Спецыяльнасць дзяржаўнага прызначэння

- 12:46Выбар прафесіі

Энергазабеспячэнне заўсёды было стратэгічнай задачай дзяржаўнай палітыкі. Ад яе паспяховага вырашэння залежаць тэмпы і ўзровень далейшага развіцця нашай краіны. І з кожным годам пытанне энергазабеспячэння становіцца ўсё больш актуальным. У гэтых умовах узрастае роля высокакваліфікаваных кадраў.

У Беларусі ўсяго чатыры ўстановы вядуць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Сярод іх — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, у якіх дзейнічаюць адпаведныя кафедры, і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе падрыхтоўка спецыялістаў у галіне энергазабеспячэння пачалася толькі ў мінулым годзе.

Маладая і папулярная

Сярод профільных кафедр, якія рыхтуюць спецыялістаў у галіне энергазабеспячэння, самая маладая — кафедра цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі факультэта інжынерных сістэм і экалогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У 2008 годзе ва ўстанове з’явілася спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”, а праз год была заснавана адпаведная кафедра, якую ўзначаліў кандыдат тэхнічных навук дацэнт Уладзімір Навасельцаў. З 2014 года тут ажыццяўляецца набор на завочную форму, а з 2017-га — на завочную скарочаную форму навучання (пасля каледжа), вядзецца ў БрДТУ і перападрыхтоўка на базе вышэйшай адукацыі. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер-будаўнік”.

Уладзімір НАВАСЕЛЬЦАЎ, загадчык кафедры:— Ад самага заснавання кафедры мы пачалі актыўна займацца абсталяваннем лабараторый, выкарыстоўваючы як бюджэтныя, так і ўласныя, універсітэцкія, сродкі. Я кантактаваў з вялікай колькасцю айчынных і замежных фірм, казаў, што мы рыхтуем спецыялістаў, якія бу дуць ведаць іх абсталяванне, заклікаў далучацца да агульнай справы. І многія адгукнуліся. У нас ёсць шэраг дагавораў аб бязвыплатнай перадачы абсталявання, стэндаў. З кожным годам іх колькасць расце. Літаральна зараз у нас праходзіць мантаж вялікага дарагога стэнда аўстрыйскай фірмы Herz Armaturen, да нас ужо прыехаў іх спецыяліст з Вены.

Сёлета прахадныя балы на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна” былі самымі высокімі сярод іншых спецыяльнасцей факультэта (238 — на бюджэтнае навучанне). Спачатку спецыяльнасць набыла папулярнасць з-за недахопу кваліфікаваных кадраў у галіне энергетыкі, іх вялікай запатрабаванасці, годнай заработнай платы. З цягам часу выпускнікі і іх бацькі сталі рэкамендаваць кафедру ЦГВ сваім знаёмым, бо былі задаволены якасцю падрыхтоўкі.

“На кафедры дзейнічае моцная навуковая школа пад кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук, прафесара, ганаровага прафесара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, лаўрэата прэміі НАН Беларусі Віталя Сцяпанавіча Севяраніна”, — дадае загадчык кафедры Уладзімір Генадзьевіч Навасельцаў.

Першы выпуск спецыялістаў адбыўся ў 2013 годзе. З таго часу са сцен універсітэта выйшлі 232 спецыялісты па цеплагазазабеспячэнні, вентыляцыі і ахове паветранага басейна.

Абсталяванне сусветнага ўзроўню

На кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі вялікую ўвагу ўдзяляюць стварэнню дзейсных эксперыментальных лабараторных стэндаў з выкарыстаннем сучаснага высокаэфектыўнага энергазберагальнага абсталявання з Беларусі, Германіі, Швецыі, Францыі, Польшчы і Расіі. Такія стэнды дапамагаюць студэнтам значна павысіць эфектыўнасць засваення лекцыйнага матэрыялу па профільных дысцыплінах. Маладыя людзі могуць наглядна вывучыць работу сістэм генерацыі, пераносу і перадачы цяпла і холаду.

З тэхнічным абсталяваннем кафедры ЦГВ вельмі дапамагаюць такія арганізацыі, як УП “Брэстаблгаз”, ТАА “Альтэрнатыва” (Беларусь), WILO, Buderus, Ebmpupst (Германія), TA (Швецыя), “Ізатэрм” (Расія) і інш. Лабараторныя стэнды высока ацэньваюць спецыялісты, якія ўжо працуюць на прадпрыемствах і праходзяць перападрыхтоўку.

