Партрэт куратара і пакутніка “групы смерці”

- 15:30Сацыяльны ракурс

Жыццё сучаснага маладога чалавека становіцца немагчымым без камп’ютара або смартфона. Інтэрнэт-тэхналогіі павысілі даступнасць і хуткасць абмену інфармацыяй, што стварыла ўмовы для новага віду зносін. Сацыяльныя сеткі дазваляюць чалавеку адначасова падтрымліваць кантакты з вялікай колькасцю людзей незалежна ад іх месца знаходжання. Аднак схільнасць многіх людзей да лідарства выклікае ў іх імкненне да аб’яднання, надання многагалоссю формы ў выглядзе групы. У групе яны надзяляюць сябе прэрагатывай прыняцця рашэнняў і імкнуцца да дасягнення сваёй мэты. У аснове стварэння такой групы або далучэння да яе можа ляжаць цікавасць да пэўнай тэмы: рэлігіі або містыкі, выяўленчага мастацтва, фатаграфіі ці музыкі. Групы зносін у сацыяльных сетках фарміруюцца стыхійна, але пад кантролем асоб, маральныя нормы і ступень адказнасці якіх нікім не адсочваюцца. Усё залежыць ад іх фантазіі, напорыстасці і часу, які яны могуць удзяляць зносінам са сваімі падапечнымі. Такімі аказаліся адміністратары груп “синийкит” і “тихийдом”, якія атрымалі сумную вядомасць.

Тэма самагубстваў не ўпершыню выходзіць на пярэдні план. На гэты раз яна ініцыіравана рэсурсамі інтэрнэту і сярод дзяцей. Асноўная небяспека, мяркуючы па паведамленнях у прэсе, ідзе ад “груп смерці” ў сацыяльных сетках, якія атрымалі шырокую вядомасць сярод карыстальнікаў дзіцяча-падлеткавага ўзросту. Мяркуючы па апісаннях тых, хто заходзіў на такія рэсурсы, адміністратары гэтых груп з’яўляюцца нарцысічнымі асобамі з натуральным для іх аўтарытарным стылем. Што гэта значыць? Асоба нарцысічнага тыпу, улюбёная ў сябе, як правіла, сутыкаецца з цяжкасцямі ў выяўленні моцных пачуццяў да навакольных людзей і знаходзіць для сябе іншае — сілу разбурэння. Імкненне да ўлады і поўнага кантролю над усімі жыццёвымі сітуацыямі дае такому чалавеку адчуванне ўсёмагутнасці, якой у яго на самай справе няма. Праз уладу рэалізоўваецца несвядомае імкненне сцерці са сваёй памяці абразу, атрыманую ў дзяцінстве. У рэальным жыцці такі чалавек, як правіла, бяссільны, але ў віртуальным свеце ён кіруе глабальнымі працэсамі: хутка і напорыста прымае рашэнне, каго прыняць у групу, каго занесці ў чорны спіс, а чыё жыццё абарваць — адправіць “за сцяну цемры”. Пра гэта і расказваюць наведвальнікі груп — ужо на першым этапе ад іх патрабуецца безагаворачнае падпарадкаванне. Вядомы псіхааналітык Карл Густаў Юнг адзначаў, што такое аб’яднанне людзей вядзе да пагібельнага атаясамлівання сябе з псіхікай групы і страты свабоды выбару, што абумоўлена несвядомымі працэсамі.

