Пытанні павышэння якасці падрыхтоўкі рабочых кадраў па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” абмеркавалі ўдзельнікі абласной метадычнай секцыі, якая адбылася на базе Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Намеснікі дырэктараў па вучэбна-вытворчай рабоце і вытворчым навучанні, старшыя майстры, загадчыкі аддзяленняў, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання ўстаноў прафадукацыі, дзе спасцігаюць прафесійныя сакрэты будучыя кухары і кандытары, абмяняліся вопытам і ўласнымі напрацоўкамі, азнаёміліся з новымі перспектыўнымі тэхналогіямі і метадычнай выставай, наведалі аўтарскія ўрокі і майстар-класы.
— Значэнне грамадскага харчавання ў сучасным свеце цяжка пераацаніць: фактычна гэта адзін з найбольш характэрных маркераў інтэгральнай ацэнкі ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця, — падкрэсліў загадчык асноўнага кабінета Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Іван Дончанка. — Сёння ў рэгіёне 15 устаноў адукацыі прапаноўваюць па дадзенай спецыяльнасці падрыхтоўку па шасці запатрабаваных на рынку працы кваліфікацыях.
З арганізацыяй у каледжы вучэбнага працэсу па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” ўдзельнікаў секцыі азнаёміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Цыбульская, а з комплексным метадычным забеспячэннем — метадыст каледжа Ганна Сакалоўская. Выкладчыкі, якія працуюць на ўзроўнях ПТА і ССА, аб’яднаны ў цыклавую камісію, а майстры вытворчага навучання — у метадычную. Для забеспячэння тэарэтычных прадметаў і дысцыплін распрацаваны структурныя элементы комплексу: прыкладныя нарматывы абсталявання, інструкцыйна-метадычныя карты для правядзення лабараторных заняткаў, матэрыялы блока кантролю (тэставыя заданні, абавязковыя кантрольныя работы, пытанні да экзаменаў), багаты матэрыял для актуалізацыі апорных ведаў і наглядны, тэхналагічныя карты гатавання страў, крытэрыі ацэнкі па вучэбных прадметах (дысцыплінах).
— Вялікае значэнне мы надаём укараненню электронных сродкаў навучання, — расказала Ганна Іванаўна. — У кожнага майстра ёсць аўтарскія прэзентацыі, відэаролікі, якія выкарыстоўваюцца на занятках. Выкладчык Наталля Голубева стварыла прадстаўленыя на выставе медыятэкі па вучэбных дысцыплінах “Тэхналогія гатавання ежы” і “Тэхналогія прадукцыі кухань народаў свету”. Выкладчыкі правялі вялікую работу па падборы неабходных інфармацыйных, ілюстрацыйных матэрыялаў. Так, было досыць складана рыхтаваць матэрыялы па дзіцячым і лячэбным харчаванні. Наталля Чэкан наведвала ўстановы адукацыі і аховы здароўя, па крупінках збірала неабходную інфармацыю. Няпроста было і з кухнямі народаў свету. З гэтай задачай выдатна справілася Наталля Голубева. Нягледзячы на развіццё тэхнічных магчымасцей, у сучасных умовах стварэнне комплекснага метадычнага забеспячэння застаецца працаёмкім працэсам, які патрабуе значных часавых затрат. Адным са спосабаў рашэння праблемы сталі мэтавыя праграмы, матэрыялы якіх з’яўляюцца агульным здабыткам. З 2017 года наш каледж рэалізоўвае мэтавую праграму “Навукова-метадычнае забеспячэнне кваліфікацыі “кухар 5 разраду”.
