Сейбіт, кідаючы ў зямельку зярняты, марыць пра тое, што з іх вырастуць моцныя, налітыя сілай каласы. Таму зярняты ён старанна адбірае і захоўвае ўзімку — з дрэннага зерня не вырасце нічога добрага. Гэты сімвалічны вобраз трымалі ў думках стваральнікі чытацкага клуба “Зярняты”, што працуе ў сярэдняй школе № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова. Яны вырашылі, што неабходна сеяць у вучнях правільныя “зярняты”, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі. І “зярняты” гэтыя знаходзяць у кнігах.
Праблема зніжэння чытацкай актыўнасці сярод моладзі апошнім часам актыўна абмяркоўваецца на розных узроўнях. У салігорскай школе № 5 вырашылі не быць назіральнікамі, а паспрабаваць самім паўплываць на сітуацыю на ўзроўні школы. Так нарадзілася ідэя праекта “Культуратворчая прастора развіцця адукацыйных кампетэнцый навучэнцаў (праз работу чытацкага клуба “Зярняты”)”, які рэалізоўваўся ў школе на працягу трох гадоў.
Перад сяўбой неабходна падрыхтаваць глебу — з гэтага і пачалася работа ў школе. Спачатку паспрабавалі высветліць сітуацыю з чытаннем і цікавасцю школьнікаў да кніг. Правялі сярод навучэнцаў сярэдняга звяна школы некалькі анкетаванняў і апытанняў, якія далі несуцяшальныя вынікі: для большасці дзяцей у якасці крыніцы інфармацыі кнігі знаходзяцца не на першым месцы, сур’ёзна саступае чытанне іншым спосабам баўлення вольнага часу. Некаторыя дзеці не толькі не маглі назваць кнігі, якія ёсць у іх дамашняй бібліятэцы, але нават не разумелі, што гэта за бібліятэка такая. Перш чым “падступіцца” да дзяцей, папрацавалі з бацькамі — тлумачылі ім праблему, падказвалі, як бацькі могуць паўплываць на сітуацыю.
Культуратворчае асяроддзе стваралі ў школе падчас заняткаў, на факультатывах, у аб’яднаннях па інтарэсах. Аднак найбольш актыўная работа вялася з дапамогай чытацкага клуба “Зярняты”. Ідэйным натхняльнікам клуба стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Волкава, дзейнасць клуба арганізоўвае творчая група, у якую ўвайшлі выкладчыкі моў і літаратуры школы. Не застаюцца ўбаку і іншыя педагогі. Да мерапрыемстваў клуба далучаюцца настаўнікі музыкі, харэаграфіі, фізікі і інш. Жадаючых дапамагчы знайшлося нямала.
Работа клуба аматараў чытання “Зярняты” ладзіцца ў рамках трох секцый: “Чытач”, “Даследчык”, “Творчасць”. Раз на тыдзень адбываюцца пасяджэнні першай секцыі, на якіх школьнікі абмяркоўваюць прачытаныя кнігі. Два разы на месяц у цэнтры ўвагі творы рускай літаратуры і па разе на месяц — кнігі беларускіх і замежных аўтараў. Так, удзельнікі клуба дзяліліся ўражаннямі ад аповесцей Б.Васільева і А.Алексіна, раманаў Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, Э.Л.Войніч “Авадзень”, Ю.Вазнясенскай “Шлях Касандры, ці Падарожжа з макаронамі” і інш. Таксама на пасяджэннях клуба адбываюцца конкурсы чытальнікаў, відэакліпаў-ілюстрацый да твораў, ладзяцца творчыя майстэрні, праводзяцца літаратурныя віктарыны, чытацкія марафоны, аратарскія турніры, дыспуты. Два разы на год праходзіць агульная чытацкая канферэнцыя клуба. Так, тэмамі канферэнцый ужо станавіліся аповесць Янкі Маўра “У краіне райскай птушкі” і раман “Два капітаны” В.Каверына.
Грунтоўныя даследаванні па літаратуры ажыццяўляюць удзельнікі клуба “Зярняты” ў секцыі “Даследчык” і маюць у гэтым поспехі. Лізавета Цітова і Вольга Сташкевіч са сваімі работамі, прысвечанымі жыццю і творчасці Ф.М.Дастаеўскага, бралі ўдзел у Першых і Другіх міжнародных Дастаеўскіх чытаннях у Маскве і былі ўзнагароджаны дыпломамі І ступені. Работа Вольгі Волкавай “Хрысціянскія матывы ў дзіцячым фэнтэзі” была ўдастоена дыплома ІІ ступені на абласным этапе конкурсу работ даследчага характару.