“У вучэбным працэсе мы выкарыстоўваем перадавыя дасягненні навукі і тэхнікі па профілі спецыяльнасці: камп’ютарныя праграмы падбору абсталявання і разліку сістэм цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі, сучасныя кантрольна-вымяральныя прыборы”, — удакладняе Уладзімір Навасельцаў.

У цесным кантакце з вытворчасцю

Вялікую ўвагу кафедра ўдзяляе практычнай падрыхтоўцы спецыялістаў. Штогод для студэнтаў арганізоўваецца шмат экскурсій на дзеючыя аб’екты і тыя, што яшчэ будуюцца. Як адзначаюць юнакі і дзяўчаты, для іх гэта вельмі карысны метад навучання.

Выпускнікі спецыяльнасці “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна” БрДТУ размяркоўваюцца ў падраздзяленні УП “Брэстаблгаз”, “Брэсцкае абласное ўпраўленне ЖКГ”, праектныя, мантажныя і будаўнічыя арганізацыі Брэста, Гродна, Магілёва, у арганізацыі, што займаюцца наладкай інжынерных сістэм. Маладыя спецыялісты займаюць пасады інжынера, інжынера-праекціроўшчыка, інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела, майстра, начальніка ўчастка цеплазабеспячэння, начальніка кацельнай і інш. Арганізацыі — заказчыкі кадраў прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы спецыялістаў. Асабліва гэта тычыцца вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Брэстаблгаз”.

Загадчык кафедры ЦГВ Уладзімір Генадзьевіч тлумачыць: “Цеснае супрацоўніцтва паміж універсітэтам і прадпрыемствам пачалося ў 2013 годзе, калі быў падпісаны двухбаковы дагавор. Згодна з ім, УП “Брэстаблгаз” стаў базавай арганізацыяй для падрыхтоўкі студэнтаў спецыяльнасці “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Сумесна мы распрацавалі канцэпцыю лабараторыі “Газазабеспячэнне”. Прадпрыемства дапамагае па многіх пытаннях тэхнічнага аснашчэння і вучэбных практык. Яно перадало кафедры вялізную колькасць абсталявання і кантрольна-вымяральных прыбораў. І гэта прыносіць плён — многія выпускнікі мараць працаваць на УП “Брэстаблгаз”.

На базе прадпрыемства дзейнічае філіял кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі БрДТУ, дзе праводзяць заняткі выкладчыкі ўніверсітэта і супрацоўнікі арганізацыі. Тут выкладаюцца дзве спецыяльныя дысцыпліны, ажыццяўляюцца ўсе віды практык, дыпломнае праектаванне. Вялікі ўклад у развіццё супрацоўніцтва ўносіць асабіста генеральны дырэктар УП “Брэстаблгаз” Яўген Казімірчык, які займае актыўную пазіцыю па пытаннях усебаковай падрыхтоўкі студэнтаў ва ўмовах вытворчай дзейнасці.

Студэнты таксама высока ацэньваюць якасць навучання на базе філіяла. Пра гэта яскрава сведчаць вынікі штогадовага анкетавання, якое праводзяць выкладчыкі кафедры. Пра высокую якасць атрыманай адукацыі гавораць і задаволеныя маладыя спецыялісты — учарашнія выпускнікі кафедры ЦГВ, размеркаваныя на работу на прадпрыемства “Брэстаблгаз”.

Міхаіл ДЗМІТРУК, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла “Кобрынскае вытворчае ўпраўленне” ВУ “Кобрынгаз”:

— Я газавік у трэцім пакаленні. Мой дзед працаваў вадзіцелем аўтамашыны аварыйна-дыспетчарскай службы, бабуля — аператарам аварыйкі. Мой бацька Ігар Міхайлавіч і зараз працуе старшым майстрам у ВУ “Кобрынгаз”, ужо больш за 30 гадоў. Агульны стаж нашай дынастыі складае каля 90 гадоў.

Нягледзячы на тое, што мае бацькі былі газавікамі, я доўга разважаў наконт будучай прафесіі, вырашаў, чаму прысвяціць жыццё. А калі зразумеў, што мяне цікавіць энергетычная сфера, што жаданне развівацца ў гэтым напрамку ёсць, то паступіў у 2013 годзе ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Падчас вучобы браў удзел у конкурсе маладых праекціроўшчыкаў, што праводзіў навукова-даследчы інстытут “Белгіпратопгаз”. Рыхтаваўся да яго разам са старшым выкладчыкам кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі Святланай Сальнікавай і загадчыкам кафедры Уладзімірам Навасельцавым. І стаў фіналістам конкурсу!

