Усё пачынаецца са школы, а ў ёй — з настаўніка. Прапісная ісціна, да якой хочацца вяртацца зноў і зноў, бо яна па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай. Сёння хачу звярнуцца да асобы настаўніка працоўнага навучання, дзейнасць якога не проста запатрабавана, а мае сацыяльнае значэнне. Урокі працоўнага навучання набліжаюць дзіця да рэальнага побытавага жыцця, дзе ўменне нешта рабіць сваімі рукамі цэніцца высока.
Насамрэч, гэта частка статусу — як агульначалавечага, так мужчынскага і жаночага. І настаўнікі працоўнага навучання вельмі ўплываюць на гэты статус, нават фарміруюць яго, асабліва калі самі педагогі таксама статусныя — валодаюць не толькі праграмнымі ўменнямі і навыкамі, але могуць і жадаюць выходзіць далёка за іх межы.
Святлана Уладзіміраўна Хворык з гімназіі № 4 Баранавіч якраз з такіх. Яе ўрокі абслуговай працы (тэхналогіі) з’яўляюцца стартавай пляцоўкай для развіцця як ужо наяўных творчых здольнасцей, так і выяўлення тых таленавітых вучняў, якія могуць у далейшым рэалізоўваць свае ідэі, выконваючы пры гэтым творчыя праекты ў розных тэхніках.
— Усё пачынаецца з урока. Для мяне ўрок — гэта крыніца. Крыніца ведаў, практычных уменняў, якія павінны перарасці ва ўстойлівую цікавасць і патрэбу не толькі сузіраць прыгожае, зробленае чужымі рукамі, але і самому ствараць такое ж прыгожае.
У першую чаргу неабходна развіць устойлівую цікавасць да той працы, той тэмы, якую выконваюць або вывучаюць на ўроку мае вучаніцы. Як гэта зрабіць? Складанасць заключаецца ў тым, што прадмет не з’яўляецца адным з асноўных дысцыплін, дзе трэба здаваць экзамен ці ЦТ. Але адказ просты: прыклад настаўніка, прыклад старэйшых вучаніц, іх дасягненні як адзінай каманды. Без навуковага падыходу, без выкарыстання сучасных педагагічных тэхналогій вельмі складана выкласці ўвесь матэрыял (а ён досыць аб’ёмны), асабліва калі рыхтуешся да алімпіяды, — пачала нашу гаворку Святлана Уладзіміраўна.
Мая суразмоўніца — яркі і вельмі творчы педагог з 25-гадовым стажам. За яе плячамі Баранавіцкае педвучылішча, дзе яна атрымала адукацыю настаўніка працоўнага навучання і выхавальніка групы падоўжанага дня, і Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, пасля якога Святлана Уладзіміраўна стала дыпламаванай настаўніцай не толькі працоўнага навучання, але і чарчэння.
Акрамя таго, яна з вялікай педагагічнай сям’і. Настаўніцкі шлях выбралі і сёстры маёй гераіні, якія сталі настаўніцамі рускай мовы і літаратуры і матэматыкі. Яшчэ ў сям’і ёсць і біёлагі, і географы. Да таго ж душа да педагогікі ляжала з маленства — малая Света вельмі любіла пагуляць у школу.
Калі ж гаварыць пра ўласную матывацыю Святланы Уладзіміраўны вучыць дзяўчат быць выдатнымі гаспадынямі, то на яе ў свой час моцна паўплывалі словы харэографа ансамбля народнага танца “Юрачка”. Аднойчы ён заўважыў, што калі б у яго была дачка, то яна абавязкова стала б настаўніцай працоўнага навучання, каб была сапраўднай гаспадыняй. Дарэчы, некалі Святлана 10 гадоў аддала танцам. А працоўнае навучанне ў школьныя гады ў яе выкладала настаўніца геаграфіі, і Свеце было зусім нецікава. Але лёс склаўся так, што праз гады яна сама зайшла ў клас, каб вучыць шыць, вышываць, вязаць, гатаваць, весці гаспадарку, прычым рабіць гэта так, каб вучні чакалі наступнага ўрока з нецярпеннем.
З усіх відаў дзейнасці Святлана Уладзіміраўна больш за ўсё любіць шыццё. Зразумела, што такая любоў не можа не перадацца і яе вучаніцам. Але ж вялікая загружанасць іншымі дысцыплінамі прывяла да таго, што на такі прадмет, як працоўнае навучанне, у дзяўчат не заставалася ні сіл, ні часу, а цікавасць да творчасці станавілася ўстойлівай. Так, у 1999 годзе з’явілася ідэя стварэння “Тэатра мод” для навучэнак 6—10 класаў, які рэалізоўваў сваю праграму да 2010 года і займеў слаўную гісторыю. У цяперашні час арганізаваны факультатыўныя заняткі.
