Дзіцячы дызайн: развіваем у дашкольнікаў творчы пачатак

- 16:31Гродна

КНІГА Алеся Мікалаеўна,
выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна.

Скончыла педагагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы. Акрамя працы з дашкольнікамі, Алеся Мікалаеўна выкладае на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ў Адукацыйным інавацыйным цэнтры педагагічнага факультэта ўніверсітэта. Стаж работы — 3 гады. Яе педагагічнае крэда: “У імкненні даць веды заўсёды памятай, што кожнае дзіця патрабуе любові, клопату і ўвагі”.

Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”

“Мае выхаванцы растуць разам са мной, а мая галоўная мэта — сфарміраваць у іх імкненне самастойна вывучаць гэты свет. Даволі высокі ўзровень адвольнасці, актыўнасці і ініцыятыўнасці, уменне планаваць і кантраляваць свае дзеянні, ацэньваць правільнасць выканання сваёй работы, самастойнасць — усё гэта дапамагае сфарміраваць у дзяцей дызайнерская дзейнасць”, — лічыць Алеся Мікалаеўна.

Выхавальніца распрацавала сістэму работы па фарміраванні дызайнерскіх уменняў у дзяцей дашкольнага ўзросту (5—6 гадоў). У комплекс такіх уменняў яна ўключыла фарміраванне мастацкага ўспрымання (разуменне мастацкага вобраза, наладжванне сувязі паміж аб’ектам, які ствараецца, і сродкамі выразнасці, праяўленне эмацыянальнай эмпатыі і г.д.), развіццё творчага мыслення (уяўленне, здольнасць ствараць арыгінальныя вобразы), развіццё дзіцячай выяўленчай творчасці (перадача формы, будовы і прапорцый прадмета, кампазіцыя, колер, выкарыстанне выяўленчых тэхнік, самастойнасць задумы і г.д.).

Работу па фарміраванні дызайнерскіх уменняў у дашкольнікаў Алеся Мікалаеўна дзеліць на 3 этапы.

Першы этап работы накіраваны на фарміраванне мастацкага ўспрымання. У гэты перыяд, на думку выхавальніцы, актуальнымі з’яўляюцца заняткі, гульні і практыкаванні на знаёмства з колерамі, на выпрацоўку ўмення атрымліваць адценні шляхам змешвання асноўных колераў.

“Паколькі эстэтычнае развіццё непарыўна звязана з прыродай, то адным са сродкаў развіцця ў дзяцей колеравага ўспрымання, якія я выкарыстоўваю, з’яўляецца менавіта прырода, яе шматколернасць ва ўсе поры года. Падчас правядзення заняткаў, экскурсій і прагулак з дзецьмі на прыродзе я шырока выкарыстоўваю гульні на фарміраванне ўмення адрозніваць халодную і цёплую гамы колераў, — тлумачыць педагог. — Мной распрацавана картатэка дыдактычных гульняў, накіраваных на азнаямленне выхаванцаў з агульнапрынятай сістэмай колеравых тонаў, якая ўключае як пераходныя фазы ад аднаго колеравага тону да іншага, так і варыянты аднаго колеру па насычанасці. Дзеці ставяць эксперыменты — самастойна змешваюць колеры, атрымліваючы новыя адценні і прымяняючы іх на практыцы”.

Таксама ў метадычнай скарбонцы Алесі Мікалаеўны заняткі і гульнявыя практыкаванні, накіраваныя на знаёмства дашкольнікаў з кампазіцыяй. На думку выхавальніцы, найбольш эфектыўны метад работы на гэтым этапе — разгляданне ілюстрацый кніжнай графікі і рэпрадукцый карцін.

Фінальны этап работы па фарміраванні мастацкага ўспрымання — навучанне дзяцей уменню бачыць узаемасувязь паміж колерам і настроем. Гэты навык выхавальніца замацоўвае пры дапамозе тэматычных заняткаў, падарожжаў, экскурсій, заняткаў-фантазій. Дзеці вучацца падбіраць эпітэты, якія адпавядаюць пэўным колерам, вобразам на карціне, вучацца бачыць сувязь паміж колерам і настроем, вызначаць настрой мастака па яго рэпрадукцыях, а таксама не толькі маляваць прадметы і з’явы навакольнага свету, але і перадаваць сваё стаўленне да іх праз гульнявыя практыкаванні (“Угадай, хто я”, “Калі б я быў мастаком”).

“Неад’емная частка маёй работы — практычная дзейнасць. Асабістая мастацкая практыка, калі дзіця можа перадаць свой эмацыянальны стан або эмацыянальны стан персанажаў, дапамагае ажыццяўляць нават самыя неверагодныя задумы дзяцей, — упэўнена Алеся Мікалаеўна. — Напрыклад, я прапаноўваю выхаванцам пры дапамозе аплікацыі паказаць Чырвонай Шапачцы, што лес небяспечны, таму што там ёй можа сустрэцца воўк. У якасці рэфлексіі прашу расказаць, якім чынам яны перадалі зададзены настрой, якія колеры выкарысталі, якія дэталі дапамаглі дзецям вырашыць пастаўленую задачу”.

На другім этапе фарміравання дызайнерскіх уменняў работа педагога накіравана на развіццё творчага мыслення і ўяўлення дзяцей. Гульні, гульнявыя практыкаванні праводзяцца і ў другой палове дня, на прагулках, у рамках заняткаў па ўсіх адукацыйных галінах. Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца гульня “Кляксы і плямы”. “Мае выхаванцы з задавальненнем і вялікай цікавасцю шукаюць сюжэты і карцінкі ва ўсім: у лужах, гурбах, на сценах, дрэвах, кляксах, контурах. Я вучу дзяцей ствараць вобразы прадметаў на аснове ўспрынятых схематычных выяў асобных дэталей гэтых прадметаў. Напрыклад, прапаноўваю дамаляваць любыя элементы да выявы, створанай пры дапамозе тэхнікі ніткапісу. Такія практыкаванні — поле для ўяўлення і фантазіі”, — расказвае Алеся Мікалаеўна.

Паэтапная работа прадугледжвае адначасовае замацаванне навыкаў работы з мастацкімі інструментамі і знаёмства з нетрадыцыйнымі тэхнікамі выяўленчай дзейнасці (кляксаграфіяй, напырскам, гратажам, манатыпіяй, адбіткам камечанай паперай і інш.). Заняткі па знаёмстве з нетрадыцыйнымі тэхнікамі выклікаюць у выхаванцаў Алесі Мікалаеўны асаблівае захапленне, таму што дзеці на іх самастойна спрабуюць, шукаюць, эксперыментуюць.

Работа педагога на трэцім этапе фарміравання дызайнерскіх уменняў накіравана на развіццё выяўленчай творчасці і ўключае практыкаванні і гульні на замацаванне атрыманых за год навыкаў і прымяненне ведаў на занятках па дзіцячым дызайне.

Дзякуючы такой аўтарскай педагагічнай сістэме, Алеся Мікалаеўна вучыць дашкольнікаў планаваць сваю работу і яе вынік, павышае творчую актыўнасць дзяцей. У іх фарміруюцца асновы творчага мыслення, дзеці становяцца больш таварыскімі, разняволенымі і ўпэўненымі ў сабе.