Тэхналогіі, стандарты, кваліфікацыйныя патрабаванні ў грамадскім харчаванні пастаянна ўдасканальваюцца, у адпаведнасці з імі адаптуюцца вучэбныя планы і праграмы. Напрыклад, у пераліку машын і абсталявання зараз пазначаны 44 адзінкі рознай тэхнікі: ад слайсера, планетарнага міксера да апарата па вытворчасці мяккага марожанага — і гэта толькі тое, што навучэнцы засвойваюць у абавязковым парадку, а некаторыя ўстановы адукацыі маюць сваё, часам унікальнае ў маштабах вобласці, абсталяванне. За апошнія пяць гадоў значна пашырыўся спіс страў, якія вывучаюць будучыя кухары. Зразумела, на засваенне матэрыялу ім патрабуецца значна больш часу, таму амаль на трэць павялічылася колькасць гадзін у вучэбным плане. Затое якія прыгожыя і экзатычныя стравы ўмеюць гатаваць хлопцы і дзяўчаты! Госці каледжа змаглі ў гэтым пераканацца падчас лабараторнай работы, дзе маладыя людзі пад кіраўніцтвам Наталлі Голубевай стварылі сапраўдныя кулінарныя шэдэўры. Дастаткова было проста пачуць іх назвы — адразу хацелася паспытаць гэтыя стравы, а калі ўдалося пабачыць іх, адчуць апетытны пах, жаданне стала ўвогуле неадольным. Вынікамі проб, дарэчы, былі задаволены нават самыя дасведчаныя прафесіяналы.
— Непасрэднай тэмай нашых заняткаў было гатаванне халодных страў і закусак кухань народаў Еўропы з выкарыстаннем кісламалочных прадуктаў і іх аналагаў, — паведаміла педагог. — Навучэнцы былі падзелены на дзве брыгады і прыгатавалі 5 халодных закусак: баклажанавыя рулецікі з сырам і арэшкамі, фаршыраваныя крэветкамі памідоры (у начынку ўваходзяць манга і сыр), крокеты па-грэчаску, салат з сёмгай і апельсінамі, паштэт з птушкі з фісташкамі. Выбар страў невыпадковы: для заняткаў, акрамя класічных рэцэптаў, я заўсёды стараюся знаходзіць штосьці новае. Апошнім часам асабліва прывабліваюць італьянская і французская кухні.
Каб выпускнікі былі канкурэнтаздольнымі на рынку працы, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання павінны вучыць тэхналогіям не сённяшняга, а заўтрашняга дня, а значыць, самі валодаць імі ў дасканаласці. Па словах Івана Дончанкі, павышэнню кваліфікацыі кадраў па спецыяльнасці ўдзяляецца выключная ўвага на ўсіх узроўнях — ад асобнай установы адукацыі да рэгіянальнага і рэспубліканскага. Удасканальванню майстэрства ў вялікай ступені спрыяюць прафесійныя спаборніцтвы і конкурсы, дзе прадстаўнікі Віцебскай вобласці, дарэчы, дэманструюць годныя вынікі. Штогод на семінарах і абласных метадычных секцыях арганізатары прапаноўваюць удзельнікам майстар-класы — як ад дасведчаных калег, так і ад запрошаных спецыялістаў. На гэты раз іскрынкай секцыі стаў майстар-клас “Сушы-бар” ад тэхніка-тэхнолага гандлёвага цэнтра “Карона” Дзмітрыя Сумарокава. Выпускнік Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа прайшоў выдатную школу ў замежных майстроў японскай кухні і мае за плячыма багатую прафесійную практыку, што дазваляе яму не проста гатаваць сушы па класічных і папулярных рэцэптах, але і эксперыментаваць, шукаць новыя арыгінальныя смакавыя спалучэнні. Падчас тэматычных сушы-вечарын Дзмітрый ахвотна дзеліцца прафесійнымі знаходкамі з аматарамі ўсходняй экзотыкі, а з асаблівым задавальненнем — са сваімі будучымі калегамі. У каледжы практычна кожны навучэнец пабываў на яго экспрэсіўных, дынамічных і разам з тым па-японску цырыманіяльных і далікатных майстар-класах. Мяркуючы па зацікаўленасці гасцей і запрашэннях, хутка колькасць кухараў, якія жадаюць авалодаць нюансамі гатавання сушы, пашырыцца за кошт паслядоўнікаў Дзмітрыя Сумарокава з іншых устаноў адукацыі вобласці.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.