Нядаўна Слуцк адзначыў грандыёзны юбілей — 900 гадоў. Разам з ім важныя падзеі свайго жыцця святкуюць і ўстановы адукацыі горада. Так, у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы 85 выхаванцаў 8 і 10 класа атрымалі ганаровае званне “кадэт”!
Ужо сёмы раз установа прымае ў сваё дружнае братэрства рашучых і адважных юнакоў і дзяўчат, якія змаглі пераадолець усе выпрабаванні на шляху да сваёй мэты. Падтрымаць будучых захавальнікаў бяспекі ў дзень свята прыехалі начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Новікаў, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС падпалкоўнік Сяргей Лапановіч, ваенны камісар вобласці палкоўнік Мікалай Крыўчэня і інш.
Адзін з галоўных і адказных момантаў цырымоніі перад атрыманнем пагонаў — прыняцце ўрачыстай клятвы, якая абавязвае кадэтаў працаваць на славу Радзімы. І вось звычайныя дзеці сталі сапраўднымі кадэтамі!
— Мы ўсе жадаем, каб вы былі ўзорам і прыкладам, каб пранеслі ганаровае званне кадэта праз усё жыццё, — сардэчна павіншавала новых курсантаў Галіна Казак.
У рамках мерапрыемства педагогі вучылішча і іх выхаванцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Потым, каля ўвахода ў вучылішча, была закладзена памятная пліта ў знак набору кадэцкага класа па профілі падрыхтоўкі для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі МНС.
З кожным годам выпускнікоў кадэцкага вучылішча, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сістэмы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, становіцца ўсё больш. Калі ў 2012 годзе — гэта 15 кадэтаў, то ў 2016 — 40! На думку дырэктара Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргея Мяцельскага, гэта звязана, з аднаго боку, з ільготамі для выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў, з другога — гэта паказальнік таго, што ўзровень выхаванцаў расце.
225 выхаванцаў установы адукацыі з юнацкіх гадоў вучацца абараняць сваю Бацькаўшчыну. Большасць з іх інакш сваё жыццё і не ўяўляе.
Вікторыя ГОМЗА.
Фота аўтара.