З увагай да якасці адукацыйнага працэсу

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Актуальныя пытанні развіцця сістэмы адукацыі мінскага рэгіёна абмеркавалі на семінары-нарадзе ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Мерапрыемства гасцінна прымала Жодзіна.

Удзел у семінары-нарадзе ўзялі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама, МАІРА, намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце абласнога ліцэя і кадэцкага вучылішча, санаторных школ-інтэрнатаў.

Шчыра вітаючы гасцей у Жодзіне, Ірына Яўгенаўна Дуванава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама, пазнаёміла прысутных з сістэмай адукацыі горада. У горадзе 6 школ і адзін ВПК, 2 гімназіі, 11 дашкольных устаноў адукацыі, Цэнтр дадатковай адукацыі, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, а таксама 2 дамы сямейнага тыпу. Педагогі Жодзіна працуюць старанна, творча і маюць падставы ганарыцца сваёй работай. Упэўніцца ў гэтым удзельнікі семінара маглі, наведаўшы адкрытыя заняткі і семінары-практыкумы, падрыхтаваныя педагогамі школ і гімназій горада. Так, напрыклад, Ірына Міхайлаўна Палянская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Жодзінскай жаночай гімназіі, запрасіла на лінгвістычны эксперымент “Выяўленча-выразныя магчымасці простага сказа”. Майстар-клас “Фарміраванне медыйнай кампетэнцыі навучэнцаў” правяла Эла Мікалаеўна Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна. Фрагмент міжшкольнага факультатыву па падрыхтоўцы да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды “Рашэнне камбінаваных задач” прадэманстравала Валянціна Васільеўна Гранстрэм, настаўніца хіміі Жодзінскай жаночай гімназіі.

Прадставілі ўстановы адукацыі горада і свой вопыт па арганізацыі летняга адпачынку дзяцей. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб духоўна-маральным кругласутачным лагеры “Вытокі”, прадстаўленым гімназіяй № 1, перасовачным турыстычным лагеры, арганізаваным у сярэдняй школе № 5, кругласутачным лагеры працы і адпачынку сярэдняй школы № 9 і абаронча-спартыўным лагеры, прадстаўленым Цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар”.

Семінар-нарада праходзіў у Жодзінскай жаночай гімназіі. Аб установе адукацыі расказала яе дырэктар — Людміла Васільеўна Талмачова — у сваім выступленні і падчас экскурсіі па гімназіі. У адзінай у краіне жаночай гімназіі вучацца 177 дзяўчат. Для іх навучання і развіцця створана цудоўная матэрыяльная база — басейн, спартыўная, трэнажорная і харэаграфічная залы, абсталяваныя кабінеты. Штогод 70—80% выпускніц працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, выбіраючы традыцыйна медыцынскі, лінгвістычны, педагагічны ўніверсітэты. Важнай часткай адукацыйнага працэсу гімназіі лічыцца выхаванне ў дзяўчат гаспадарлівасці і добрых манер, для іх праводзяцца заняткі па розных відах рукадзелля, этыкеце і модзе. Вялікая ўвага ўдзяляецца і медыяадукацыі: дзяўчат вучаць стварэнню кагнітыўнай камп’ютарнай графікі, фота- і відэапрадуктаў рознага кшталту. У пачатковых класах дзяўчаты выдаюць часопісы аб гімназічным жыцці, а ў старшых класах — газету “ГІМНАЗіЯ”, якая некалькі гадоў запар становіцца прызёрам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер”. У гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект па медыяадукацыі. Актыўна і паспяхова займаюцца выхаванкі гімназіі даследчай дзейнасцю, з задавальненнем становяцца ўдзельніцамі “Клуба маладых адкрывальнікаў”. Яшчэ адзін кірунак, які знайшоў сваё развіццё ва ўстанове, — пошукавая дзейнасць, якую ажыццяўляе пошукава-даследчы атрад “Кацюша”. Дэвізам гімназіі стаў выраз “Вучымся не для школы, а для жыцця”.

На семінары быў разгледжаны шэраг пытанняў. Начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Алена Віктараўна Марцінкевіч асвятліла вынікі кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ў частцы выканання патрабаванняў санітарных норм і правіл. Галоўны спецыяліст аддзела Ганна Анатольеўна Беца прааналізавала вынікі вывучэння арганізацыі ўліку дзяцей, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Метадыст цэнтра выхаваўчай работы МАІРА Таццяна Аляксандраўна Куняўская дала ацэнку камплектаванню санаторных школ-інтэрнатаў, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць усталявання сістэмнага ўзаемадзеяння паміж раённымі аддзеламі адукацыі і цэнтральнымі раённымі бальніцамі, а таксама падкрэсліла недапушчальнасць фармальнага падыходу да камплектавання такіх устаноў.

Завяршыўся семінар-нарада наведваннем Беларускага аўтамабільнага завода, дзе госці даведаліся не толькі аб гісторыі і дасягненнях горадаўтваральнага прадпрыемства, але і аб сацыяльным праекце па прафарыентацыі “Міншчына прамысловая”, які тут рэалізоўваецца.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.