Гімн прафесіям

- 10:36Навіны рэгіёнаў

Усе грані сваіх талентаў, а таксама гонар за сваю будучую прафесію прадэманстравалі ўдзельнікі абласнога этапу рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ”. Навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Мінскай вобласці падрыхтавалі яркія выступленні, прасякнутыя павагай да каледжаў і ліцэяў, дзе яны навучаюцца.

На першым этапе праекта мерапрыемствы адбыліся ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пасля чаго 18 лепшых каманд прадставілі свае ўстановы на абласным этапе. Навучэнцы сваімі выступленнямі папулярызавалі прафесійна-тэхнічную адукацыю і рабочыя спецыяльнасці, фарміравалі пазітыўны вобраз прафесій, якія яны асвойваюць.

Экспертная група ацэньвала выступленні ў сямі намінацыях, улічваючы мастацкае афармленне, стылістычнае адзінства тэксту, музыкі і дзеянняў, артыстычнасць выступоўцаў, а таксама стварэнне прывабнага іміджу прафесійнай адукацыі рэгіёна. Фінальны этап прайшоў завочна — свае выступленні каманды запісалі на відэа і даслалі журы.

У першай намінацыі ўдзельнікі стваралі мастацка-публіцыстычныя праграмы “Выбіраем прафесію — выбіраем будучыню!”, у якіх з дапамогай мастацкіх і сучасных тэхнічных сродкаў раскрывалі асаблівасці, годнасць і запатрабаванасць пэўных прафесій на рынку працы. Найлепш гэта ўдалося ўдзельнікам з творчага аб’яднання навучэнцаў “Вобраз” Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, якія і занялі 1-е месца ў намінацыі.

Гімн прафесіі ў вершах і песнях выконвалі навучэнцы ў наступнай намінацыі. Найлепшыя выканаўцы, на думку журы, — выхаванцы творчага аб’яднання навучэнцаў “Вакальная студыя” Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Намінацыя “PR-спічрайтынг “Мая прафесійная будучыня” прадугледжвала стварэнне і выкананне твораў з выкарыстаннем слоганаў і рэкламных тэкстаў, якія б раскрывалі сучаснае аблічча рабочага і спецыяліста, здольнага да асабістага прафесійнага росту і развіцця. Пераможцай у гэтай намінацыі стала Валянціна Цялюк, навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа.

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Лічба” Любанскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя перамаглі ў намінацыі “Прома-батл “Калі сёння — заўтра”. Для гэтага ім давялося прадаставіць прэзентацыі, накіраваныя на папулярызацыю рабочых прафесій, якія змяшчалі рэкламныя буклеты, прома-матэрыялы. Абавязковай для гэтай намінацыі была работа прамоўтараў з выкарыстаннем інтэрактыўнага ўзаемадзеяння.
Для ўдзелу ў намінацыі “Відэаальтэрнат “Імкнёмся: вучыцца, ведаць, умець” удзельнікі стваралі відэафільмы і відэакліпы, дэманструючы, што валодаюць рознымі сучаснымі тэхнікамі і кірункамі, такімі як 3D-візуалізацыя, time lapse, freezelight, або маляванне святлом, камбінаваныя здымкі, анімацыя. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Те-АРТ” Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя змаглі здзівіць экспертную групу больш за іншых і сталі пераможцамі ў намінацыі.

Вольга Раманаўна Даманская, педагог-арганізатар Капыльскага дзяржаўнага каледжа, стварыла лепшы прэзентацыйны інфармацыйна-метадычны модуль “Наш час — ініцыятыва” і перамагла ў аднайменнай намінацыі.

Задача, якая стаяла перад удзельнікамі праекта “ПРАФ-БУМ”, — рэклама рабочых прафесій і ўстаноў адукацыі, якія іх даюць. І самі навучэнцы, што бралі ўдзел у праекце, — творчыя, таленавітыя, неабыякавыя — і ёсць найлепшая рэклама.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.