У Мінску адбыўся XXI Беларускі энергетычны і экалагічны форум, які штогод становіцца значнай падзеяй для ўсіх энергетыкаў і эколагаў не толькі Беларусі, але і замежжа. Праграма форуму ўключала шмат мерапрыемстваў: пленарнае пасяджэнне, навукова-практычныя семінары, прэзентацыі і выставы. Важнай яго часткай стала VII Міжнародная канферэнцыя “Энергазберажэнне і павышэнне эфектыўнасці”. Адзін з кірункаў работы канферэнцыі быў прысвечаны пытанням энергаэфектыўнасці ва ўстановах адукацыі.
Серыю мерапрыемстваў, накіраваных на распаўсюджванне пазітыўнага вопыту па ўкараненні энергаэфектыўных мер ва ўстановах адукацыі Беларусі, адкрыў семінар “Сістэмны падыход для вырашэння пытанняў энергаэфектыўнасці ва ўстановах адукацыі на прыкладзе дэманстрацыйнага аб’екта”. Гэтым аб’ектам стала сярэдняя школа № 4 Дзяржынска. Удзел у семінары бралі прадстаўнікі абласных упраўленняў адукацыі, раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, адказныя за рэалізацыю энергаэфектыўных мерапрыемстваў, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі.
Два гады назад сярэдняя школа № 4 Дзяржынска далучылася да праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”, які рэалізоўваецца пры падтрымцы дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтва Праграмы развіцця ААН (ЕС/ПРААН). Мэта, якая стаіць перад праектам, — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў на мясцовым узроўні ў краіне з дапамогай прымянення энергазберагальных тэхналогій ва ўстановах адукацыі. Дзякуючы праекту з’явіліся энергаэфектыўныя дзіцячыя сады ў Гродне і Ашмянах, каледж у Віцебску і школа ў Дзяржынску.
Семінар даў магчымасць зацікаўленым спецыялістам пазнаёміцца з праектам, этапамі яго рэалізацыі і некаторымі дасягненнямі. На мерапрыемстве выступіла Людміла Канстанцінаўна Лукша, дырэктар сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, якая падзялілася вопытам арганізацыі сістэмнай работы ў галіне рэсурсазберажэння і энергаэфектыўнасці ва ўстанове. Дырэктар звярнула ўвагу калег не толькі на тое, як мяняўся будынак школы ў адпаведнасці з патрабаваннямі энергаэфектыўнасці, але і на тую грунтоўную работу з навучэнцамі, бацькамі і насельніцтвам горада, якая праводзілася ў рамках праекта. Без асветніцтва, папулярызацыі энергазберажэння іншыя меры не будуць эфектыўнымі.
У другі дзень семінара яго ўдзельнікі наведалі сярэднюю школу № 4 Дзяржынска і ўбычылі на свае вочы ўсё, пра што расказвала дырэктар установы. Педагогі і навучэнцы школы правялі для гасцей экскурсію па ўстанове і прадэманстравалі вакуумна-трубны геліякалектар, цеплапункт, сістэму рэкуперацыі і рэгенерацыі паветра, энергаэфектыўнае асвятленне памяшканняў, энергазберагальнае абсталяванне харчаблока. Наведвальнікам школы расказалі аб шматлікіх мерапрыемствах, якія адбыліся ў рамках праекта, — акцыях, экскурсіях, фестывалі педагагічных ідэй “На шляху да беражлівасці”, рабоце школьнага камітэта “Энерга-МЫ”. Невялікім тэматычным канцэртам віталі ўдзельнікаў семінара навучэнцы і іх настаўнікі.
Школа нездарма лічыцца дэманстрацыйным аб’ектам праекта “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”. Ва ўстанове адбылася цеплатэхнічная мадэрнізацыя, і цяпер тут ёсць сучаснае энергазберагальнае абсталяванне. Не менш важна, што тут працуюць педагогі, якія прайшлі спецыяльнае навучанне і праводзяць актыўную работу па прапагандзе беражлівасці.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.