“Тэатр мод” стаў стартавай пляцоўкай у раскрыцці таленту і развіцці кожнай яго ўдзельніцы. Стварэнне новай мадэлі патрабавала ўмення мадэляваць і канструяваць вопратку, выбіраць тканіны, абапіраючыся на іх уласцівасці, самастойна шыць і апрацоўваць вырабы, прадумваць элементы дэкору.
Аднак, як заўважыла настаўніца, вырабіць мадэль — гэта яшчэ толькі палова справы. Каб яна з’явілася ва ўсёй красе і заваявала сэрцы гледачоў, трэба ўмець гэтую мадэль падаць. Якая дзяўчынка не марыць быць актрысай або мадэллю, аб’ектам пільнай увагі і захаплення? І вось тут Святлане Уладзіміраўне давялося ўспамінаць свае харэаграфічныя навыкі. І трэба адзначыць, што зрабіла яна гэта з вялікім задавальненнем.
— Праз заняткі шэйпінгам і харэаграфіяй старалася вучыць сваіх выхаванак прыгожа рухацца па подыуме, трымаць галаву і паставу, а таксама выпрацоўваць звычку заўсёды быць у форме. Мы вывучалі пытанні здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання. І пачыналі з малога. Напрыклад, пашылі фартухі і паказалі іх.
На працягу ўсёй сваёй дзейнасці “Тэатр мод” ажыццяўляў паказы ўласных калекцый адзення падчас святкавання дзён гімназіі, на рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх семінарах і канферэнцыях, конкурсах. У мінулым годзе навучэнкі 7—10 класаў прынялі ўдзел у гарадскім фестывалі-конкурсе юных дызайнераў “Сілуэт-2015”, дзе былі прадстаўлены дзве калекцыі падлеткавага адзення: “Белы. Чырвоны. Чорны” і “Купальскі вяночак”, — працягвае настаўніца.
Акрамя таго, у працэсе работы над стварэннем мадэлей для новых калекцый дзяўчаты выбіралі тэмы для ўласных даследаванняў і эксперыментаў. А вынікі гэтых даследаванняў станавіліся зместам даследчых работ, прадстаўленых на гарадскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях.
Вось толькі некаторыя з тэм навукова-даследчых работ, прадстаўленых вучаніцамі Святланы Уладзіміраўны: “Узнікненне моды ў эпоху позняга сярэднявечча і яе развіццё з XIII па XX стагоддзе”, “Выкарыстанне ў жаночым касцюме баваўняных тканін і тканін, пафарбаваных у тэхніцы вузельчыкавага баціку”, “Колер — гэта раскоша, бальзам для душы …”, “Вывучэнне ўплыву ўласцівасці тканін на выбар фасону будучага вырабу”. Дарэчы, кожная з гэтых работ была адзначана дыпломамі рознай ступені.
— Навучэнцы нашай гімназіі прымалі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнцкай моладзі “Ідэі М.М.Бахціна і праблема гуманізацыі адукацыі”, якая праходзіла ў Віцебскім універсітэце імя П.М.Машэрава. Навукова-даследчая работа па правільным харчаванні, над якой працавалі тады яшчэ навучэнкі 9 класа Яніна Арцюх і Таццяна Свірыдчук, была ўдастоена дыплома II ступені. А ў наступным годзе дзяўчаты працягнулі даследаванні, звязаныя з харчаваннем і здаровым ладам жыцця, сталі ўдзельніцамі Абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “З навукай у будучыню” і былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені, — не без гонару заўважыла настаўніца.
І, вядома ж, захапленне прадметам і імкненне да глыбокіх ведаў дазваляе дзяўчатам з гімназіі № 4 Баранавіч прымаць актыўны ўдзел у алімпіядах рознага ўзроўню па працоўным навучанні, а таксама выконваць свае творчыя праекты. У выніку за апошнія 10 гадоў у скарбонцы Святланы Уладзіміраўны і яе вучаніц ёсць дыпломы I і II ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, 16 дыпломаў II і III ступені абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні.
Такія дасягненні патрабуюць шмат часу, а ў гімназіі, як вядома, на працоўнае навучанне адводзіцца толькі гадзіна на тыдзень. Гэта балючае пытанне, пра якое Святлана Уладзіміраўна не раз згадвала падчас нашай размовы. Часу катастрафічна не хапае, таму, каб данесці неабходны аб’ём інфармацыі, трэба вельмі пастарацца. Але мая сённяшняя гераіня не проста стараецца, яна імкнецца з карысцю выкарыстоўваць кожную хвіліну ўрока. І дапамагаюць ёй у гэтым сродкі тэхналогіі шматмерных дыдактычных інструментаў. Менавіта яны з’яўляюцца асновай для развіцця тэхналагічнай, даследчай культуры, пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках абслуговай працы і ў пазаўрочны час.
