравольна, бясплатна, па клічы душы дапамагаць і равеснікам, і дарослым”, — адзначыў Віктар Віктаравіч.

Вопытнымі настаўнікамі для юных валанцёраў выступілі тыя арганізацыі, якія ўжо на працягу многіх гадоў вядуць валанцёрскую дзейнасць. Валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа актыўна працуюць па праектах у галінах адукацыі, сацыяльнай абароны, у кірунку прадухілення надзвычайных сітуацый і ліквідацыі іх наступстваў. У кірунку догатэрапіі валанцёры працуюць з трыма дзіцячымі цэнтрамі.

Запатрабаваны і іх праект “Першая дапамога”, які рэалізоўваецца ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі: трэнеры з міжнароднай сертыфікацыяй рыхтуюць у якасці інструктараў па аказанні першай медыцынскай дапамогі настаўнікаў, дапамагаюць аснашчаць базы школ.

Мэтай рэспубліканскай арганізацыі “Ліга дабравольніцкай працы моладзі” таксама стала перайманне лепшага валанцёрскага вопыту 35 краін свету. Галоўны кірунак — міжнародныя валанцёрскія лагеры ў Еўропе. “Маладыя людзі могуць паехаць у такі лагер у любую з 35 краін Еўропы, а валанцёры з Еўропы могуць прыехаць да нас, — гаворыць Вольга Шмігельская, старшыня праўлення гэтай арганізацыі. — Акрамя саміх ідэй — працаваць на карысць грамадства ў складзе будаўнічых, педагагічных, экалагічных, археалагічных, сэрвісных атрадаў — моладзі прадастаўляецца магчымасць атрымання не фармальнай адукацыі, а менавіта новага жыццёвага вопыту, ведаў, навыкаў міжасобасных зносін, міжкультурнага ўзаемадзеяння”.

У кірунку экалагічнага і гісторыка-культурнага валанцёрства немалы вопыт і ў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, якая ўжо больш за 10 гадоў праводзіць і арганізоўвае валанцёрскія летнікі па аднаўленні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі для студэнтаў з Беларусі і іншых краін. Валанцёры ўжо аднаўлялі гісторыка-архітэктурныя славутасці ў Нясвіжы, Навагрудку, Залессі Смаргонскага раёна, Смілавічах. Вельмі актыўна працуюць клубы ЮНЕСКА і ў кірунку здаровага ладу жыцця — прапаганды рэпрадуктыўнага здароўя, папярэджвання распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, вядуць работу па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” з падлеткамі дэвіянтных паводзін.

Пра тое, каб паводзіны падлеткаў не сталі дэвіянтнымі ў той час, калі няма каму за імі прыглядваць, у Мінску ўжо 10 гадоў клапоцяцца студэнты БДПУ імя Максіма Танка — валанцёры педагагічнага атрада “Дзеці сталіцы”. Кожны чэрвень валанцёры ходзяць па дварах, збіраюць там дзяцей, якія не маюць магчымасці адпачыць у вёсцы ці ў летніку, і запрашаюць іх прыняць удзел у мерапрыемствах, гульнявых і спартыўных праграмах на базе прышкольных лагераў.

Разнастайныя праграмы — у членаў валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца”, які аб’ядноўвае больш за 30 тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй краіне. Візітоўка “Добрага сэрца” — дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”. У гэтым годзе марафон стартаваў 13 мая ў Брэсцкай вобласці (Івацэвічы) і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і. 4 чэрвеня марафон прымае беларуская сталіца, 12 жніўня ён пройдзе ў Магілёве і будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня моладзі, 21 верасня — у Віцебску (Міжнародны дзень міру), 7 кастрычніка — у Гродне (Міжнародны дзень усмешкі), 10 лістапада — у Гомелі (Сусветны дзень моладзі), 9 снежня — у Мінскай вобласці — напярэдадні агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Усе выручаныя сродкі накіроўваюцца на лячэнне і рэабілітацыю дзяцей, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Арганізатары спадзяюцца, што з’яўленне валанцёрскага цэнтра паспрыяе большай актывізацыі валанцёрскага руху. Для гэтага на базе цэнтра плануецца стварыць Цэнтр апорнай метадычнай пляцоўкі, дзе спецыялісты будуць праводзіць вучэбныя семінары, інфармацыйныя сесіі і трэнінгі. Арганізатары плануюць адкрыць і інтэрнэт-рэсурс з прававымі, метадычнымі, даведачнымі, інфармацыйнымі матэрыяламі, якія тычацца валанцёрскай дзейнасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сцяпана БУБЕЛЫ.