Рух наперад на ўсіх узроўнях адукацыі

- 12:39Якасць адукацыі

Перад сістэмай адукацыі стаіць шмат задач. Першая і асноўная з іх — якасць адукацыі. Аб гэтым шмат гаварылася на Рэспубліканскім педагагічным савеце, гэта гучала і на абласной жнівеньскай нарадзе работнікаў устаноў і органаў адукацыі Гомельшчыны.

Удзел у абласным мерапрыемстве прынялі намеснік міністра адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

На сёлетняй нарадзе была звернута ўвага на дашкольную адукацыю. Менавіта ў дашкольных установах дзеці пачынаюць атрымліваць першыя веды, тут адбываецца станаўленне асобы і развіццё яе здольнасцей і талентаў. Таму разам з даступнасцю дашкольнай адукацыі і ахопам ёю дзяцей ставіцца задача ўдасканальвання якасці адукацыі. У сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын адзначыў, што гэта ў многім залежыць ад забеспячэння дзіцячых садоў сучаснымі сродкамі навучання. Устаноўлены пэўныя нарматывы, якія, згодна са статыстыкай 2016 года, пакуль не дасягнуты ў поўнай меры, а значыць, у гэтым кірунку ў вобласці яшчэ ёсць над чым працаваць.

Зразумела, што сучасныя сродкі навучання самі па сабе, без чалавечага рэсурсу, не маюць вагі. Калі гаварыць пра Гомельскую вобласць, то тут 20 працэнтаў выхавальнікаў маюць вышэйшую катэгорыю. Як адзначыла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, гэта самы высокі паказчык у краіне.

— Вельмі важна тое, як пасля дзіцячага садка малыя адчуваюць сябе ў школе, як настаўнікі прымаюць іх і вядуць далей, — заўважыла Раіса Станіславаўна. — Зноў жа адзначу, што на Гомельшчыне 94,5 працэнта настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю.

Такая лічба гаворыць аб моцным кадравым патэнцыяле, без якога немагчыма ўдасканальванне якасці адукацыі.

Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі — самая вялікая і важная, якая дае шырокія агульныя веды і разам з тым фарміруе ў навучэнцаў разуменне сваіх здольнасцей, акрэслівае магчымасці іх далейшага развіцця і прымянення.

Сёлета Гомельшчына ўпершыню паднялася на першую пазіцыю ў рэйтынгу сярод абласцей рэспублікі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. “Я чакаў гэтага ад вас, Сяргей Іванавіч, ад усяго педагагічнага грамадства нашага рэгіёна. І цяпер з радасцю віншую ўсіх з гэтым дасягненнем, дзякую за старанні і працу”, — звярнуўся да начальніка ўпраўлення адукацыі і педагогаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

Варта сказаць, што лідзіруючыя пазіцыі па цэнтралізаваным тэсціраванні адзначаны не толькі ў выпускнікоў абласнога цэнтра і Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў. У лідарах таксама выпускнікі ўстаноў адукацыі Рагачоўскага, Чачэрскага, Хойніцкага раёнаў.

Сёлета павялічылася колькасць медалістаў. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем медалём атрымалі 428 выпускнікоў адзінаццатых класаў, і амаль усе яны сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

У мінулым навучальным годзе больш як 40 працэнтаў вучняў 10 і 11 класаў вучыліся ў профільных класах. На першым месцы стаіць якасць навучання школьнікаў і магчымасць кожнага жадаючага атрымліваць больш глыбокія веды. Асаблівая ўвага зараз удзяляецца профільным педагагічным класам. У такія класы старшакласнікі прыходзяць усвядомлена, першапачаткова яны нацэлены на далейшую педагагічную дзейнасць. Але пакуль гэтага недастаткова, неабходна падтрымліваць цікавасць дзяцей да настаўніцкай дзейнасці.

— У гэтым годзе профільныя педагагічныя класы выпусцілі 70 навучэнцаў, але з іх у педагогіку пайшлі толькі крыху больш як палова, — адзначыў Сяргей Парошын. — Гэта слабы вынік. Каб яго мяняць, нам неабходна разабрацца, чаму так адбываецца.

Разам з тым Сяргей Іванавіч падкрэсліў, што цікавасць абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей узрастае, у тым ліку і сярод медалістаў. Гэта, на думку начальніка ўпраўлення, вельмі важная акалічнасць, бо добры студэнт — добры настаўнік ці выкладчык у будучыні.