Многія дзеці трацяць на зносіны ў віртуальным свеце (гульні, сацыяльныя сеткі і г.д.) усё тое лепшае, што ў іх ёсць: гадзіны жыцця, цікавасць да свету, эмоцыі, нават каханне — да персанажаў “сваёй” гульнявой каманды або групы. Як тыя, хто іх накіроўвае, так званыя куратары, так і самі карыстальнікі сталі ахвярамі забабонаў. Гісторыя паходжання забабонаў сведчыць, што адной са складовых частак з’яўляецца ressentiment (фран. “помслівасць”). Калі справядлівасць замяняецца літасцю, гэта выклікае нянавісць і імкненне помсціць. Гэта і дэманструюць тыя, хто аб’явіў сябе настаўнікамі (куратарамі, адміністратарамі) “груп смерці”. Дыктуецца гэта іх затоеным пачуццём крыўды, што вядзе да ўзвышэння ўсіх іх рэакцый, накіраваных на пакутнікаў, якія ўвайшлі ў групу. Спачатку яны праяўляюць выключны клопат і ўважлівасць да сваіх падапечных, але ў выпадку супраціўлення іх волі праяўляюць вельмі негатыўныя эмацыянальныя рэакцыі, аж да псіхалагічнага націску, шантажу і прымусу. Аднак яны якраз такія ж пакутныя, як і дзеці, якія звяртаюцца да іх па падтрымку, якія надакучваюць ім сваімі паведамленнямі (шлюць пасты). Кожны з іх інстынктыўна шукае прычыну сваіх пакут у пошуках вінаватага і хоча спагнаць свае эмоцыі на ім, гэта значыць прыняць своеасаблівае абязбольвальнае. Для пакутніка гэта патрэба заглушыць душэўны боль ад крыўды або недахопу ўвагі патрабаваннямі ад куратара “сінягакіта” павышанай увагі і суперажывання, ды так, што той часам выходзіць з сябе. Гэтым і тлумачыцца юны ўзрост як карыстальнікаў, так і некаторых адміністратараў такіх груп.

Новым у жыцці сучаснага чалавека сталі душэўныя пакуты, ініцыіраваныя віртуальным светам. Многія ў дзяцінстве недаатрымліваюць увагі і ласкі ад бацькоў, што выклікае ў дзіцяці адчуванне, што “яно дрэннае”, другіх адкрыта папікаюць дабротамі і абвінавачваюць у няўдзячнасці. Пошук суперажывання, магчымасць атрымаць суцяшэнне або веды пра свет, нават пра тое, як атрымаць любоў, рана вядзе дзяцей у сусветную павуціну. Там яны набываюць магчымасць зносін як з людзьмі, так і з монстрамі. Каму што бліжэй. Жаданні дзяцей нярэдка выходзяць за межы не толькі магчымасцей, але і звычак бацькоў.

Якім чынам звычайны карыстальнік сацыяльных сетак становіцца натхняльнікам і настаўнікам “групы смерці”? Што ім рухае? Філосафы сцвярджаюць, што з вынаходніцтвам “нячыстага сумлення” і пачалася пакута чалавека самім сабой — самакатаванне. Нямецкі філосаф і сацыёлаг М.Шэлер тлумачыць значэнне феномена ressentiment (помслівасці) як моцнае перажыванне, якое мела месца ў мінулым, з наступным аднаўленнем у памяці пэўнай эмацыянальнай рэакцыі ў адказ, накіраванай на іншага чалавека. Гэта псіхалагічнае самаатручванне, якое праяўляецца ў злапамятлівасці і помслівасці, нянавісці, злосці, зайздрасці.

Ressentiment больш праяўляецца ў помсце, якая не нацэлена на які-небудзь канкрэтны аб’ект — па тыпе “няхай вам усім будзе дрэнна”. Зразумела, лягчэй за ўсё рэалізаваць свае імкненні сярод дзяцей. У сваім уяўленні дзеці сілкуюцца фантазіямі, марамі і містычнымі ўяўленнямі, узятымі з віртуальнага свету. Вось і блукаюць падлеткі па прасторах інтэрнэту ў пошуках ведзьмаў, гоблінаў, эльфаў і да таго падобнай нечысці-погані, якая пададзена там як саюзнікі людзей.

