Абласны фестываль-конкурс устаноў дашкольнай адукацыі “Свет дзяцінства” адбыўся на Міншчыне ўпершыню, і ўдзел у ім бралі ўсе дзіцячыя сады і ДЦРД вобласці.
— Конкурс быў задуманы з мэтай стварэння аптымальных умоў знаходжання выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу, — расказвае Ірына Уладзіміраўна Машкетава, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — У першым фестывалі-конкурсе мы звярнулі ўвагу на ўмовы, якія ствараюцца на тэрыторыі ўстановы.
Фестываль-конкурс стартаваў на пачатку лета. Летні перыяд — гэта сезон, калі амаль увесь дзень дзеці праводзяць на вуліцы, вяртаючыся ў групы толькі для таго, каб паесці і адпачыць. Конкурс стымуляваў калектывы садоў і цэнтраў напярэдадні летняга сезона задумацца, ці добрае створана асяроддзе на тэрыторыі ўстановы і ці дастаткова зроблена для выхаванцаў. У ходзе конкурсу яго ўдзельнікі маглі параўнаць вынікі сваёй работы з тым, чаго дасягнулі калегі.
Спачатку лепшых выбралі ў кожным раёне вобласці. 25 пераможцаў раённага этапу змагаліся на абласным узроўні ў дзвюх намінацыях. У намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства заўтра” спаборніцтвы адбываліся ў завочнай форме. Канкурсанты павінны былі паказаць, якімі свае ўстановы бачаць у перспектыве, і прадставілі на суд журы дызайн-праекты па стварэнні адукацыйнай прасторы на тэрыторыі сваёй установы адукацыі. Чарцяжы і аб’ёмныя мадэлі суправаджаліся дадатковай інфармацыяй і канкрэтным планам рэалізацыі дызайн-праекта. Пераможцам у гэтай намінацыі стаў ДЦРД “Сонейка” вёскі Рудаўкі Нясвіжскага раёна. Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Мядзельскага раёна заняў другое месца.
Удзельнікі конкурсу ў намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства сёння” ў двух турах дэманстравалі, чаго дасягнулі. Іх задачай было паказаць, што адукацыйнае асяроддзе на тэрыторыі ўстановы створана творча і крэатыўна, з улікам бяспекі, педагагічнай мэтазгоднасці, поліфункцыянальнасці выкарыстання, добра абсталявана. Экспертная група звяртала ўвагу на разнастайнасць аб’ектаў на тэрыторыі, ландшафтны дызайн і азеляненне, эстэтыку афармлення, улік узроставых асаблівасцей дзяцей і інш. На завочны тур удзельнікі даслалі мультымедыйныя прэзентацыі, якія падрабязна і дэталёва паказвалі тэрыторыю ўстановы з дапамогай фотаздымкаў, схем. Таксама дасылалася інфармацыя пра тое, якую інфармацыйна-метадычную падтрымку мае створанае асяроддзе.
Па выніках завочнага этапу 10 устаноў перайшлі ў наступны — вочны. Экспертная група адправілася ў кожную з гэтых устаноў, каб не толькі на свае вочы ўбачыць створаныя для дзяцей умовы, але і ўпэўніцца, што створана ўсё не дзеля птушачкі, а сапраўды выкарыстоўваецца ў рабоце і на карысць дзяцей. Члены экспертнай групы з задавальненнем адзначылі, што ўдзельнікі прадэманстравалі добрыя вынікі і грунтоўную работу. Вылучыць пераможцаў было няпроста — розніца ў балах паміж лідарамі была зусім маленькай. Эксперты высока ацанілі, напрыклад, летняе кафэ, сад касачоў і французскі дворык, якія арганізавалі ў ДЦРД Фаніпаля. А супрацоўнікі санаторнага ясляў-сада № 10 Вілейкі кожную веранду ператварылі ў тэматычную пляцоўку, адпаведна размаляваўшы сцены. Гэтыя малюнкі надзвычай прадуманыя і даюць мноства магчымасцей для арганізацыі заняткаў.
Разнастайна і змястоўна напоўнілі асяроддзе супрацоўнікі санаторнага ясляў-сада Капыля. Тут дзейнічаюць тэматычныя пляцоўкі: турыстычны куток, дзе дзеці робяць першыя крокі да актыўнага адпачынку; гарадок бяспекі і пляцоўка па вывучэнні ПДР. Месцам творчасці і развіцця фантазіі стала пляцоўка “Вясёлыя мастакі і фантазёры”, з мастацкай літаратурай дзеці знаёміліся на пляцоўцы “Кніжнае каралеўства”, на пляцоўцы “Тэатральная карусель” арганізоўвалася тэатральная і мастацка-маўленчая дзейнасць выхаванцаў. Цудоўныя гульнявыя пляцоўкі з цэнтрамі пяску і вады, сюжэтна-ролевых гульняў, самастойнай дзейнасці дапамагалі рабіць дзіцячыя забавы цікавымі і карыснымі. А для ўмацавання здароўя выхаванцаў створаны якасныя спартыўныя пляцоўкі, сцяжынка здароўя і траса тэрэнкура. (Тэрэнкур — метад аздараўлення з дапамогай пешаходных прагулак з узыходжаннем на ўзвышшы па вызначаных маршрутах.)
Цудоўныя ўмовы стварылі для сваіх выхаванцаў і ў яслях-садзе № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”. Тут малыя з нецярпеннем чакаюць падарожжаў па экалагічнай сцяжынцы. На шляху яны завітаюць у аптэчны куток з лекавымі раслінамі, на станцыю юнага даследчыка, іх чакаюць грыбная палянка, пчальнік, домік вожыкаў, мурашнік, птушыная сталовая, вадаём. Асабліва карыстаюцца попытам у малышоў станцыі экасцяжыны “Дамашняя ферма” — стылізаваны куток з аб’ёмістымі фігуркамі жывёл, і станцыя “Падарожжа ў казку”, дзе малых чакаюць любімыя персанажы.
Трэцяе месца па выніках абласнога фестывалю-конкурсу “Свет дзяцінства” раздзялілі паміж сабой ДЦРД Мар’інай Горкі і Фаніпаля, на другім месцы — ДЦРД Нарачы і санаторны яслі-сад № 10 Вілейкі. А пераможцамі сталі санаторны яслі-сад Капыля і яслі-сад № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.
З лепшым вопытам работы, выяўленым падчас правядзення конкурсу, пазнаёмяцца ўсе дашкольныя ўстановы вобласці і абавязкова знойдуць цікавыя ідэі, якія рэалізуюць на сваёй тэрыторыі. А конкурс “Свет дзяцінства” будзе праводзіцца штогод, адпаведна сучаснай сітуацыі будуць мяняцца намінацыі і вызначацца актуальныя задачы для рэалізацыі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадстаўлены ўстановай адукацыі.