Падарожжа ў “Зімовы гарадок”

- 10:28Нам пішуць

Зіма — час гульняў, забаў, зняцця назапашанага за час вучобы напружання, чакання Новага года. Дзіцячы зімовы лагер — выдатнае месца для раскрыцця творчага патэнцыялу дзіцяці. З 26 снежня па 5 студзеня ў Мушынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе працаваў зімні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Зімовы гарадок”.

Дваццаць дзяўчынак і хлопчыкаў правялі частку сваіх канікул у вясёлай і нязмушанай абстаноўцы. Займальная і цікавая праграма аздараўленчага лагера не дазволіла дзецям сумаваць, напоўніла іх жыццёвай энергіяй і здароўем. Восем дзён адпачынку былі насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі.

За час знаходжання ў “Зімовым гарадку” дзеці пабывалі на завулку Знаёмстваў, на плошчы Снежнай каралевы, наведалі праспект Беларускі, вуліцы Навагоднюю, Здароўя, Спартыўную, Казачную і Снежную. Тут іх чакалі займальныя конкурсы : “Зімовыя свавольствы”, “Навагодні серпанцін”, “Цуды ля навагодняй ёлкі”, “Падарожжа ў свет казак”, спартыўныя конкурсы, забавы, віктарыны.

Вясёлы, актыўны адпачынак — гэта залог паспяховых канікул. Але, безумоўна, і бацькі, і педагогі жадаюць, каб адпачынак быў яшчэ і бяспечным. У сувязі з гэтым з дзецьмі штодня праводзіліся прафілактычныя гутаркі, хвілінкі здароўя і бяспекі: “Як паводзіць сябе на зімовай вуліцы”, “Стань больш прыметным у цемры”, “Правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі”, “Тонкі лёд”, “Увага: ледзяшы!”, “Небяспечныя гульні з агнём” і іншыя. А каб усе правілы запомніліся надоўга, прадстаўлены яны былі любімымі мультыплікацыйнымі героямі з серыі “Урокі бяспекі”.

Частымі гасцямі ў нашай школе з’яўляюцца супрацоўнікі Мсціслаўскага РАНС Сяргей Іванавіч Усанаў, Андрэй Уладзіміравіч Шалыгін, Уладзімір Валер’евіч Пратасевіч, якія праводзяць урокі бяспекі з навучэнцамі нашай школы, бацькамі, педагогамі. Мы сталі сапраўднымі сябрамі. Заўсёды з нецярпеннем чакаем сустрэчы з нашымі ратавальнікамі. Прыехалі супрацоўнікі РАНС і напярэдадні лагернай змены, каб павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з навагоднімі святамі і нагадаць аб правілах бяспечнага адпачынку. Падчас гутаркі дзеці дзяліліся сваімі ведамі па бяспецы, знаходзілі выйсце з сітуацый, якія прапаноўвалі ім супрацоўнікі РАНС, надзявалі спецыяльную амуніцыю ратавальнікаў. Хлопчыкам і дзяўчынкам былі ўручаны буклеты “Што рабіць, калі…” (з серыі “Бяспека ў кожны дом”).

Важатых і дзяцей чакалі вясёлыя і цікавыя конкурсы, святочныя мерапрыемствы і забавы. Праца ў лагеры была спланавана такім чынам, што кожны змог праявіць свае творчыя здольнасці, фантазію, а атрады пасябравалі і згуртаваліся. Дзеці з азартам выконвалі ўсе конкурсныя заданні: удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, адказвалі на пытанні, танцавалі на дыскатэках, разыгрывалі тэатр-экспромт і інш. Заводзілі ўсіх вясёлыя і творчыя важатыя. Абыякавых і сумных у “Зімовым гарадку” не было, і ўсе яго ўдзельнікі: і педагогі, і дзеці — атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі.

Алена МІХНЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Мушынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.