Зразумець, навучыць, выхаваць

- 10:06Людзі адукацыі, Рознае

Настаўнік-метадыст Святлана Сяргееўна Мелехавец прыйшла ў педагогіку дзякуючы бацькам: маці выкладала беларускую мову і літаратуру, тата — хімію і біялогію. Прыклад бацькоў дапамог не толькі выбраць любімую прафесію, але і сцвердзіцца ў ёй за 25 гадоў як высакакласны спецыяліст.

— З ранняга дзяцінства расла ў школьнай хімічнай лабараторыі, бо бацька часта браў мяне на работу, — гаворыць Святлана Сяргееўна. — Вельмі рана пазнаёмілася з хімічнымі доследамі. Палюбіла іх. Так узнік трывалы інтарэс да хіміі. У алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і хіміі ўдзельнічала з 7 класа. Ды і з педагогамі заўсёды шанцавала. Адным з прыкладаў прафесіяналізму была настаўніца хіміі Ніна Андрэеўна Лазіцкая з сярэдняй школы № 1 Ганцавіч. Таму з выбарам прыродазнаўчай адукацыі не вагалася.

Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна С.С.Мелехавец выкладала хімію ў Жамчужненскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна і сярэдніх школах №№ 34 і 28 Брэста. Там атрымала навыкі работы з малодшымі школьнікамі і асаблівымі дзецьмі, у мультыпрофільных класах, пазакласнай дзейнасці і алімпіядным руху. Пэўны час Святлана Сяргееўна працавала асістэнтам кафедры хіміі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Вопыт універсітэцкай работы аказаўся надзвычай карысным у прафесійным станаўленні. З 2006 года настаўніца шчыруе ў брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна.

— У педагагічнай прафесіі не расчаравалася, — прызнаецца С.С.Мелехавец. — Прыемна, што і многія сакурснікі засталіся ў педагогіцы. Люблю працаваць з дзецьмі, бачыць у іх вынікі сваёй работы, пастаянна самаразвівацца і самаўдасканальвацца.

Больш за 15 гадоў Святлана Сяргееўна ўзначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў хіміі Маскоўскага раёна Брэста. На працягу доўгага часу педагог з’яўлялася ўдзельніцай абласной творчай групы настаўнікаў хіміі. Сёння С.С.Мелехавец уваходзіць у рэспубліканскую атэстацыйную камісію на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі настаўніка хіміі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, чытае лекцыі ў Брэсцкім абласным ІРА.

— Сваю задачу як настаўніка бачу ў тым, каб сфарміраваць у вучняў станоўчыя адносіны да хіміі, даць цікавыя, карысныя і трывалыя веды, развіць станоўчыя чалавечыя якасці, — адзначае Святлана Сяргееўна. — Педагог павінен разумець дзяцей, быць добрым, спагадлівым, чулым, цярплівым, у меру строгім, дасканала ведаць свой прадмет. У аснове маёй работы ляжыць педагогіка супрацоўніцтва, калі вучань бачыць у настаўніку не карны орган, а сябра, дарадчыка і памочніка.

Вялікую ўвагу С.С.Мелехавец удзяляе прафарыентацыі вучняў, валеалагічнай педагогіцы і пазакласнай дзейнасці па прадмеце. Прафарыентацыйная работа ўключае шэраг мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць усвядомленаму і правільнаму выбару будучай прафесіі і паспяховай адаптацыі выпускнікоў да дарослага жыцця. Валеалагічная педагогіка — гэта не толькі выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій на ўроку, але і паслядоўнае фарміраванне ў вучняў навыкаў здаровага ладу жыцця. Пазакласная работа накіравана на развіццё інтарэсу да хіміі праз конкурсы, віктарыны і прадметныя тыдні.

Не абыходзіць увагай настаўніца даследчую дзейнасць вучняў і работу з алімпіяднікамі, арганізаваную на факультатывах (у тым ліку міжшкольным) і індывідуальных занятках. Разам з тым Святлана Сяргееўна лічыць, што нельга абсалютызаваць алімпіядны рух на шкоду агульнавучэбнай дзейнасці. На рахунку выхаванцаў педагога — каля 60 дыпломаў, атрыманых на раённых і абласных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

— У сваёй рабоце кіруюся прынцыпам: максімум ведаў на ўроку, а не дома, — расказвае С.С.Мелехавец. — Актыўна выкарыстоўваю асобасна арыентаванае і праблемнае навучанне, элементы тэхналогій модульнага навучання і поўнага засваення ведаў, універсітэцкай і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Галоўнае — даступнасць матэрыялу, псіхалагічны камфорт на занятках, фарміраванне асобы вучняў падчас уласнай дзейнасці, актуалізацыя асабіста значных матываў і развіццё творчых здольнасцей. Радуе, што больш за 90% выпускнікоў класаў хіміка-біялагічнага профілю працягваюць адукацыю ў медыцынскіх, ветэрынарных і тэхналагічных УВА, прычым больш за 80% — на бюджэтнай аснове.

Святлана Сяргееўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю: публікуецца ў рэспубліканскіх навукова-метадычных і адукацыйных выданнях, з’яўляецца аўтарам дапаможнікаў “Планаванне і арганізацыя работы кабінета хіміі”, “Хімічныя дыктоўкі. Дыдактычны матэрыял для старшай ступені сярэдняй школы”, “Самастойныя і кантрольныя работы па хіміі”, а таксама алімпіядных заданняў. С.С.Мелехавец распрацавала тэхналогію стварэння электроннага партфоліа для настаўнікаў прыродазнаўчанавуковага цыкла. Вопыт педагога абагульнены па тэмах “Выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій і валеалагічнай педагогікі ў выкладанні хіміі”, “Эфектыўнасць выхаваўчай сістэмы па стварэнні ўмоў для сацыялізацыі і самаразвіцця асобы вучняў” і “Прафарыентацыйная накіраванасць адукацыйнага працэсу па хіміі”. С.С.Мелехавец ахвотна дзеліцца з калегамі напрацоўкамі падчас адкрытых урокаў, майстар-класаў, семінараў і канферэнцый.

Святлана Сяргееўна актыўна ўдзельнічае ў эксперыментальнай дзейнасці, бо лічыць, што без пастаяннага творчага пошуку і самаадукацыі немагчыма дасягнуць высокай якасці ведаў і прафесіяналізму. Так, педагог з’яўлялася членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў-даследчыкаў па апрабацыі мадэлі сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з 12-гадовым тэрмінам навучання і членам творчай групы настаўнікаў ліцэя ў структуры рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі “Апрабацыя зместава-тэхналагічнай мадэлі старшай ступені школы”. Акрамя таго, С.С.Мелехавец удзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа — ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння вучняў” і эксперыментальнага праекта “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання”. Сёння педагог працуе ў рамках эксперыментальнага праекта “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”.

— Заўсёды працавала так, каб не было сорамна перад бацькамі, — заўважае С.С.Мелехавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.