Рэгіён, дружалюбны да падлеткаў

- 14:32Навіны рэгіёнаў

На мінулым тыдні на Гомельшчыне адбылося адкрыццё двух значных для рэгіёна аб’ектаў, якія створаны ў рамках праектаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і фінансуюцца Еўрапейскім саюзам. У Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклініцы пачаў работу цэнтр, дружалюбны да падлеткаў, а ў пасёлку гарадскога тыпу Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна з’явіўся спартыўны гарадок. Афіцыйнае адкрыццё цэнтра і спартыўнага гарадка адбылося з удзелам высокіх гасцей.

Каб быў давер

У цэнтры “Падлетак” псіхалагічная служба будзе адной з самых важных. Плануецца правядзенне як індывідуальных, так і групавых заняткаў, прычым у другім выпадку перавага будзе аддавацца прынцыпу “роўны вучыць роўнага”.

— Дзяўчаты, ці пайшлі б вы у цэнтр “Падлетак”, калі б вам патрэбна была дапамога? — пытаюся ў дзвюх сябровак, якія ў чаканні сваёй чаргі да ўчастковага педыятра ўмела стрыкаюць пальцамі ў тэлефоне.

— Калі гэта праўда ананімна — чаму б не, — адказвае чатырнаццацігадовая Віка.

— А я толькі б на трэнінгі групавыя схадзіла, — кажа Дзіяна, недаверліва пазіраючы на мяне з-пад апалых на вочы валасоў.

— А як лічыце, патрэбны наогул такія цэнтры? — працягваю чапляцца да дзяўчынак.

— Хутчэй за ўсё, вельмі патрэбны, — нечакана для мяне выказала думку Дзіяна. — У нашым узросце столькі ўсяго адбываецца, столькі незразумелага.

Спачатку дзяўчынкі з асцярогай і суха адказвалі на мае пытанні, але потым разгаварыліся, пачалі ўспамінаць розныя сітуацыі, якія адбываліся з іх знаёмымі, сябрамі і аднакласнікамі. На думку маіх юных субяседніц, самая галоўная праблема заключаецца ў непаразуменні з дарослымі, як з бацькамі, так і з настаўнікамі.

Калі меркаваць па нашай гутарцы, “Падлетак” можа стаць папулярным сярод тых, для каго ён прызначаны. Неабходна толькі правільна падаваць інфармацыю аб ім і раскручваць яго дзейнасць у сацыяльных сетках. Дарэчы, на пытанне журналістаў аб тым, ці ёсць нейкая зваротная сувязь з падлеткамі праз інтэрнэт-рэсурсы, адказу пра сацыяльныя сеткі не прагучала. А сёння гэта самыя надзейныя памочнікі ў інфармаванні і прыцягненні ўвагі. Наўрад ці стане хто з падлеткаў шукаць нейкую інфармацыю на сайце паліклінікі, у якой працуе цэнтр, ці на сайтах іншых дзяржаўных устаноў і ведамстваў.

На прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, неаднаразова падкрэслівалася важнасць фарміравання у дзяцей даверу да дарослых і медыкаў, каб “Падлетак” стаў цэнтрам для хлопчыкаў і дзяўчынак, куды можна прыйсці з любой праблемай і атрымаць адказы на свае пытанні. Галоўны ўрач паліклінікі Таццяна Салодкая расказала, што ў рамках спробы спецыялісты цэнтра зараз праводзяць ананімныя кансультацыі па Skype. Яна таксама адзначыла, што ў медустанове абслугоўваецца 19 тысяч дзяцей, у тым ліку 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. Гэта пятая частка ўсіх падлеткаў, якія жывуць у Гомелі, таму можна разлічваць на тое, што інфармацыя пра існаванне цэнтра хутка разыдзецца ў маладзёжным асяроддзі.

Няпросты ўзрост

Цэнтр, дружалюбны да падлеткаў, “Падлетак” створаны ў рамках праекта ЕС — ААН “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь (БелМед)”, на яго дзейнасць затрачана каля 9 тысяч долараў.

Сутнасць работы такіх цэнтраў заключаецца ў тым, каб аказваць падлеткам дапамогу, якая тычыцца іх псіхалагічнага і фізічнага здароўя. Зразумела, арыенцірам з’яўляюцца падлеткі групы рызыкі. Сюды, у цэнтр “Падлетак”, кожны можа прыйсці ананімна, каб параіцца, падзяліцца праблемамі ці папрасіць дапамогі ў псіхолага, акушэра-гінеколага, нарколага, валеолага і іншых спецыялістаў.

