Учора Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры адзначыў 80-гадовы юбілей. Шмат цёплых слоў у адрас кіраўніцтва ўніверсітэта, прафесарска-выкладчыцкага складу, выпускнікоў, сённяшніх студэнтаў гучала ад удзельнікаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сістэма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву”, якая праходзіла 26—27 кастрычніка на базе вядучай спартыўнай установы вышэйшай адукацыі краіны.
Як адзначаецца ў віншавальным слове кіраўніка дзяржавы, за гэтыя гады ўстанова адукацыі з фізкультурнага тэхнікума ператварылася ў сучасную ўстанову вышэйшай адукацыі, якая дынамічна развіваецца і ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і для краін блізкага і далёкага замежжа. Са сцен універсітэта пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 33 тысячы спецыялістаў, якія робяць дастойны ўнёсак у развіццё спорту вышэйшых дасягненняў і фізічнай культуры, фарміраванне здаровага ладу жыцця насельніцтва. “Упэўнены, што адначасова са сваёй галоўнай задачай падрыхтоўкі спецыялістаў, якія здольны сказаць новае слова як у спорце, так і ў навуцы, універсітэт і надалей працягне работу па выхаванні маладога пакалення сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.
Па словах намесніка прэм’ер-міністра Васіля Іванавіча Жарко, за 80 гадоў універсітэт прайшоў няпросты шлях станаўлення і функцыянальнага росту, ператварыўшыся ў сапраўдны галіновы цэнтр фізкультурнай і спартыўнай адукацыі і навукі, шырокавядомы як у нашай краіне, так і за яе межамі. У летапіс беларускага і сусветнага спорту ўпісалі свае перамогі і імёны многія студэнты і выпускнікі ўніверсітэта, поспехамі якіх мы вельмі ганарымся. Выпускнікамі ўніверсітэта з’яўляюцца і многія цудоўныя трэнеры, якія паднялі развіццё свайго віду спорту на вышэйшую прыступку. Без павышэння якасці падрыхтоўкі трэнераў немагчыма ўзмацніць пазіцыі нашай краіны ў сусветным спорце. У гэтым кантэксце Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сістэма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву” надзвычай актуальная.
Сусветны вопыт паказвае, што развіццё дзіцячага і юнацкага спорту і высокі навукова-метадычны ўзровень работы ў ім у значнай меры вызначае поспех краіны на міжнароднай спартыўнай арэне на доўгую перспектыву. Менавіта ў дзіцячым і юнацкім узросце закладваецца падмурак высокіх стабільных спартыўных дасягненняў. Важная роля тут належыць рабоце сістэмы адукацыі.
“Міністэрствам адукацыі сумесна з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, іншымі міністэрствамі і ведамствамі створана эфектыўная сістэма фізічнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і фарміравання здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Гэтая сістэма дазваляе ажыццяўляць якасны адбор таленавітых і адораных навучэнцаў у тым ліку і для спорту высокіх дасягненняў. Часткай агульнай сістэмы фізічнай культуры і спорту ў краіне з’яўляецца дзіцяча-юнацкі спорт, які прадстаўлены сеткай спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Сёння тут займаецца амаль 10 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На базе гэтых устаноў функцыянуюць спецыялізаваныя па спорце класы, у якіх займаецца больш за 8,5 тысячы навучэнцаў. Такія класы створаны па 45 алімпійскіх відах спорту і 18 неалімпійскіх відах”, — паведаміў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Адбору таленавітых навучэнцаў садзейнічаюць спартыўныя і іншыя мерапрыемствы. Самай маштабнай у нашай краіне і на постсавецкай прасторы з’яўляецца рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. У фінальных спаборніцтвах спартакіяды па 24 відах спорту спаборнічаюць больш за 2 тысячы школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На пачатковым этапе спартакіяды прымаюць удзел больш за 30 працэнтаў ад усіх навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На выяўленне таленавітых у спорце навучэнцаў накіраваны новыя праекты, якія рэалізуюцца сумесна з федэрацыямі па відах спорту. Асаблівай папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў карыстаюцца спартыўныя турніры па футболе “Скураны мяч” і па хакеі “Залатая шайба”.
“Студэнцкі спорт — гэта адна з найважнейшых прыступак у спорце вышэйшых дасягненняў і пляцоўка для станаўлення перспектыўных спартсменаў. Высокія вынікі, атрыманыя студэнтамі-спартсменамі на міжнароднай арэне, служаць умацаванню прэстыжу краіны. Развіццё студэнцкага спорту стала прыярытэтным кірункам у дзейнасці дзяржаўных органаў. Для кансалідацыі намаганняў па развіцці сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву ў 2012 годзе была створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту. Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае рэспубліканская ўніверсіяда. Павялічваецца колькасць удзельнікаў універсіяды. Правядзенне ўніверсіяды садзейнічае якаснаму адбору кандыдатаў на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, такіх як Сусветная зімняя і летняя ўніверсіяды, Еўрапейскія ўніверсітэцкія гульні, чэмпіянаты свету сярод студэнтаў, чэмпіянаты і кубкі Еўропы сярод універсітэцкіх каманд”, — адзначыў Ігар Васільевіч.
Падчас работы канферэнцыі абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву — важнага складніка спартыўных дасягненняў і іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Вялікая частка пытанняў, узнятых на канферэнцыі, тычылася развіцця дзіцячага і юнацкага спорту. Гэтыя пытанні “Настаўніцкая газета” абавязкова абмяркуе са спецыялістамі ў тэматычнай рубрыцы “Фізічнае выхаванне”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.