Хараство беларускай народнай цацкі

- 8:52Дашкольная адукацыя

Народная цацка — гэта не проста забаўка, сродак развіцця і навучання, цацка — гэта культурны аб’ект. Па цацках, з якімі гуляюць дзеці, можна меркаваць аб стане культуры грамадства. З дапамогай цацак вырашаюцца задачы духоўнага выхавання, сацыяльнай адаптацыі, адбываецца ўключэнне ў традыцыйную культуру грамадства з прынятымі ў ім каштоўнасцямі, уяўленнямі аб праўдзе, прыгажосці, карысці, маральных ідэалах і этычных нормах.

Беларуская народная цацка — скарб нашага народа. У ёй адлюстраваны традыцыі, побыт, гісторыя. Менавіта знаёмству з беларускай народнай цацкай я ўдзяляю асаблівую ўвагу. Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускіх традыцый праз азнаямленне з народнай цацкай сродкамі мастацкай дзейнасці з’яўляецца адной з галоўных задач нашага садка. Дзейнасць у гэтым кірунку мы пачынаем з самымі маленькімі дашкольнікамі. Цацка — асноўны кампанент гульні. Важна падабраць малышам такія цацкі, якія станоўча ўплывалі б на іх, пашыралі веды, былі б карыснымі. Беларуская цацка заўсёды бяспечная, простая і зразумелая дзецям, нясе адбітак гісторыі і культуры нашай краіны.

На пачатковым этапе знаёмлю выхаванцаў з творамі беларускага народнага мастацтва, звязанымі з народнай цацкай. Цікава і пазнавальна праходзяць гутаркі з дзецьмі пра стварэнне народнай цацкі: “Цацкі нашых бабуль”, “Цацкі з гліны і саломы”. Праводжу экскурсіі ў этнаграфічны пакой дашкольнай установы, дзе дзеці могуць не толькі разгледзець беларускія народныя цацкі, але і патрымаць іх, пагуляць з імі. Ужо не першы год у нашым садку наладжана супрацоўніцтва з раённым Цэнтрам рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”. Наведваючы яго, дзеці паглыбляюць веды аб народных традыцыях, прадметах беларускага мастацтва. Вельмі цікавіць і заўсёды знаходзіць водгук у маленькіх гледачоў прагляд тэатра “Батлейка”.

На далейшым этапе знаёмства дзяцей з беларускай цацкай стымулюю творчую актыўнасць выхаванцаў, імкненне да самастойнага вырабу цацак па матывах беларускіх народных казак. Для гэтага праводзяцца заняткі па выяўленчай дзейнасці: лепка і роспіс беларускіх цацак “Карова-прыгажуня”, “Упарты зубр”, “Пеўнік, курачка”, “Цацкі-птушкі з цеста” і інш., маляванне “Упрыгож цацку”, “Каляровае пёрка”, выраб цацак з прыроднага матэрыялу. Завяршальным этапам знаёмства з беларускай народнай цацкай становяцца вернісажы сумесных работ дзяцей і бацькоў пад назвай “Калейдаскоп цудоўных рамёстваў”, “Ствараем цуды сваімі рукамі”. Зараз, напрыклад, мы рыхтуем работы на выставу “Краіна цудоўных рамёстваў і вясёлых майстроў адчыняе дзверы дзецям і дарослым”.

У далучэнні дзяцей да беларускай культуры важную ролю надаю сям’і, рабоце з бацькамі. Рэгулярна праводжу для іх кансультацыі, бацькоўскія сходы-практыкумы, падчас якіх расказваю пра гульні з беларускімі народнымі цацкамі, майстар-класы, на якіх дэманструю тэхналогіі вырабу беларускіх народных лялек, напрыклад, з гліны, беларускай лялькі Дзеўкі-бабы, абярэгавай лялькі Жаданіцы. Таты і мамы ўдзельнічаюць у анкетаванні, у выпуску часопісаў для бацькоў і для дзяцей “Вянок гульняў з беларускімі цацкамі”, у арганізацыі выстаў.

Пашыраюць свае веды і ўменні ў абраным кірунку педагогі нашай дашкольнай установы. Для іх праводзяцца тэматычныя кансультацыі, выхавальнікі прымаюць удзел у семінарах, практыкумах па арганізацыі работы па авалоданні дзецьмі навыкамі і ўменнямі самастойнага вырабу беларускіх народных цацак, знаёмяцца з матэрыяламі з метадычнага куфэрка для педагогаў “Гутаркі з дзецьмі аб народных цацках”, наведваюць выставы цацак, атрымліваюць цікавыя парады.

Тэма знаёмства дзяцей з беларускай цацкай актуальна сёння як ніколі. Цацка для дзіцяці — гэта самы галоўны прадмет, неабходны для пазнання навакольнага свету. І, вядома, перш чым выбраць цацкі для гульні, вельмі важна для нас, бацькоў і педагогаў, ведаць, якую каштоўнасць нясе кожная з іх. У цяперашні час, калі існуе шмат цацак, здольных не толькі развіваць дзяцей, але і парушаць іх нармальнае псіхічнае развіццё, дарослым трэба пільна сачыць за тым, у што гуляюць дзеці. Беларуская народная цацка абавязкова павінна заняць пачэснае месца ў жыцці нашых малышоў.

Вольга ВАРОШКА,
выхавальнік ясляў-сада № 24 Ліды.