— Дыдактычныя шматмерныя інструменты (ДШІ) — схематызацыя аб’ектаў і з’яў, што вывучаюцца, якая з’яўляецца важным крокам у іх разуменні. Як адзначае М.І.Запрудскі, “… гэтыя інструменты з’яўляюцца для вучня своеасаблівай шпаргалкай, якая дазваляе даследаваць, засвойваць, памятаць, прайграваць асноўны вучэбны матэрыял; ДШІ служаць не толькі для нагляднай ілюстрацыі матэрыялу, які вывучаецца, сувязей паміж часткамі адзінага цэлага, але і для фарміравання адэкватнага алгарытму даследчых дзеянняў, для падвядзення навучэнцаў да тлумачэння імі працэсаў і з’яў…”.
Найбольш эфектыўнымі і перспектыўнымі для выкарыстання ў адукацыйным працэсе інструментамі шматмернай дыдактычнай тэхналогіі з’яўляюцца логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ) — веды ў выглядзе каардынатна-матрычных каркасаў апорна-вузлавога тыпу для нагляднага, лагічнага і паслядоўнага прадстаўлення і засваення вучэбнай інфармацыі.
Магчымасць прадстаўлення вялікіх масіваў вучэбнага матэрыялу ў выглядзе нагляднай і кампактнай ЛСМ дае двайны вынік. Найперш — вызваляе час. А пастаяннае выкарыстанне логіка-сэнсавых мадэлей фарміруе лагічнае ўяўленне аб вывучанай тэме, раздзеле і курсе ў цэлым.
Дзейнасць па складанні і прымяненні ЛСМ дае магчымасць убачыць усю тэму цалкам і кожны яе элемент паасобку, дазваляе параўнаць аб’екты і з’явы, устанавіць і растлумачыць сувязі, згортваць і разгортваць інфармацыю, а мультымедыйная прэзентацыя (іх настаўніца стварае сама) дазваляе бачыць аб’екты ў натуральным выглядзе, напрыклад, какава-бабы, хлебнае або мыльнае дрэва і інш.
У працэсе вывучэння такіх раздзелаў, як “Апрацоўка тэкстыльных матэрыялаў” і “Асновы дамаводства”, на дапамогу прыходзяць карты памяці, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Разам з тым высокі тэмп заняткаў не перашкаджае настаўніцы і яе вучаніцам разнастаіць сваю дзейнасць творчымі знаходкамі. Калі, напрыклад, на ўроку вырабляюцца кувертныя карткі, то ў кожнай вучаніцы яна свая, адметная. Акрамя таго, свае ўрокі Святлана Уладзіміраўна плануе так, каб кожны раздзел плаўна пераходзіў у наступны і пры гэтым была магчымасць рабіць максімальную колькасць творчых работ. Такая арганізацыя ўрочнай дзейнасці, безумоўна, затратная па часе. Святлана Уладзіміраўна, нягледзячы на вялікі стаж, рыхтуе кожны ўрок нанава.
— Праглядаючы свае планы-канспекты ўрокаў, бачу: тое, што было сучасным 2-3 гады назад, ужо састарэла. Увесь час з’яўляюцца новыя тэхнікі, нешта цікавае. Акрамя таго, як вы ведаеце, новыя дзеці патрабуюць новых падыходаў. Канечне, асновы ўрока застаюцца, а вось яго напаўненне даводзіцца мяняць. І гэта нармальна. Мы ж увесь час рухаемся наперад. Цяпер актуальнымі з’яўляюцца электронныя сродкі навучання, якія даюць магчымасць сумесна з дзецьмі рабіць урок цікавым, — расказала настаўніца.
Як чалавек творчы Святлана Уладзіміраўна вітае індывідуальнасць. Яна вучыць азам, а далей пачынаецца творчаць, якая можа праяўляцца ў спалучэнні колераў, тканін, фактур, смакаў і г.д. Калі ёсць жаданне стварыць нешта неверагоднае, але на шляху ўзнікаюць праблемы, то настаўніца раіць не пасаваць, а ісці наперад, бо праблема — гэта рухавік нашага жыцця.
Выхаванкі Святланы Уладзіміраўны становяцца добрымі гаспадынямі — сям’ю галоднай не пакінуць. Як заўважыла настаўніца, 98% вучаніц любяць гатаваць. Ім гэта ў задавальненне. І шыць цяпер куды прасцей, чым было раней. Швейныя машынкі новага пакалення не патрабуюць такіх намаганняў, як некалі з нажным прыводам. У дзяўчат не ўзнікае комплексу, маўляў, а раптам не атрымаецца. Пэўныя складанасці выклікае вязанне, але зноў-такі на дапамогу прыходзяць алгарытмы, распрацаваныя настаўніцай.
Але самае галоўнае тое, што Святлана Уладзіміраўна вельмі адкрыты педагог і шчыры чалавек. Дзверы яе кабінета заўсёды адчынены. Яна знаходзіць час і на перапынках, бо ёсць дзеці, якія ходзяць за ёй да той пары, пакуль не зразумеюць сэнс неабходнага алгарытму. Яна не злуецца, а цярпліва зноў і зноў тлумачыць, даючы падставы для падняцця статусу —вучнёўскага і жыццёвага.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.