Пасля 3 курса праходзіў практыку ў ВУ “Кобрынгаз”, а пасля 4-га вырашыў паспрабаваць сілы ў праектаванні газазабеспячэння. Праз месяц практыкі ў праектнай арганізацыі мне прапанавалі застацца на падпрацоўку тэхнікам. Год сумяшчаў вучобу і работу ў праектнай арганізацыі, бо гэта ж таксама вопыт і зносіны з людзьмі. А потым па размеркаванні трапіў у ВУ “Кобрынгаз”, дзе працую інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела.

Я вельмі ўдзячны сваім выкладчыкам і роднаму ўніверсітэту за атрыманыя веды, практычны вопыт, цесныя сувязі з вытворчасцю. Чаго яшчэ хачу дасягнуць? Раскрыцця свайго прафесійнага і творчага патэнцыялу, кар’ернага росту. Я працягваю дынастыю, на мне ляжыць вялікая адказнасць. Мой жыццёвы прынцып — ніколі не спыняцца, удасканальвацца і вучыцца праз усё жыццё.

Аксана ШЫМАНЧЫК, майстар службы ўліку газу і разлікаў за газ філіяла “Баранавіцкае вытворчае ўпраўленне” ВУ “Баранавічыгаз”:

— Я скончыла Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт у 2017 годзе, спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Па размеркаванні была накіравана ва ўпраўленне “Баранавічыгаз”. Я першая ў сям’і выбрала прафесію, звязаную з энергетыкай. Шчыра кажучы, спадабалася назва спецыяльнасці і тое, што яна тэхнічная. І ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар!
Як крута гучыць назва спецыяльнасці, такая крутая і сама работа, у якой мне падабаецца ўсё: важнасць, адказнасць, аператыўнасць, вытворчы працэс. У нас вялікая служба. Думаю, можа, і з мужам будучым тут пазнаёмлюся, бо калектыў у большасці мужчынскі.

Антон ЦЭВАН, майстар участка эксплуатацыі Маларыцкага раёна газазабеспячэння ВУ “Кобрынгаз”:

— Нарадзіўся і вырас я ў Брэсце, вышэйшую адукацыю таксама вырашыў атрымаць у родным горадзе. Нават не вагаўся, а адразу падаў дакументы на факультэт інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ. Спецыяльнасць выбраў самую маладую і перспектыўную — “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. А мая вучэбная група ў сваю чаргу выбрала мяне старастам. Дарэчы, мне падабалася гэтая роля, абавязкі лідара я выконваў з задавальненнем.

У Маларыцкі раён газазабеспячэння я прыйшоў працаваць летам гэтага года. Як майстар участка эксплуатацыі ажыццяўляю кантроль за тэхнічным абслугоўваннем газавага абсталявання насельніцтва.

На размеркаванні мяне заўважыў сам генеральны дырэктар УП “Брэстаблгаз” Яўген Казімірчык, які ўзначальваў камісію. Справа ў тым, што я зрабіў незвычайны дыпломны праект. Спачатку ў Санкт-Пецярбургу сабраў матэрыял па рэканструкцыі кардонна-папяровага завода, а потым на базе Слонімскага кардонна-папяровага завода “Альберцін” спраектаваў рэканструкцыю кацельнай. Тэма дыпломнага праекта закранала ўсе спецыяльныя дысцыпліны, якія выкладаліся на факультэце. Я вучыўся на платным аддзяленні, аднак гэта не перашкаджала мне займацца з максімальнай эфектыўнасцю, успрымаць усю інфармацыю, якую імкнуліся данесці да нас выкладчыкі, браць актыўны ўдзел у экскурсіях і мерапрыемствах, што праходзілі на аб’ектах. Вельмі прадукцыйнай для нас, студэнтаў, была работа на базе філіяла кафедры.

Тут, на сваім першым працоўным месцы, я сустрэў людзей, якія сумленна выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Разам з імі я буду клапаціцца пра тое, каб газ заўсёды заставаўся пад кантролем, надзейна служыў людзям, прыносіў ім цяпло і радасць.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Міхаіла РАМАШКІНА.