Падлеткавы ўзрост — няпросты адрэзак часу. Нярэдка як самім дзецям, так і іх бацькам прыходзіцца перажыць шмат хваляванняў і праблем. Добра, калі паміж бацькамі і дзецьмі існуе давер, які не губляецца ў гэты перыяд. А калі яго няма? Мабыць, менавіта ў такіх выпадках хлопцы і дзяўчаты шукаюць выйсце ў дрэнных кампаніях і дрэнных звычках ці наогул ідуць на самагубства. Часта прычына такіх паводзін адна: падлетак не бачыць выйсця з пэўнай сітуацыі, ці гэта канфлікт з аднагодкамі, непаразуменне з бацькамі або нешчаслівае каханне.

— У нашай краіне нізкая смяротнасць у дзіцячым узросце, да 25 працэнтаў павялічылася колькасць абсалютна здаровых дзяцей. Аднак актуальнай застаецца праблема смяротнасці ад знешніх прычын дзяцей другога дзесяцігоддзя жыцця, — адзначыла на прэс-канферэнцыі для журналістаў намеснік міністра аховы здароўя Наталля Жукава. — Таму важна своечасова навучыць дзіця спосабам выхаду са складанай псіхалагічнай сітуацыі, пазбягаць канфліктаў, сачыць за сваім здароўем.

Магчыма, у чытачоў узнікае пытанне, ці пойдуць падлеткі ў гэты цэнтр. Час пакажа. Але варта адзначыць, што “Падлетак” — далёка не першая спроба. Такія цэнтры адкрыліся таксама ў Оршы, Гродне, Магілёве, плануецца іх стварэнне ў Кобрыне і Лідзе. У цэлым жа гомельскі “Падлетак” з’яўляецца часткай сеткі з 55 цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, якія сёння працуюць ва ўсёй краіне пад эгідай Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

Вядома, ёсць станоўчыя вынікі. Колькасць зваротаў падлеткаў па дапамогу ў такія цэнтры за год вырасла на некалькі працэнтаў і ў 2016 годзе перавысіла 43 тысячы.

— Многія пытанні, звязаныя як з фізічным, так і з псіхалагічным здароўем падлеткаў, вырашаюцца зараз менавіта дзякуючы існаванню такіх цэнтраў, — запэўніла Наталля Жукава. — Важна, што старэйшыя дзеці могуць прыйсці сюды са сваімі праблемамі ананімна. Сёння я магу з поўнай адказнасцю сказаць, што за гэтыя гады мы сфарміравалі высокі ўзровень даверу падлеткаў.

Намеснік міністра таксама адзначыла, што супрацоўніцтва ў рамках вышэйназванага праекта дало каштоўны вопыт. “Мы сталі больш талерантнымі, больш цярпімымі, навучыліся падыходзіць да праблемы разам, прыцягваючы і грамадскасць, і бацькоў”, — адзначыла Н.Жукава. Яе падтрымала таксама кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

— Мы ўсе згаджаемся з тым, што ахова здароўя з’яўляецца вельмі важнай справай, мы павінны клапаціцца пра сваю моладзь. Гэта наша ключавая задача, тое, што нас аб’ядноўвае.

Андрэа Віктарын выказала і свой погляд на ўспрыманне падлеткавых паводзін. На яе думку, трэба не канстатаваць, што дзіця, напрыклад, ужывае алкаголь, а высвятляць, што яго да гэтага штурхае, дзе хаваецца праблема — у сям’і, школе, асяроддзі, дапамагаць яму, не пагражаючы пальцам, а на прынцыпах партнёрства ў сумесным пераадоленні цяжкасцей.

Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар адзначыў, што Беларусь робіць шмат для дзяцей першага дзесяцігоддзя жыцця. Гэта пацвярджаюць вельмі добрыя паказчыкі ў сферах адукацыі і аховы здароўя.

— Аднак не сакрэт, што, калі дзеці пераходзяць у наступнае дзесяцігоддзе, у нас з’яўляюцца праблемы, — акцэнтаваў доктар Сарвар. — Нам становіцца складаней з імі ў розных сэнсах. І справа не ў тым, што гэта Беларусь. Гэта назіраецца ва ўсім свеце, бо падлеткі — асаблівыя людзі, таму і падыход да іх патрэбен асаблівы.

