Адноўленая школа і камп’ютары ў падарунак

- 11:46Навіны рэгіёнаў, Рознае

Амаль 400 навучэнцаў прыняла ў новым навучальным годзе сярэдняя школа № 3 Рагачова.

Сёлетняя ўрачыстая лінейка для дзяцей і настаўнікаў гэтай установы была асаблівая: новы навучальны год у іх пачаўся ў цалкам абноўленым будынку, у адрамантаваных класах з новай мэбляй. Больш за тое, першавераснёўскай раніцай адбылася сустрэча з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргеем Парошыным. Прыехаў у гэты святочны дзень Сяргей Іванавіч не з пустымі рукамі: ад імя старшыні Гомельскага аблвыканкама ён перадаў рагачоўскай школе № 3 клас, абсталяваны адзінаццаццю сучаснымі камп’ютарамі.

Начальнік упраўлення адукацыі адзначыў, што менавіта шырокае ўкараненне камп’ютарных тэхналогій ва ўстановах адукацыі Гомельшчыны дазваляе павышаць якасць вучэбнага працэсу. Такі курс у школах рэгіёна быў узяты два гады назад, і сёння камп’ютарная база навучальных устаноў ужо істотна абноўлена. Гэта значыць, што павысіўся ўзровень выкладання ўрокаў інфарматыкі, у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя метады. Ёсць і пэўныя вынікі такой работы: гомельскія школьнікі сталі заваёўваць больш медалёў на рэспубліканскіх алімпіядах, павысіліся паказчыкі цэнтралізаванага тэсціравання.

З падарункам да хлопчыкаў і дзяўчынак рагачоўскай школы прыбыў і прадстаўнік абласной Дзяржаўтаінспекцыі. Цяпер у школьнікаў ёсць тры новенькія веласіпеды для вывучэння Правілаў дарожнага руху. Здаецца, вельмі цікавая задума. Язда на веласіпедзе робіцца модным кірункам у маладзёжным асяроддзі. Гэта вельмі радуе. А калі да гэтага яшчэ прыкласці веданне ПДР, то за дзяцей можна быць спакойнымі.

На рамонт сярэдняй школы № 3 Рагачова з абласнога бюджэту было выдзелена звыш 1 млн рублёў, што дазволіла зрабіць капітальны рамонт фасада і даху, набыць новую мэблю, добраўпарадкаваць тэрыторыю і спартыўныя пляцоўкі. А вось за прыгажосць калідораў і кабінетаў трэба падзякаваць прафтэхаўцам. Усе ўнутраныя работы выконвалі валанцёрскія брыгады каледжаў і ліцэяў будаўнічага профілю Рагачова, Гомеля і Мазыра.

Як правіла, да новага навучальнага года рыхтуецца кожная ўстанова. Недзе дастаткова толькі пафарбаваць сцены, а недзе патрабуецца правесці сур’ёзныя работы. Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама, акцэнт быў зроблены на стварэнне ва ўстановах адукацыі бяспечных умоў для дзяцей: аднаўлялі агароджы, апоры, замянялі аконныя рамы, прыводзілі ў парадак электраправодку.

Наталля ЛУТЧАНКА.