Прыклад, варты павагі

- 11:28Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 9 Гомеля працуе педагог, далікатная жанчына, якую любяць малыя, паважаюць калегі. Маці траіх цудоўных дзяцей Ірына Віктараўна Галецкая — настаўніца музыкі і спеваў. Яна Маці і Педагог з вялікай літары. Сумяшчаць працу і выхаванне сваіх дзяцей і пры гэтым заставацца на вышыні ў гэтых дзвюх ролях, пагадзіцеся, пад сілу не кожнаму.

Ірына Віктараўна ва ўстанове стварыла танцавальны калектыў з навучэнцаў I ступені адукацыі з вясёлай назвай “Аранжавы бегемоцік”, які ўжо добра вядомы ў вобласці і пакрысе заваёўвае сваё месца пад сонцам. Нягледзячы на загружанасць на працы, Ірына Віктараўна шмат увагі ўдзяляе выхаванню і развіццю сваіх дзяцей. Так, старэйшы сын Уладзімір скончыў школу з залатым медалём і ў гэтым годзе стаў студэнтам факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пры гэтым хлопец быў неаднаразовым пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і фізіцы.

Марыя, другое дзіця ў сям’і, адораная ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Спачатку перамогі ў алімпіядным руху па англійскай мове, затым галоўным прадметам стала хімія. І тут дзяўчынка паказала высокія вынікі, дайшоўшы да фіналу дыстанцыйнай алімпіяды па хіміі “Сузор’е талентаў”. Акрамя гэтага, Маша — кандыдат у майстры спорту па настольным тэнісе, за плячыма ў яе перамогі як на рэспубліканскім, так і міжнародным узроўнях. У 9 гадоў Маша заваявала тытул “Маленькая гамяльчанка года”. З 10 гадоў уваходзіць у Беларускую маладзёжную грамадскую арганізацыю ратавальнікаў-пажарных. На працягу шасці гадоў выступала ў складзе каманды ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у палявым лагеры “Выратавальнік”, рэспубліканскіх і міжнародных злётах юных ратавальнікаў-пажарных, дзе каманда станавілася пераможцай. Скончыўшы II ступень адукацыі з пасведчаннем асаблівага ўзору, маючы захапленне педагагічнай працай, Маша паступіла ў Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж, каб атрымаць спецыяльнасць настаўніка англійскай мовы. Стаць настаўнікам яна вырашыла яшчэ ў 3 класе, таму што ёй вельмі падабалася маміна праца, цалкам прысвечаная дзецям.

Самая маленькая ў сям’і, дзівосная і не падобная на старэйшых Ксюша. Ксенія займалася мастацкай гімнастыкай і фігурным катаннем, тэнісам і вакалам адначасова. Як кажа Ірына Віктараўна, прыйшлося купіць машыну і атрымаць правы, таму што не было зразумела, чым будзе займацца Ксенія, а даць ёй выбар вельмі хацелася. Вось так і паспявалі, увесь тыдзень быў распісаны з 8 і да 22 гадзін. У рэшце рэшт, калі трэба было зрабіць выбар, Ксенія спынілася на вакале.

Вядома, для паспяховага выступлення важна ўсё, таму сцэнічныя касцюмы Ірына Віктараўна шыла сама. У свае 9 гадоў Ксенія ўжо “зорачка”, якую ведае ўвесь Гомель і не толькі. Яна стала пераможцай шматлікіх конкурсаў як у нашай краіне, так і за яе межамі. Ксюша — пераможца III Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, лаўрэат I Адкрытага тэлевізійнага конкурсу-фестывалю “Таленты Беларусі”, лаўрэат I ступені XVІІІ Адкрытага конкурсу выканаўцаў “Шлях да зорак”, заваявала гран-пры на Усеўкраінскім конкурсе-фестывалі “Весняний зорепад” у Кіеве і гран-пры ў ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Сузор’е дзіцячых талентаў” у Маскве. Таксама Ксенія была адной з гераінь дзіцячага тэлепраекта АНТ “Дзеткамісія” і фіналісткай пятага сезона дзіцячага песеннага конкурсу пад назвай “Я спяваю!”. А ў гэтым годзе, як раней яе старэйшая сястра, Ксенія ўвайшла ў склад каманды ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў XIX Рэспубліканскім злёце юных ратавальнікаў-пажарных.

Мне як дырэктару школы прыемна было атрымаць ліст, у якім кіраўніцтва Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа выказвае шчырую павагу і ўдзячнасць Ірыне Віктараўне за выдатнае выхаванне дачкі. Ад свайго імя хачу дадаць, што Ірыну Віктараўну ведаю 17 гадоў, яе дзеці раслі на маіх вачах. Яна выдатная жонка і маці. Я ніколі не чула, што ёй цяжка: ні тады, калі Ірына Віктараўна вазіла на санках адразу дваіх дзяцей-пагодкаў, аднаго — у школу, другую — у дзіцячы сад, ні тады, калі дзеці пачалі займацца ў студыях і секцыях у розных частках горада і трэба было кожнага даставіць на заняткі.

У пазітыўнай сям’і вырастаюць выдатныя дзеці. Сям’я Галецкіх заняла 3-е месца ў суперфінале І Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Ірына Віктараўна можа стаць прыкладам для тых людзей, якія наракаюць на жыццё, спасылаючыся на загружанасць, стомленасць, перакладаючы выхаванне дзіцяці на школу, бабуль і вуліцу. Калі б кожны з бацькоў у аснову ўсяго ставіў якаснае выхаванне сваіх дзяцей, мы б не мелі тых праблем, якія сёння ёсць у падлеткавым асяроддзі. Звяртаючыся да бацькоў, хачу сказаць: хто хоча, шукае магчымасці, а хто не хоча, той шукае прычыны. Любіце сваіх дзяцей, клапаціцеся пра іх — і вы атрымаеце такое ж цяпло ў адказ у старасці.

Ліна БАРОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 9 Гомеля.