Існуе няпісанае правіла: калі ты ўглядаешся ў цемру, то і цемра прыглядаецца да цябе. Скажыце сабе: там, дзе паганскія тагасветныя сутнасці, далёкія ад маралі і дабрачыннасці, там злосць і цемра. Яркімі вобразамі вас падманваюць — гэта пярэваратні. Іх паходжанне ідзе ў глыбіню стагоддзяў, у часы паганскіх вераванняў і псіхічных хвароб людзей. Менавіта псіхічныя расстройствы і ў першую чаргу такая хвароба, як шызафрэнія, спарадзілі ўяўленні пра істоты, якіх могуць бачыць толькі выбраныя, і пры гэтым яны не адбіваюцца ў люстэрку. У фільмах і камп’ютарных гульнях, як вядома, гэта асноўная ўласцівасць вампіра і ўсякай міфічнай нечысці. Навукай даказана, што пры захворванні мозга чалавек зазнае галюцынацыі, гэта значыць бачыць вобразы або чуе галасы, якія для яго таксама рэальныя, як і тыя, што ўспрымаюцца з навакольнага фізічнага свету. Ва ўсе часы на ўсіх кантынентах, незалежна ад становішча ў грамадстве, былі людзі, якія пакутавалі на такое захворванне. У іншых выпадках, асабліва ў падлеткавым узросце, могуць з’яўляцца вобразы, выкліканыя вельмі жывым уяўленнем. Тое, што выклікаецца ўяўленнем, — іх канкрэтнае ўвасабленне, як правіла, звязана з падяннямі пра звышнатуральнае, якія дамінуюць у грамадстве. Звычайна гэта іншапланецяне і незямныя сутнасці. Сёння дамінуе захапленне містыкай і вобразамі з міфаў і легенд, што ўсяляк падаграваецца сродкамі масмедыя. Трэба памятаць, што асноўныя пакуты чалавека спароджаны або на глебе хваробы, або яго ўласнымі ўяўленнямі пра сваю грэшнасць — “нячыстае сумленне”.

Ідэолагі і натхняльнікі самагубстваў сярод дзяцей, безумоўна, з’яўляюцца дэструктыўнымі сіламі. Як паведамляюць падлеткі, якія наведвалі такія групы або заходзілі на іх рэсурсы, для дасягнення сваёй мэты адміністратары выкарыстоўваюць пэўныя псіхалагічныя прыёмы: 1) ужо сфарміраваную сродкамі масмедыя цікавасць да містыкі; 2) стрэс-методыку: абавязак пастаянна прачынацца ў 4:20 раніцы; 3) эфект Зейгарнік — уплыў незавершанага дзеяння. Акрамя выкарыстання цікавасці да містычных вобразаў і сімвалаў у выглядзе таемных знакаў і загадкавых заданняў, важна ўздзеянне аказвае патрабаванне, якое навязваецца, штодзень прачынацца ў 4:20 раніцы. Гэта стварае ў дзіцяці пастаяннае адчуванне ўнутранага напружання, трывожны сон, пагаршае функцыянаванне мозга з-за пастаяннага недасыпання. Акрамя таго, яму прапануецца слухаць музыку са спецыфічнымі рытмамі, глядзець відэасюжэты дэструктыўнага зместу і некуды схадзіць уначы. Навязванне на старце гульні 50 заданняў узмацняе напружанне і стварае ўмовы для фарміравання “нячыстага сумлення” ў выпадку невыканання ўсяго іх комплексу. Дзіця трапляе пад уздзеянне фізіялагічных законаў у працэсе паэтапнага выканання задач, што даказана савецкім псіхолагам Б.В.Зейгарнік. У выпадку невыканання нейкай часткі задання незавершанасць дзеяння фіксуецца ў свядомасці дзіцяці і ператвараецца ў неадчэпнае жаданне скончыць яго ў спалучэнні з “пачуццём віны”.

Ніколі не трэба ўцягвацца ў праект, у які закладзена заданне з паслядоўнасцю якіх-небудзь гульнявых дзеянняў: няважна, у камп’ютарнай гульні або ў сацыяльных сетках. Гэтае заданне праграмуе вас на абавязак быць выканаўцам чужой волі. Дзеці яшчэ не валодаюць свабодай выбару, яны прывучаны да паслухмянасці і больш кіруюцца эмацыянальнымі рэакцыямі. У рэальным жыцці ўзвышаецца свабодная воля, іх арыентуюць на тое, што ўрокі і дамашнія абавязкі маю ць добраахвотны характар. Пагаджаючыся ўвайсці ў некаторыя групы ў сацыяльных сетках, яны сутыкаюцца з псіхалагічнымі метадамі ўздзеяння і пагрозамі пакарання за непаслушэнства. Светапоглядныя і маральныя праблемы тых, хто бярэ на сябе адказнасць за кіраванне спачатку эмацыянальнымі рэакцыямі, а потым і дзеяннямі “падапечных”, якія добраахвотна адмаўляюцца да свабоды выбару і даюць іншым вырашаць іх лёс, набываюць вырашальнае значэнне.

