КАСТАЛОМАВА Юлія Уладзіміраўна,
настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска.
Юлія Уладзіміраўна з адзнакай скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Стаж работы — 18 гадоў. Педагагічнае крэда: “Настаўнік толькі да таго часу здольны на самай справе выхоўваць і адукоўваць, пакуль сам працуе над сваім уласным выхаваннем і адукацыяй”.
Намінацыя “Замежная мова”
Паспяховасць чалавека часта залежыць ад умення самарэгулявацца, гэта значыць рэфлексаваць уласную дзейнасць, прымаць рашэнні ў залежнасці ад зменлівых акалічнасцей. Навыкі самарэгуляцыі закладваюцца ў дзяцінстве, часта вызначаючы ход усяго далейшага жыцця.
Рэфлексіўнае навучанне мае на ўвазе аўтаномную актыўную пазіцыю вучня, накіраваную на набыццё ведаў, з апорай на шэраг уменняў і навыкаў, якія сведчаць аб сфарміраванасці рэфлексіўнай кампетэнцыі. Яно ўключае ў сябе самаўсведамленне, здольнасць назіраць, адсочваць, кантраляваць уласныя дасягненні і няўдачы для выбудоўвання больш эфектыўнай адукацыйнай стратэгіі. Рэфлексіўнае навучанне садзейнічае самастойнасці і эфектыўнасці вучэбных дзеянняў, вядзе да павышэння ўнутранай матывацыі і фарміравання навыкаў стратэгічнага планавання.
Практыка паказвае, што значная колькасць школьнікаў не валодае навыкамі самарэгуляцыі, не можа кіраваць працэсам сваёй вучобы, вынікам чаго часта становіцца школьная непаспяховасць.
Каб быць кампетэнтным вучнем, здольным кіраваць уласным адукацыйным працэсам, неабходна быць актыўным і свядомым удзельнікам гэтага працэсу. У рэфлексіўным навучанні ключавымі становяцца метакагнітыўныя навыкі, накіраваныя на эфектыўнае самакіраванне з улікам асобасных характарыстык і дыдактычных рэсурсаў навучэнца. Такое навучанне прадугледжвае пастаноўку мэт, выбар стратэгіі для іх дасягнення і кантралявання працэсу пры дапамозе пастаяннай самаацэнкі. Яго асноўныя этапы — гэта планаванне, маніторынг, ацэнка.
Эфектыўнасць рэфлексіўнага навучання навучэнцаў у значнай меры залежыць ад педагогаў і цесна звязана з паняццем кіраўніцкіх кампетэнцый педагогаў. Такім чынам, ключавым становіцца пытанне, ці ўключаюць педагогі ў адукацыйны працэс метады і прыёмы, якія садзейнічаюць фарміраванню рэфлексіўнай кампетэнцыі навучэнцаў. Фарміраванне рэфлексіўнай кампетэнцыі мае на ўвазе планаванне працэсу навучання, дакладную пастаноўку мэт, упарадкаванне этапаў навучання, уключэнне ў практыку розных стратэгій самарэгуляцыі навучэнцаў і выкарыстанне тэхнік актыўнай ацэнкі і самаацэнкі.
Нягледзячы на відавочныя перавагі наяўнасці самарэгуляцыі ў навучэнцаў, нямногія настаўнікі ўсведамляюць неабходнасць планамернай работы па фарміраванні рэфлексіўнай кампетэнцыі. Тым не менш існуюць доказы таго, што навыкі самарэгуляцыі могуць удасканальвацца пры дапамозе педагагічнага ўплыву. Прыкладамі эфектыўных практык могуць служыць наступныя:
- падаваць навучэнцам сацыяльна значныя ўзоры, гэта значыць працаваць і супрацоўнічаць з паспяховымі людзьмі (педагогамі, сябрамі па вучобе, прафесіяналамі звонку), якія могуць дэманстраваць рэфлексіўныя навыкі, адносіны, прыклады ўчынкаў, якія садзейнічаюць ім у дасягненні пэўных поспехаў. Навучэнцы схільныя імітаваць прыклады паспяховасці, што робіць працэсы самарэгуляцыі ўнутрана значнымі;
- вучыць выкарыстоўваць разнастайныя стратэгіі навучання. Неабходна даць навучэнцам магчымасць выбару аптымальных форм і прыёмаў работы. Варта ўводзіць стратэгіі паступова, падтрымліваючы матывацыю на поспех, даючы магчымасць прымяніць і перадаць атрыманыя веды. Рэфлексія ўласнай дзейнасці павінна стаць звыклай;
- даваць шырокі спектр відаў практыкаванняў і заданняў, рабіць паўзы для адпачынку і практычнага прымянення атрыманых ведаў;
- даваць эмацыянальную падпітку для пазітыўнай і эфектыўнай рэфлексіі поспехаў і цяжкасцей/памылак;
- дапамагаць ацаніць свой прагрэс у навучанні, гэта значыць вучыць суадносіць свае дзеянні і дасягненні з першапачатковымі ўстаноўкамі;
- арыентаваць на эфектыўнае выкарыстанне часу. Часта навучэнцы не ўсведамляюць, колькі часу трацяць на выкананне задання, ці рацыянальна яго выкарыстоўваюць. Каб скараціць страты часу, можна выкарыстоўваць рознага роду календары, планеры, пясочныя гадзіннікі, таймеры і інш.
Пераважная большасць навучэнцаў і іх бацькоў ставяць адзнаку на першае месца, калі гаворка ідзе аб школьнай паспяховасці. Аднак даследаванні паказваюць, што найбольшых акадэмічных поспехаў дасягаюць навучэнцы, якія валодаюць навыкамі самарэгуляцыі, гэта значыць валодаюць рэфлексіўнай кампетэнцыяй. Калі навучэнцы ставяць асобасна значныя мэты, уключаецца механізм унутранай матывацыі, вызначаюцца сродкі і спосабы дасягнення мэты. Навучэнцы выбудоўваюць уласную адукацыйную траекторыю з улікам асобасных характарыстык, вучэбных пераваг, сацыяльных умоў. Як правіла, такі падыход дазваляе значна палепшыць узровень вучэбных дасягненняў навучэнцаў.
Аднак гаворка ідзе не толькі аб атрыманні больш высокай адзнакі або дасягнення выніку на алімпіядзе. Асноўным дасягненнем з’яўляецца набыццё навыкаў, якія могуць быць перанесены на разнастайныя жыццёвыя сітуацыі: вучэбныя, прафесійныя, асабістыя. Неабходна данесці да навучэнцаў думку, што ўмовай сацыяльнай паспяховасці сёння з’яўляецца адукацыя на працягу жыцця. Разуменне таго, як лепш арганізаваць саманавучанне, пераўтварае любы жыццёвы кантэкст у крыніцу асобаснага або прафесійнага росту.