У клубе “Зярняты” выкарыстоўваюцца розныя формы работы. Глыбока асэнсаваць літаратурныя творы праз творчасць дае магчымасць аднайменная секцыя клуба. Дзеці распрацоўваюць сцэнарыі тэатральных пастановак і літаратурна-музычных кампазіцый і выходзяць з імі на сцэну. Для вучняў малодшых класаў, іх бацькоў, бабуль і дзядуляў “зярнятаўцы” падрыхтавалі навагоднюю казку-фантазію “Заяц и ВолКшебство”. Маленькія школьнікі весяліліся і радаваліся, а ўдзельнікі клуба праяўлялі свой артыстызм і творчы запал. Разам ладзілі свята “Вячоркі”. Для гэтага ўдзельнікам клуба давялося даследаваць скарб народнай культуры, вуснай народнай творчасці, навучыцца танцаваць народныя танцы і спяваць песні.
Удзельнікі клуба пачыналі з простых спектакляў, працавалі над сабой, удасканальвалі сваё артыстычнае майстэрства, дыкцыю і паступова ўскладнялі змест і эмацыянальнае напружанне сцэнічных мерапрыемстваў. Поўнага раскрыцця тэатральных здольнасцей, а таксама максімальнага ўздзеяння на эмоцыі гледачоў удалося дасягнуць у спектаклі-рэквіеме “Мы — званы, мы — з вайны”. У аснову сцэнарыя мерапрыемства лягла кніга Б.Сачанкі “Апошнія і першыя”, а таксама вершы беларускіх паэтаў. На мерапрыемства былі запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Віктар Цімафеевіч Цесавец і салігорская паэтэса Эра Рыгораўна Ставер. У спектаклі была раскрыта тэма “беларускіх хатыней”. Кожны прысутны з жахам у сэрцы слухаў “сведак”, тых самых “апошніх”, на чыіх вачах спальваліся вёскі і іх родныя. Шчырае разуменне і перадача артыстамі складанага матэрыялу праймала гледачоў да слёз. Кульмінацыяй драматычнай пастаноўкі стала харэаграфічная кампазіцыя “Ляцела куля”. Мовай пластыкі выканаўца вучаніца Маргарыта Засадыч перадала трагедыю маці і яе надрыўны боль аб страчаным на вайне сыне. Выкананне песні настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Тамарай Андрэеўнай Курловіч дапоўніла выступленне трагічнымі нотамі. Супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў, спалучэнне музыкі, слова і пластыкі спрыяла нараджэнню вялікага шквалу эмоцый, драматызму.
Вось такая шматгранная дзейнасць чытацкага клуба “Зярняты”, якая выходзіць за межы выключна чытацкага аб’яднання. Зразумела, сказаць, што ўсе дзеці адразу пасля далучэння да клуба дружна і масава зачыталі, будзе няпраўдай. Але змястоўныя, нестандартныя мерапрыемствы, творчая дзейнасць і, безумоўна, неабыякавыя творчыя педагогі, якія натхняюць дзяцей сваім прыкладам і заўсёды знаходзяць для іх цікавыя творы і не менш цікавыя формы работы з імі, паступова мяняюць сітуацыю да лепшага. Хоць непасрэдна ў клубе “Зярняты” ўсяго каля 30 членаў, работа па прыцягненні школьнікаў да чытання ахапіла амаль усю школу. Сёння ўдзельнікі клуба не толькі самі з задавальненнем чытаюць, але яшчэ і стараюцца папулярызаваць чытанне сярод таварышаў — наведваюць навучэнцаў малодшых класаў, праводзяць для іх развіццёвыя гульні і расказваюць ім аб цікавых кнігах. А гледачамі спектакляў, удзельнікамі масавых мерапрыемстваў, якія арганізоўваюць члены клуба, становяцца амаль усе вучні школы.
Педагагічны праект “Культуратворчая прастора развіцця адукацыйных кампетэнцый вучняў (праз работу чытацкага клуба “Зярняты”)” знайшоў свой працяг у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння”, які будзе ажыццяўляцца ў 2016—2019 гадах. А клуб “Зярняты” працягвае сваю дзейнасць, сёлета да яго далучыліся новыя “зярняткі” — навучэнцы 4-х класаў.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.