Былыя формы прафарыентацыйнай работы не цікавы сучасным дзецям, неабходны новыя павевы. Цеснае супрацоўніцтва паміж школамі, прафесійна-тэхнічнымі ўстановамі і ўніверсітэтамі — вось у чым сакрэт паспяховай прафарыентацыі. У Гомельскай вобласці такая сувязь наладжана нядрэнна. Так, на працягу года дзейнічае праект “Прафесійныя суботы”. Ён прадугледжвае больш блізкае знаёмства школьнікаў з рабочымі прафесіямі і ўстановамі, дзе можна іх набыць. Начальнік упраўлення адукацыі ў сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што праект неабходна ўдасканальваць, ствараць эфектыўны механізм яго рэалізацыі, працаваць над яго зместам.

Эфектыўна рэалізуецца праект з удзелам устаноў вышэйшай адукацыі вобласці “Універсітэцкія суботы”, які набывае ўсё большую папулярнасць з боку педагогаў і вучняў. Прычым арыентаваны ён не толькі на старшакласнікаў — ва ўніверсітэты па суботах прыходзяць нават шасцікласнікі. Так у многіх з іх з’яўляецца мара, якая становіцца стымулам у вучобе.

З 1 верасня стартуе новы праект — “Субота на прадпрыемстве”. Ён уключае ў сябе наведванне школьнікамі пэўных прадпрыемстваў з экскурсіямі, майстар-класамі, прафесійнымі пробамі. Акрамя таго, з гэтага навучальнага года на Гомельшчыне, па даручэнні старшыні аблвыканкама, у сельскіх школах у суботні дзень будзе арганізавана прафесійная падрыхтоўка для навучэнцаў 10-х класаў па такіх прафесіях, як трактарыст-машыніст, вадзіцель аўтамабіля, аператар машыннага даення і жывёлавод. Рэгіён мае патрэбу ў такіх кадрах, а многія сельскія школьнікі застануцца ў роднай вёсцы. Чаму б ім ужо зараз не атрымаць навыкі?

На абласной нарадзе было закранута таксама пытанне лідарства.

— Абласным саветам старшакласнікаў распрацоўваецца і ажыццяўляецца нямала цікавых сацыяльна значных праектаў і творчых ідэй, — сказаў С.І.Парошын. — На жаль, не заўсёды іх падтрымліваюць на месцах. Чаму? Магчыма, няма разумення значнасці лідарскіх якасцей, поўнага разумення важнасці асобаснага і сацыяльнага развіцця вучняў. Гэтую тэму падхапіў і старшыня аблвыканкама. Ён адзначыў, што толькі ведаў не заўсёды дастаткова, часта патрабуюцца лідарскія задаткі, а калі гаварыць пра кіруючыя пасады, то без іх наогул не абысціся.

— Я ўпэўніўся ў гэтым на практыцы, — рэзюмаваў У.А.Дворнік. — Нават калі чалавек мае добрую адукацыю і прайшоў усе прыступкі сваёй прафесійнай лесвіцы, ён не абавязкова будзе добрым кіраўніком, калі не ўмее вылучаць ідэі і весці за сабой людзей. Таму я звяртаюся да вас, паважаныя педагогі, давайце шукаць такіх дзяцей, давайце дапамагаць ім развіваць лідарскія якасці, бо менавіта яны — поспех будучыні нашай краіны.

* * *

Завяршэннем абласной жнівеньскай нарады сталі віншаванні і ўзнагароды: многія педагогі і кіраўнікі, а таксама ўстановы і арганізацыі атрымалі ганаровыя граматы, падзякі і грашовыя прэміі. Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка ўручыла шэрагу педагогаў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”.

— Нам не патрэбна нічога пачынаць, — з упэўненасцю адказала Р.С.Сідарэнка на пытанне журналістаў аб тым, з чаго неабходна пачынаць удасканальванне сітэмы адукацыі. — Нам неабходна працягваць той рух, які мы ўзялі. Нам толькі трэба ўсё адтачыць, улічыць асаблівасці кожнага дзіцяці. А з тым кадравым патэнцыялам, які мы маем, гэта зрабіць лёгка.

Наталля ЛУТЧАНКА.