Адзін з галоўных педагагічных арыенціраў — асобасны падыход. Часцей пра яго гавораць у кантэксце дакладных навук, актыўна грызці граніт якіх гатовы не кожны школьнік, але на самай справе ён можа спатрэбіцца нават для матывацыі да спорту. Мінскі хакейны клуб “Дынама” таксама вырашыў далучаць школьнікаў да спартыўнага ладу жыцця асабістым прыкладам і пачаў акцыю “Зубры” ідуць у школу”. Падчас акцыі (яна будзе цягнуцца да канца навучальнага года) спартсмены плануюць прывезці хакей у кожны раён сталіцы. А першымі прадстаўнікі знакамітай хакейнай каманды наведалі навучэнцаў санаторнага дзіцячага сада — пачатковай школы № 270.
Гэтая ўстанова не звычайны садок, якіх дзясяткі па ўсім Мінску. Тут працуюць з дзецьмі з анкагематалагічнымі захворваннямі. Сёлета ў садку — 74 выхаванцы-дашкольнікі і 68 вучняў пачатковых класаў. Віталь Уладзіміравіч Маргуноў, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучнёўскай моладзі, расказаў, што для першага мерапрыемства акцыі “Зубры” ідуць у школу” свядома выбралі менавіта гэтую ўстанову: “Тут у нас знаходзяцца асаблівыя дзеці з анказахворваннямі і хваробамі крыві, таму мы палічылі неабходным, каб рэалізацыя пачалася менавіта ва ўстанове такога тыпу. Усё праводзіцца ў форме дабрачыннай акцыі. А такім дзецям дадатковую ўвагу неабходна аказаць у першую чаргу”.
На сустрэчу з “дынамаўцамі” прыйшлі старшыя выхаванцы: друга-, трэця- і чацвёртакласнікі. Дзеці забягаюць у музычную залу — і, гледзячы на іх, амаль адразу забываешся на статус навучальнай установы. Знешне ўсе яны — самыя звычайныя малодшыя школьнікі: гаманлівыя, няўседлівыя, цікаўныя і па-дзіцячы нястрымна энергічныя. І прыемна, што менавіта так — як да самых звычайных — ставяцца да іх вядучыя ў ролях галоўных сімвалаў ХК “Дынама-Мінск” — вясёлы Дынама-мэн у блакітна-белым касцюме і вялікі Зубр, мяккія рогі і плюшавыя капыты якога выклікаюць у дзяцей несуцішнае захапленне. Актыўныя гульні нішто не стрымлівае.
У праграму мерапрыемстваў, з якімі “дынамаўцы” плануюць праехацца па школах Мінска, уваходзяць нескладаныя спартыўныя конкурсы, віктарыны, творчыя заняткі — усё скіравана на тое, каб у гульнявой форме прыцягнуць дзіцячую ўвагу да хакея і заахвоціць весці здаровы лад жыцця, пачаць займацца спортам ці проста паклікаць маму і тату на каток.
Сваё першае маленькае свята ў садку-школе № 270 прадстаўнікі хакейнай каманды адпрацавалі, здаецца, з не меншым, чым у гледачоў, захапленнем. І нядзіўна: усё ж такі дзеці — гэта самая актыўная і ўдзячная аўдыторыя, якая з радасцю адгукаецца на любую прапанову.
Час, адведзены на мерапрыемства, праляцеў непрыкметна. Ад нефармальнага знаёмства хутка перайшлі да групавых спартыўных конкурсаў, разабраліся з тым, як выглядае ўзбраенне хакеіста, і нават правялі віктарыну з пытаннямі па правілах хакея, з якой, дарэчы, дзеці справіліся выдатна: малодшыя школьнікі ведалі і колькасць перыядаў у звычайным хакейным матчы (іх тры), і іх працягласць (па 20 хвілін), і нават даўжыню авертайма (5 хвілін).
На развітанне дзеці і хакеісты абмяняліся сувенірамі: маленькім спартсменам — футболкі і білеты на хакейныя матчы, каб схадзіць з бацькамі, а дарослым членам каманды “Дынама” — плакаты, якія намалявалі самі дзеці напрыканцы мерапрыемства. З такіх малюнкаў з пажаданнямі для хакеістаў плануецца зрабіць вялікую выставу на памяць пра акцыю “Зубры” ідуць у школу”.
Андрэй Уладзіміравіч Рыжанкоў, спецыяліст па маркетынгу ХК “Дынама-Мінск”, паабяцаў: падобныя мерапрыемствы будуць ладзіць па тры разы на месяц. Да канца навучальнага года хакеісты плануюць наведаць па некалькі школ у кожным раёне сталіцы і нават заклікаюць фанатаў у сацыяльных сетках прапаноўваць свае варыянты наступных устаноў адукацыі.
Наперадзе яшчэ шмат гульняў і віктарын, шмат і дзяцей, якія, мабыць, захопяцца хакеем. А свята ў садку-школе № 270 стала сапраўды выдатным пачаткам.
Кацярына ЖОРАВА.
Фота аўтара.