Вось насамрэч жудасныя лічбы: у мінулым годзе здзейснена 28 суіцыдаў сярод падлеткаў 10—17 гадоў, што прывяло да росту долі самагубстваў у агульнай колькасці смярцей ад знешніх прычын да 34,4%. У тым жа 2016 годзе колькасць парасуіцыдаў сярод падлеткаў 10—17 гадоў у 11 разоў перавысіла колькасць самагубстваў. Такім чынам, можна гаварыць пра тое, што падлеткі больш скіроўваюцца на нейкі сацыяльны эфект, паколькі парасуіцыдальная спроба — гэта не жаданне рэальнага самазнішчэння, а часцей за ўсё пратэст супраць чаго-небудь, заклік да змены чалавечых узаемаадносін.

Sport city для малой тэрыторыі

Не менш важны і другі аб’ект. Спартыўны комплекс для дзяцей, тэрыторыя актыўнага адпачынку з бегавымі дарожкамі, баскетбольнымі і гандбольнай пляцоўкамі, дарожкамі для скандынаўскай хадзьбы і пешых прагулак — усё гэта ініцыятыва “Уваравічы — sport city”, рэалізаваная па праекце ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Дзякуючы праекту, ва Уваравічах абнавілі дзеючыя і пабудавалі новыя спартыўныя аб’екты, дзе цяпер кожны жадаючы можа далучыцца да здаровага ладу жыцця. У мястэчку жыве амаль 2300 жыхароў, і моладзі тут даволі шмат. Да дня афіцыйнага адкрыцця спартыўнага гарадка мясцовая дзятва паспела апрабаваць і валейбольную пляцоўку, і бегавыя дарожкі, і турнікі, тым больш што ўсё гэта паспяхова выкарыстоўваецца для правядзення ўрокаў фізкультуры ў мясцовай школе. Варта сказаць, што, рэалізоўваючы праект, не забыліся і пра самых маленькіх: для іх стварылі шматфункцыянальную дзіцячую пляцоўку.

Бацькі мясцовых школьнікаў прызнаюцца, што для іх спартыўны гарадок мае асаблівую каштоўнасць, бо цяпер дзеці імкнуцца праводзіць свой час не дзе-небудзь, а менавіта на спартыўных пляцоўках, многія заняліся бегам, аблюбавалі турнікі, а ў выхадныя дні моладзь нярэдка ладзіць спаборніцтвы. Падчас адкрыцця “Уваравічы — sport city” кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што заўсёды назірае нязменны пазітыўны настрой, з якім беларусы сустракаюць любыя ініцыятывы, накіраваныя на фарміраванне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця.

Уваравічы — невялічкі горад і, як заўсёды бывае ў такіх населеных пунктах, тут не прывыклі дзяліць на “сваё” і “чужое”, усе ўсё робяць разам. А калі гаворка ідзе пра магчымасць ажывіць родны куточак, прыўнесці ў яго новы подых, зрабіць нешта карыснае для сваіх дзяцей, гэта аб’ядноўвае. За рэалізацыю ініцыятыў тут узяліся сур’ёзна. Выніку не прыйшлося чакаць доўга. Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна стаў пераможцам конкурсу праектных ініцыятыў праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Ідэя педагогаў заключалася ў адкрыцці на базе іх установы цэнтра маладзёжных ініцыятыў.

Сёння такі цэнтр стаў пляцоўкай, якая дазваляе стварыць умовы для пазітыўных зносін вучнёўскай моладзі ў сваім асяроддзі, моладзі з соцыумам, якая дапамагае развіваць камунікатыўную культуру, лідарскія якасці, а таксама дае магчымасці сістэматычнай працы па вылучэнні і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў. Як гэта ўсё дзейнічае зараз, педагогі дадатковай адукацыі прадэманстравалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, намесніку пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Закары Тэйлару, прадстаўнікам мясцовай улады і іншым гасцям, якія прысутнічалі на адкрыцці спартыўнага гарадка ва Уваравічах. Акрамя таго, госці азнаёміліся з работамі аматарскага аб’яднання па ткацтве ў рамках мясцовай ініцыятывы “Адродзім ручнік разам”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.