Ніколі не перастану здзіўляцца, якім чынам перасякаюцца чалавечыя лёсы. Пра беларускага мастака Зміцера Герасімовіча мне расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі Марыян Серватка падчас Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу-выстаўкі ў 2012 годзе (мастак разам з Уладзімірам Арловым ў славацкім выдавецтве выдаў кнігу “Вялікае Княства Літоўскае” — 400 старонак гісторыі і каля 2000 ілюстрацый). Неўзабаве адзін са знаёмых падарыў мне на Новы год каляндар, аздоблены Зміцерам па заказе БелВэб банка.
Існуе два погляды на працоўную дзейнасць: адны лічаць узорам японскую мадэль, калі чалавек прыходзіць на работу ў карпарацыю і з яе ж сыходзіць на пенсію, іншыя — амерыканскую (чалавек павінен паспытаць шмат прафесій у жыцці, гэта пашырае яго кругагляд і дапамагае крэатыўнаму мысленню).
Пасля 8 класа Зміцер перавёўся ў 73-ю школу з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. Прымалі не проста так: нямецкую трэба было ведаць на даволі высокім узроўні. Ён прыгадвае: “Вучыўся я добра. Ведаю некалькі моў. Калі апынуўся ў Германіі, згадаў школьны вопыт і мог нармальна кантактаваць”.
Потым была праца і вячэрняя школа. Слухаў “варожыя галасы” па радыё, хадзіў на танцы на славутыя “Дошкі” ў сталічным парку Чалюскінцаў. Потым працаваў на заводзе імя Леніна — рэжымным прадпрыемстве.
Зміцер Герасімовіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. Вучыўся на Вышэйшых курсах Дзяржкіно пры Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве і ў Львоўскім паліграфічным інстытуце. Лаўрэат шматлікіх беларускіх і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі. Паспяхова працуе ў кніжнай графіцы, пра што сведчаць шматлікія дыпломы. |
У армію пайшоў у 19 гадоў. Служыў у палітаддзеле ў Калузе. “У мяне была майстэрня, і я ні разу не стаяў у нарадзе. Падпарадкоўваўся толькі зампаліту. Маляваў Брэжнева, Леніна… Там таксама быў адбор сярод вайскоўцаў, якія ўмелі маляваць.
Пасля арміі ўладкаваўся на “Беларусьфільм”: усталёўваў дэкарацыі згодна з мастацкімі эскізамі. Мастакі мяне заўважылі, працу ацанілі і паспрыялі, каб перавёўся асістэнтам мастака. І тут прыходзіць запыт з Масквы на Вышэйшыя курсы Дзяржкіно пры УДІКу.
Сюды траплялі людзі з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй у галіне кіно: рэжысёры, аператары, мастакі, аніматары і рэдактары. Курсы доўжыліся два гады, іх арганізоўвалі даволі рэдка: раз на 5—10 гадоў. Тады я ўбачыў Маскву з сярэдзіны: 15-павярховы інтэрнат паблізу станцыі метро ВДНГ. Якое было бурнае жыццё! На закрытыx паказаx глядзелі забароненае для суайчыннікаў замежнае кіно. Шмат наведвалі майстэрняў мастакоў. І менавіта тады я пачаў адкрываць для сябе Белую Русь.
Прыехаў у Мінск і пачаў працаваць асістэнтам мастака, для работы над стужкамі вывучаў архівы. Пашанцавала працаваць з Барысам Луцэнкам на фільме “Раскіданае гняздо”, з Валерыем Рубінчыкам — на фільме “Культпаход у тэатр” (таксама класічны беларускі матэрыял). Здымалі на Прыпяці, якраз перад чарнобыльскай аварыяй. Быў на экскурсіі на АЭС, падчас якой распавялі, што можа быць, калі здарыцца катастрофа. І праз год яна здарылася…
У дзень выбуху мы здымалі на натурпляцоўцы “Беларусьфільма” (карысталіся ёй для вытворчасці фільмаў на ваенную тэматыку): склады з ваеннай тэхнікай, зямлянкі і інш. Фінальную сцэну стужкі М.Пташука “Знак бяды”, дзе гарыць хутар, тут рабілі. На той час я працаваў у цэху камбінаваных здымак. Мы палілі натуральную хату, з пажарнымі. Потым працавалі з макетамі ў памеры 1:5, 1:10, 1:30 для таго, каб паказаць вачыма гераіні аддаленне яе душы ў космас. Было спякотна — градусаў 35, і дождж, і мы голыя сядзелі пад дажджом і здымалі гэтыя кадры.
Мне было цесна ў межаx савецкага кінематографа — я марыў пра Галівуд, “Парамаўнт”… Неўзабаве сышоў у “Белгандальрэкламу” ў аддзел тэлерэкламы. Пазней пачаў працаваць непасрэдна з паліграфіяй — рабіў эскізы бігбордаў, плакаты, распрацоўваў кампаніям фірменны стыль. У гэты час паступіў у Маскоўскі паліграфічны, з якога праз год перавёўся ў Львоў. Не падабаўся маскоўскі апломб — мы цэнтр свету, а ўсё астатняе — перыферыя. Ад Львова я літаральна ашалеў — старажытны, утульны. Мне адзінаму з курса дазволілі абараняць дыплом па-беларуску. Гэта быў час, калі разваліўся СССР. Пры мне Леніна прынялі, нават брукаванку на месца помніка паклалі такую ж самую, як і была, што і знака не засталося.
