Для жыхараў Горада Паслухмяных Дзяцей у Малабераставіцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна адкрыццё Года малой радзімы адзначылася квэст-гульнёй “Мая Малая Бераставіца”, якая доўжылася на працягу ўсяго дня, ахопліваючы ўсе рэжымныя моманты ГПД.
Падчас прыёму ў ГПД дзеці падзяліліся на каманды і атрымалі маршрутныя лісты. Гульня праводзілася па станцыях. На першай станцыі “Апранайся па-беларуску” вучням трэба было на картках злучыць стрэлкамі рускую назву адзення з беларускай. З гэтым заданнем дзеці справіліся з лёгкасцю, паколькі ўжо неаднаразова сустракаліся з такімі назвамі. Другая станцыя “Залатое колаМалой Бераставіцы” — экскурсія па аграгарадку з прыпынкамі каля амбулаторыі, аўтамайстэрні, пошты, помніка воінам-землякам. На кожным прыпынку дзяцей чакалі цікавыя заданні: яны складалі прыказкі, адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, чыталі вершы.
На станцыі “Смачна есці” ў школьнай сталовай трэба было паказаць веды пра беларускія стравы і адабраць прадукты для прыгатавання дранікаў. Станцыя “Кветка пытанняў” патрабавала ад вучняў ведаў пра Малую Бераставіцу, яе мінулае і сучаснае. Пятая станцыя мела назву “Беларуская хатка” і ўключала наведванне аднайменнага раздзела ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”, дзе вучні адказвалі на пытанні экскурсаводаў. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра жыццё беларускіх сялян. “Час беларускай гульні” — такую назву мела апошняя станцыя. Тут дзеці спаборнічалі ў беларускіх народных гульнях.
За перамогу ў станцыях каманды атрымлівалі жэтоны, а ў канцы гульні — граматы. Квэст-гульня дзецям вельмі спадабалася. Яна дапамагла яшчэ раз звярнуць увагу на сваю малую радзіму, сустрэцца з яе мінулым, больш даведацца пра сучаснае, памарыць пра будучае.
Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ,
выхавальнік ГПД Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.