Сярэдняя школа № 8 Ліды заўсёды славілася добрай базай англійскай мовы. Калі Іна Баляславаўна Булай вучылася ў ёй, настаўнікі-замежнікі здолелі так улюбіць дзяўчыну ў свой прадмет, што яна не толькі ўзяла з іх прыклад у выбары прафесіі, але і прыйшла працаваць у родную школу пасля заканчэння ўніверсітэта. Ужо 21 год настаўніца англійскай мовы, настаўнік-метадыст, кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра па англійскай мове Іна Баляславаўна Булай адкрывае вучням моўныя межы.
— Важнасць ведання замежнай мовы сёння пераацаніць немагчыма. Сучасных школьнікаў трэба матываваць на яе вывучэнне ці і без дадатковай матывацыі педагога яны разумеюць каштоўнасць такіх ведаў?
— На мой погляд, матываваць да вывучэння мовы неабходна абавязкова, нават нягледзячы на той факт, што веданне замежнай мовы з’яўляецца сёння неабходнай умовай паспяховасці і прафесіяналізму дарослага чалавека. Самае цяжкае ў засваенні — гэта ўспрыманне і разуменне замежнай мовы на слых. Таму матывую вучняў часцей праглядаць фільмы, відэа ў арыгінале, без перакладу, мець зносіны ў анлайн-суполках. Усё гэта ў сукупнасці дае вельмі добры вынік: дзеці перастаюць баяцца мовы, паспяхова пераадольваюць моўны бар’ер. Мая галоўная мэта — выпусціць дзяцей у “міжнароднае плаванне”, каб пасля школы для іх былі адкрыты ўсе геаграфічныя і моўныя межы, каб яны маглі чытаць англійскіх класікаў і навуковую літаратуру ў арыгінале, удзельнічалі ў міжнародных праектах; каб, выязджаючы на адпачынак, былі добрымі перакладчыкамі для сваіх блізкіх, якія мовы не ведаюць.
— Стварэнне і выкарыстанне інавацый стала часткай вашай прафесійнай дзейнасці. Што ўносяць новаўвядзенні ў сучасны адукацыйны працэс?
— Ніхто не стане спрачацца, калі адзначу, што педагог сёння павінен быць канкурэнтаздольным і ўсебакова развітым. Яшчэ некалькі гадоў назад прыярытэтам адукацыі з’яўлялася развіццё ведаў, уменняў і навыкаў, а сёння яна арыентавана на развіццё тэхналогій, метадаў уздзеяння на асобу, гатовую і здольную да самаразвіцця і самавызначэння. Наша школа з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі двух інавацыйных праектаў: “Укараненне сучасных тэхналогій самавызначэння і самарэалізацыі навучэнцаў у адкрытай сацыякультурнай прасторы” (2011—2013 гады) і “Укараненне мадэлі выкарыстання ІКТ у праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў” (2013—2015 гады). Праца ў гэтых праектах дазволіла зірнуць на адукацыйны працэс з іншага боку.
— Якое месца на вашых уроках займаюць інфармацыйныя і гульнявыя тэхналогіі?
— Гульні — моцны матывуючы фактар у працэсе навучання замежнай мове. Яны не толькі робяць урок займальным, падтрымліваюць актыўнасць навучэнцаў, але і садзейнічаюць замацаванню моўных з’яў у памяці, паляпшаюць працэс засваення моўнага матэрыялу. Я карыстаюся разнастайнымі лексічнымі, граматычнымі, ролевымі гульнямі. Што тычыцца IT, перавагу аддаю дадаткам Google Disk (для сумеснага ўзаемадзеяння), блогам настаўніка і навучэнцаў (амаль усе вучні вядуць свае блогі на англійскай мове), суполкам і сайтам Google, Google +, сэрвісам Web 2.0 (SlideShare для падрыхтоўкі прэзентацый, SpiderScribe для стварэння ментальных карт, Calameo для стварэння інтэрактыўных публікацый, Google Earth для стварэння віртуальных экскурсій).
— Якія метады выкарыстоўваеце ў рабоце з адоранымі вучнямі?
— Рабоце з высокаматываванымі вучнямі адводзіцца ў маёй практыцы асаблівае месца — рыхтуемся да алімпіяд, конкурсаў, навукова-даследчых канферэнцый, да міжнародных экзаменаў IELTS. Акрамя традыцыйных метадаў работы, карыстаюся сеткавым узаемадзеяннем. Створана закрытая суполка Google, дзе я пастаянна размяшчаю дадатковыя матэрыялы, падручнікі, заданні. Разам з вучнямі мы можам арганізаваць інтэрнэт-перапіску, абмеркаванні.
— Ведаю, што вы актыўна прымяняеце ў сваёй дзейнасці тэхналогію перавернутага ўрока. У чым, на ваш погляд, яе каштоўнасць для сучаснага адукацыйнага працэсу?
— Па сутнасці, пераход да мадэлі перавернутага ўрока — гэта пераход ад актыўнай ролі настаўніка да актыўнай ролі навучэнца. Калі коратка прадставіць нашы ўрокі, то выглядае гэта наступным чынам: замест дамашняга задання навучэнцы глядзяць кароткія відэалекцыі, чытаюць артыкулы ці тэксты — адным словам, усё тое, што будзе звязана з праблемай наступнага ўрока. Матэрыялы для падрыхтоўкі я размяшчаю ў персанальным блогу, пасля ствараю Google-дакументы (сумеснага ўзаемадзеяння), адкрываю доступ усім навучэнцам. Пасля прагляду відэа ці азнаямлення з тэкстам кожны вучань абавязкова выпісвае незнаёмыя словы, выразы, пытанні, якія ўзніклі ў яго пасля знаёмства з прапанаванымі матэрыяламі. Такім чынам дзеці самастойна праходзяць тэарэтычны матэрыял.
Непасрэдна падчас урока навучэнцы лёгка самавызначаюцца з тэмай і мэтай вучэбных заняткаў. Мы абмяркоўваем спрэчныя пытанні, арганізоўваем дыскусіі, працуем з новай лексікай, трэніруем яе выкарыстанне ў гаворцы. Каб прымяніць атрыманыя веды на практыцы, прапаную навучэнцам сумесныя творчыя заданні. Напрыклад, стварыць рэкламны ролік, даць карысныя парады падарожніку, папрацаваць над стварэннем буклета турыстычный кампаніі і г.д. Калі весці гаворку пра вынікі ад выкарыстання тэхналогіі перавернутага ўрока, гэта, бясспрэчна, уменне навучэнцаў мысліць крытычна, выказваць сваю пазіцыю і ўмець яе аргументаваць. Вылучаю гэтую тэхналогію за яе магчымасць персаналізаваць вучэбную прастору для паглыблення ведаў навучэнцаў.
— Вы ўдзяляеце шмат увагі вучнёўскай праектнай дзейнасці. Раскажыце, калі ласка, пра самыя цікавыя з рэалізаваных праектаў.
— Сучасны педагог павінен быць даследчыкам, кансультантам, кіраўніком праектаў. Праектная работа — добрая магчымасць для школьнікаў выкарыстаць комплекс ведаў з разнастайных абласцей. Важна тое, каб праблемы праекта адпавядалі рэальным цікавасцям і патрэбам навучэнцаў. Напрыклад, прадуктам праектнай дзейнасці навучэнцаў 8 класа ў рамках тэмы “Мой горад” стаў сайт Welcome to Lida. Абарона гэтага праекта праходзіла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў рамках рэспубліканскага семінара.
Таксама на працягу некалькіх гадоў у нас рэалізуецца праект па міжнароднай перапісцы Pen Friends Club. Навучэнцы 5—7 класаў вядуць перапіску з дзецьмі, якія жывуць на кітайскім востраве Тайвань. Маім вучням прадаставілася ўнікальная магчымасць даведацца пра традыцыі і звычаі жыхароў вострава. Мы наўмысна распачалі перапіску з дзецьмі, для якіх англійская мова не з’яўляецца роднай. Яна не такая “выпрасаваная”, як, напрыклад, у брытанскіх школьнікаў. Таму ніхто не баіцца зрабіць памылку ў лісце. Вучні кантактуюць з кітайскімі школьнікамі лёгка і нязмушана.
— Вы вельмі крэатыўны і выніковы педагог. Што ці хто з’яўляецца вашым рухавіком?
— Па характары я вельмі актыўны чалавек. Маё жыццё — пастаянны рух наперад. А калі ты невыпадковы госць у прафесіі, займаешся тым, што любіш, гэта дае сілы і застаўляе пастаянна ўдасканальвацца, каб быць цікавым і карысным сваім вучням і калегам. Галоўнае, я маю надзейны тыл, дружную сям’ю і сяброў, якая падтрымліваюць ў цяжкія хвіліны і з паразуменнем адносяцца да маёй пастаяннай занятасці. Лічу сябе шчаслівай і заўсёды з радасцю дзялюся сваім аптымізмам і вопытам з іншымі.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва Іны БУЛАЙ.