Нярэдка гэты працэс падаграваецца міфалагічнымі вобразамі і рытуаламі. Цікавасць людзей да міфаў, як вядома, ініцыіравана мастацкімі фільмамі, рэкламай і камп’ютарнымі гульнямі. Адміністратары “груп смерці” выкарыстоўваюць іх выключна з мэтай уцягвання новых патэнцыяльных удзельнікаў. Яркасць і арыгінальнасць вобразаў залежыць толькі ад магчымасцей адлюстраваць як мага дакладней дзіцячыя фантазіі. Усё роўна гэтых сутнасцей ніхто не бачыў і не ўбачыць! Індывідуальнае ўяўленне дзіцяці потым спародзіць свае вобразы: у адных — страшныя, у другіх — чароўна-добрыя.

Настаў час засцерагаць дзяцей ад гэтай нечысці, якая атакуе іх з экрана. У тыя часы, калі гэты свет быў спароджаны вераваннямі людзей, быў вядомы і яго важны ўплыў на псіхіку чалавека. Цяпер у начны час дзеці блукаюць па старонках і сайтах, каб палюбавацца гэтымі вобразамі. Гэта лічыцца бяспечным толькі на аснове атэістычнага адмаўлення магчымасці існавання іх у рэальнасці. Такія пошукі дыктуюцца імкненнем дзяцей менавіта да ірацыянальнага, дэструктыўнага і містычнага.

У адказ на наш фармалізм грамадства атрымала рост наркаманіі, амаладжэнне хранічнага алкагалізму, піўное вар’яцтва і ранні секс. Многімі гэта расцэньваецца як імкненне моладзі расслабіцца, уцячы ад “націску дарослых”. Аднак не варта забываць, што націск рэкламы і сродкаў масмедыя з уцягненнем дзяцей і маладых людзей у інфармацыйную прастору, перапоўненую самай бессаромнай рэкламай, вядзе як да таемнай рэалізацыі паводзін, якія навязваюцца, так і да непазбежных пакут з-за падманутых спадзяванняў. Падштурхоўванне дзяцей да рызыкоўных дзеянняў, якія вядуць да гібелі, на думку некаторых блогераў, таксама мае апраўданне — “гэта ж цікава”. Такім чынам выклікаюць і падаграваюць цікаўнасць, што забяспечвае падпісчыкаў або магчымасць рэалізацыі толькі ім вядомай мэты. Сама сутнасць інтэрнэту з яго неабмежаванасцю і гібкасцю з’яўляецца перадумовай для бясконцага існавання на яго прасторах любых дэструктыўных сіл.

Ніцшэ лічыў, што маральны закон не існуе апрыёры ні на небе, ні на зямлі, толькі тое, што біялагічна апраўдана, з’яўляецца дабром і сапраўдным законам для чалавека. Таму толькі само жыццё мае каштоўнасць. І яно з’яўляецца рухаючай сілай для маральных каштоўнасцей. Каштоўнасць уласнага жыцця ўвасоблена ў фантазіях, марах пра будучыню, ва ўяўленнях пра магчымасці іх ажыццяўлення і сваю ролю ў гэтым. Філосафы сцвярджаюць, што думкі пра лепшае сведчаць аб тым, колькі маладосці жыве ў чалавеку, колькі ў ім схавана надзей, спадзяванняў, якія не хочуць упасці ў сон, хаця іх так часта хавалі.

Кіра МЕЗЯНАЯ,
урач-псіхіятр.