Для творчага развіцця з творчым падыходам

- 8:14Навіны рэгіёнаў

Наш час патрабуе ад школы наватарскіх падыходаў да выхавання асобы дзіцяці. Разам са многімі іншымі прынцыпамі сёння агульнаадукацыйным установам неабходна арыентавацца на інавацыйныя працэсы ў педагогіцы, накіраваныя на фарміраванне творчай асобы вучня. Задача сучаснага педагога — не толькі даць навучэнцам неабходныя веды, але і навучыць творча мысліць. Дасягнуць гэтага не заўсёды лёгка. Як жа зрабіць так, каб кожнае дзіця хацела вучыцца, само імкнулася да развіцця свайго творчага патэнцыялу? Якія методыкі выкарыстоўваць у рабоце, каб максімальна раскрыць таленты навучэнцаў? Над гэтымі пытаннямі надоечы разважалі ўдзельнікі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі стварэння адзінай адукацыйнай прасторы па выяўленні і суправаджэнні творча адораных дзяцей ва ўмовах агульнай сярэдняй адукацыі”.

У інавацыйным праекце прымаюць удзел чатыры ўстановы адукацыі з Магілёўскай, Брэсцкай абласцей і Мінска. За два гады педагогі кожнай навучальнай установы назапасілі нямала станоўчых напрацовак па заяўленай тэме, стварылі шэраг аўтарскіх заняткаў. Для абмену вопытам настаўнікі сабраліся на чарговы семінар-практыкум.

Сваю сістэму работы калегам прадстаўлялі інавацыйныя пляцоўкі Магілёўшчыны, а менавіта педагагічныя калектывы сярэдніх школ №№ 2 і 33 абласнога цэнтра. Удзельнікі мерапрыемства наведалі ўрокі, папрысутнічалі на майстар-класах, праслухалі даклады і самі выступілі з прапановамі наконт далейшай рэалізацыі праекта.

Як неаднаразова было адзначана на семінары, выкарыстанне ў адукацыйным працэсе прыёмаў і метадаў навучання, якія развіваюць творчыя здольнасці дзяцей, становіцца ўсё больш актуальным, бо неталенавітых навучэнцаў няма. Калі школьнік не валодае творчымі здольнасцямі, ён можа паспяхова праявіць сябе ў нечым іншым. Настаўнік павінен разглядзець у кожным навучэнцы яго індывідуальнасць, яго схільнасці. Менавіта таму ў ходзе мерапрыемства шмат увагі было ўдзелена як непасрэдна спосабам раскрыцця дзіцячых талентаў, так і ўдасканаленню прафесіяналізму педагогаў.

— Навучыць дзяцей творчасці можа толькі той, хто сам умее творча працаваць. У сувязі з гэтым вывучэнне новых метадаў работы, удасканаленне педагагічных навыкаў — задачы, якія мы ставім перад сабой. У абласным інстытуце адукацыі праводзяцца вучэбныя сустрэчы, курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў. Разам з асабістым імкненнем педагогаў да самаразвіцця гэта прыносіць станоўчыя вынікі ў рабоце, — падкрэсліла метадыст МДАІРА Вікторыя Цюко.

У сярэдняй школе № 2, якая мае мастацкую накіраванасць, увесь педагагічны калектыў імкнецца да таго, каб кожнага навучэнца прывесці да яго асабістага поспеху. Тут дзеці маюць магчымасць рэалізаваць сябе ў мастацкай творчасці. У сярэдняй школе № 33 Магілёва настаўнікі робяць акцэнт на павышэнні пазнавальнай цікавасці і творчай актыўнасці дзяцей. Да таго ж педагогі працуюць над раскрыццём дзіцячых талентаў у цесным супрацоўніцтве з бацькамі. Такі тандэм дазваляе дасягаць поспехаў і ў творчасці, і ў вучобе.

Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікамі інавацыйнага праекта было прынята рашэнне абагульняць і распаўсюджваць назапашаны вопыт, а таксама ўкараняць станоўчыя распрацоўкі ў шырокую адукацыйную практыку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.