У акадэміі мне лепш даваўся дызайн, хаця сакурснікам дапамагаў маляваць ілюстрацыі. На той час адчуваў у сабе вялікі патэнцыял. Тэмай дыплома абраў “Помнікі абарончага дойлідства Беларусі”, але мне прапанавалі зрабіць тэмай этыкеткі для львоўскага бровара. Серыя з 10 штук. Са знікненнем Савецкага Саюза патрабавалася шмат такога прадукту — візуалізацыі новага часу. Ну і да таго ж чаму не зрабіць дызайн рукамі студэнта, а не плаціць прафесійнаму дызайнеру. Жыхары Львова лічылі сваё піва лепшым за кіеўскае. Там гавораць: “Кіеў — сталіца Украіны, а Львоў — сталіца ўкраінцаў”. Калі ласка! Для мяне гэта было лёгка, бо я ўжо працаваў у рэкламнай кампаніі”.
Не стрымліваюся і пытаюся: “Табе сёння за іх не сорамна? Ці лепей бы іх не было?”
Зміцер адказвае: “Палова класна атрымалася, скажу шчыра. Што пра другую… Дызайн — гэта не толькі мае ўласныя магчымасці, але і асяроддзе, у якім пражываю. Калі б я жыў у Францыі ці ў Варшаве, дзе свая школа плаката, ці ў Японіі, напэўна, і ў мяне было б нешта лепшае ў свядомасці для візуалізацыі”.
Потым адкрыліся межы — і яго натура, якой “заўсёды цесныя рамкі”, паклікала ў Еўропу. Працаваў у Германіі, Польшчы. І гэтая аддаленасць абвастрала пачуццё радзімы. Сёння мастак гаворыць: “Упарта займаюся візуалізацыяй беларускай ідэі”. (Прозвішча мастака — у выходных звестках кніг “Ладдзя роспачы” У.Караткевіча, “Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя” У.Арлова, “Край” В.Грудзько, “Ад Полацка пачаўся свет” У.Арлова і інш.).
Яго лёс звязаны і з касцёлам — там заснавалі выдавецтва Ave Maria.
“Пашчасціла працаваць з ксяндзамі, пабываць у Ватыкане на прыёме ў Папы Рымскага. Давялося ўбачыць тое, што выпадае далёка не кожнаму. Зрабіў нават некалькі здымкаў Яна Паўла ІІ.
Рабіў часопісы, буклеты, каталогі. Трэба адзначыць, паслядоўнікі захавалі мой дызайн для часопіса. І там жа — першая сур’ёзная спроба сябе ў ролі мастака кнігі: звярнуліся Купава з Марачкіным і Куліком з прапановай зрабіць кніжку пра Драздовіча”.
Яго лёс зноў жа не быў роўны. Разам з братам трымаў дызайн-студыю. Рабіў афорты на кухні. У 2012 годзе планаваў з Уладзімірам Арловым стварыць кампакт-дыск — камп’ютарную гульню з гісторыі Беларусі.
“З Арловым зрабіў некалькі праектаў (“Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”, “Ад Полацка пачаўся свет” і інш.). Задача — падаць статус нашай гісторыі, каб ілюстрацыі былі не горшымі за тэксты. У гісторыі, на жаль, аб’ектыўнасці няма — ні ў тэкстах, ні ў выявах. Хто перамог, той і малюе праўду. Нават Радзівілаўскі летапіс — перамалёўкі з пазнейшых дакументаў. Ды пры Іване Грозным шмат было фальсіфікацый.
Сёння Зміцер адданы кнізе і параўноўвае работу над ёй з рэжысурай.
“Ва УДІКу мы падрабязна вывучалі матэрыяльную культуру. Кіно патрабуе ведання матэрыялу. У кіно, каб стварыць інтэр’ер, трэба насыціць яго дэталямі і духам: павінна атрымацца поўная ўпэўненасць, што быў там чалавек, выйшаў, а рэчы пра яго раскажуць: хто, якога статусу, полу і да т.п.
Кіно і кніга блізкія, бо кніга — вельмі канцэптуальная рэч, яна можа быць выдадзена любым шрыфтам, яна самадастатковая, зразумелая. Разуменне гэтых нюансаў тлумачыць, чаму адну кнігу хочацца ўзяць з палічкі, а іншую — не. Выяўленчае мастацтва, кіно, тэатр, дызайн — ва ўсім павінна быць канцэптуальнае бачанне.
Я прыйшоў да гэтай працы з пункту гледжання канцэпцыі кіно. Кіно і кніга бліжэйшыя, чым тэатр і кіно, я так лічу. Тэатр — гэта сцэна, гук, змена дэкарацый. Кіно ёсць цітры, уваход, фабула і завяршэнне. З кнігай тая ж сітуацыя. Мы малюем нашы ўяўленні. У стварэнні кнігі мне дапамагае вопыт работы ў кіно: адразу бачу гэты відэашэраг і малюю яго. Канечне, ёсць аркуш паперы, тэхналогіі, ілюстрацыі. Але я найперш адчуваю сцэнарый кнігі, уяўляю творчы вынік выканання маёй ідэі.
Могуць быць выдатныя ілюстрацыі, але ўсё загубіць дрэнны дызайн. Якасць паперы, падбор шрыфтоў, разбіўка матэрыялаў на блокі — усё гэта трэба рэжысіраваць”.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА