Homo Ludens на ўроках біялогіі

- 16:47Гродна

МАРЧУК Юлія Міхайлаўна,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Слоніма.

Юлія Міхайлаўна скончыла геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, атрымаўшы кваліфікацыю “настаўнік геаграфіі і біялогіі”. У прафесіі 16 гадоў. Педагагічнае крэда: “Ніхто табе не сябар, ніхто табе не вораг, але кожны чалавек табе вялікі настаўнік”.

Намінацыя “Хімія, біялогія”

На працягу 16 гадоў настаўніца знаходзіцца ў пошуку ідэальных метадаў выкладання біялогіі. Апошнія чатыры гады Юлія Міхайлаўна працуе над укараненнем у практыку навучання біялогіі прыёмаў гульнявых тэхналогій. Яе вопыт выкарыстання прыёмаў гульнявых тэхналогій дазваляе сцвярджаць, што прымяненне педагагічнай гульні на ўроках біялогіі садзейнічае фарміраванню пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, а таксама фарміраванню агульнанавуковых і камунікатыўных уменняў.

“Элементы гульні мэтазгодна выкарыстоўваць на працягу вывучэння ўсяго курса біялогіі, аж да 11 класа, гэта дазваляе падтрымліваць развіццё пазнавальнай цікавасці навучэнцаў. Асабліва карыснай уяўляецца гульнявая методыка пры навучанні і выхаванні ў сярэдніх класах, калі дзіцячая пазнавальная матывацыя набыцця ведаў ужо прыкметна аслаблена, а дарослае ўсведамленне неабходнасці вывучэння няпростага матэрыялу яшчэ недастаткова сфарміравана, — дзеліцца вопытам Юлія Міхайлаўна. — На сваіх уроках, для арганізацыі педагагічнай гульні, стараюся выкарыстоўваць яркія табліцы, малюнкі, разнастайны раздатачны матэрыял, розныя наглядныя дапаможнікі. А галоўнае — уключаць навучэнцаў у розныя віды дзейнасці на ўроку, каб яны не адчувалі стомленасці ад аднастайнасці, манатоннасці работы, якая прыводзіць да суму і страты цікавасці да тэмы, што вывучаецца. Выкарыстоўваючы гульнявыя прыёмы, не дапускаю перанасычанасці вучэбнага працэсу гульнявой дзейнасцю, таму што залішне частае іх прымяненне на ўроку прыводзіць да сітуацыі, калі навучэнцы будуць успрымаць курс вывучэння біялогіі як гульню ў цэлым”.

Пры падрыхтоўцы дамашняга задання педагог акцэнтуе ўвагу навучэнцаў на малюнках падручніка, рэкамендуе выкарыстоўваць іх для лепшага запамінання друкаванага тэксту. Акрамя абавязковага дамашняга задання, прапаноўвае творчыя заданні-гульні. Напрыклад, гульня “Калі…” (“Калі расліны страцяць здольнасць ажыццяўляць працэс фотасінтэзу, то праз пару дзён…” (7 клас); міні-сачыненні на тэму “Сход прасцейшых у лужыне” (6 клас); “Клетачны базар”, “Спрэчка агародніны аб вітамінах” (7 клас). На думку Юліі Міхайлаўны, для развіцця даследчай цікавасці ў навучэнцаў вельмі эфектыўны і прыём “Эксперымент”: педагог прапаноўвае вучням прадумаць, як эксперыментальным шляхам даказаць біялагічную аксіёму. Напрыклад, прапанаваць эксперымент, які даказвае, што ў дрэва ёсць пупышкі, якія спяць (7 клас).

Добра ўспрымаецца навучэнцамі Юліі Міхайлаўны ролевая гульня пры выкананні лабараторных ці практычных работ. Напрыклад, пры выкананні ў 9 класе лабараторнай работы “Падлік пульсу ў спакоі і пасля фізічнай нагрузкі” настаўніца раздае школьнікам ролі касманаўта, вадзіцеля, прадаўца, настаўніка, хірурга, трэнера, урача. “Трэнер” сочыць за правільнасцю выканання работы іншымі ўдзельнікамі гульні, “урач” аналізуе даныя і выдае “допуск” да работы. А падчас лабараторнай работы “Параўнанне будовы расліннай і жывёльнай клетак” дзесяцікласнікі ўдзельнічаюць у конкурсе маркетынгавых прапаноў “Прадай клетку”, дзе іх галоўная задача — стварыць жывёльнай ці расліннай клетцы эфектыўную рэкламу.

“Зараз грамадству як ніколі патрэбны людзі, здольныя разумець нестандартныя рашэнні, якія ўмеюць мысліць творча, працаваць у камандзе. Я ствараю на сваіх уроках умовы для развіцця гэтых якасцей: пры вывучэнні тэм разнастайнасці тыпаў жывёл васьмікласнікі ствараюць і прадстаўляюць рэкламу пэўнага класа жывёл, — расказвае Юлія Міхайлаўна. — У 9—11 класах прымяняю метад аналізу фільмаў і мультфільмаў. Прыём развівае ўменне фармуляваць свой пункт гледжання, правільна выказваць яго, аргументавана адстойваць свае погляды. За гады работы над укараненнем гульнявых тэхналогій у практыку ўрока ў кабінеце сабрана фільматэка па ўсіх курсах біялогіі”.

У старшых класах пры тлумачэнні новага матэрыялу патрабуецца выкарыстоўваць большую колькасць ілюстрацыйнага матэрыялу, які могуць замяніць мультымедыйныя прэзентацыі. Складана ўявіць дынаміку прыродных працэсаў па статычных малюнках. Менавіта тут на дапамогу прыходзяць відэафрагменты, дынамічныя мадэлі. Дынаміку працэсаў лягчэй тлумачыць, уцягваючы навучэнцаў у ролевыя гульні. Напрыклад, прыём “У мяне такая роля” педагог выкарыстоўвае пры вывучэнні кругоў кровазвароту ў раздзелах “Сардэчна-сасудзістая сістэма” (9 клас), “Захоўванне спадчыннай інфармацыі” і “Рэалізацыя спадчыннай інфармацыі” (10 клас).

На ўроках педагога знаходзяць сваё прымяненне і “Маршрутныя лісты”. Прыём падразумявае выкарыстанне плана ўрока, дзе прапісаны этапы, ключавыя паняцці кожнага этапу і заданні. У 6 і 7 класах “Маршрутны ліст” напрыканцы ўрока трансфармуецца ў кніжачку, у 8 і 9 класах можа выглядаць як буклет, у 10 і 11 класах — як памятка ці даведачны ліст.

“Эфектыўным можна лічыць урок, на якім прымяняецца не менш як 6 прыёмаў работы, — лічыць Юлія Міхайлаўна. — Важна навучыцца іх правільна спалучаць. Паказчык умелага спалучэння — гэта выніковасць урока, узровень актыўнасці навучэнцаў на ўсіх яго этапах, павышэнне ўзроўню пазнавальнай цікавасці, а значыць, і ўзроўню паспяховасці. Упэўнена, што Homo Ludens — “чалавек, які гуляе”, — можа і павінен жыць у кожным з вучняў, дапамагаючы знаходзіць сябе ў жыцці і перажываць праз гульні радасць адкрыцця свайго “Я” ў свеце, які пастаянна мяняецца”.