Эфектыўны ўрок як цаглінка ў вялікім праекце

- 12:15Людзі адукацыі

Выкладчык фізікі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Юлія Якавенка — прадстаўнік педагагічнай дынастыі. Яе прадзед працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Дзядуля — Уладзімір Андрэевіч Якавенка — прафесар кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі БДПУ імя Максіма Танка. Тата і мама таксама выкладчыкі ўніверсітэта, дацэнты. І Юлія скончыла фізічны факультэт педагагічнага ўніверсітэта, а затым магістратуру па спецыяльнасці “Фізіка кандэнсаванага стану” і аспірантуру. Нядаўна дзяўчына стала пераможцай гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2018” у намінацыі “Мы — маладыя!”.

“Фізіку і матэматыку любіла са школы. Мне заўсёды было прасцей рашыць задачу, чым вывучыць параграф па біялогіі, — адзначае Юлія. — У сярэдняй школе № 30 Мінска мяне вучылі выдатныя настаўнікі, і, вядома ж, пашанцавала мне з галоўным настаўнікам — татам-фізікам. Пры навучанні ва ўніверсітэце атрымала цудоўныя акадэмічныя веды, якія сталі падмуркам для рознабаковага развіцця. Унікальнасць БДПУ імя Максіма Танка ў тым, што ён дае магчымасць для спалучэння паўнацэннага вучэбнага працэсу, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням і тэндэнцыям, з актыўным студэнцкім жыццём. Асабліва запомніліся мне “зорныя паходы”. Навучанне ва ўніверсітэце падарыла магчымасць зносін з высакакласнымі педагогамі. Што асабліва важна — з педагогамі-практыкамі. Да гэтага часу пры падрыхтоўцы да ўрокаў успамінаю і кіруюся неацэннымі парадамі выкладчыка інфарматыкі Святланы Васільеўны Вабішчэвіч. Універсітэт я скончыла з адзнакай”.

У МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Юлія Якавенка прыйшла працаваць у апошні год навучання ў аспірантуры. Папрасілася на размеркаванні менавіта сюды. І не пашкадавала. Адміністрацыя і педагагічны калектыў каледжа аказалі маладому педагогу моцную метадычную падтрымку.
“Мой вопыт работы — крыху больш за год, — гаворыць Юлія. — За гэты час я зрабіла выснову: навучэнцы заўсёды адлюстроўваюць настрой выкладчыка: варта зайсці ў клас без усмешкі, не разабраўшыся ў сітуацыі, крыху павысіць голас, супакойваючы клас, — юнакі і дзяўчаты тут жа перастаюць стрымліваць свае эмоцыі. У такія моманты парушэння дысцыпліны я ўспамінаю свае школьныя гады, стаўлю сябе на месца вучняў і не раблю паспешных высноў. Магчыма, клас толькі вярнуўся з урока фізкультуры і таму не можа супакоіцца. Якіх сітуацый толькі не было! Трэба ўмець прыцягнуць увагу дзяцей да прадмета паступова і плаўна ўвесці іх у заняткі. Таксама важныя, на мой погляд, у працэсе наладжвання дысцыпліны і ў рабоце з класам наступныя тры “кіты”: разумныя патрабаванні з боку выкладчыка, паслядоўнасць у патрабаваннях, павага і справядлівасць”.

Усе прафесіі каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва можна аднесці да творчых: цырульнік, майстар па манікюры, візажыст, абутнік, фатограф, раскройшчык матэрыялу. У сярэднім у групе вучацца па 27 чалавек. Падрыхтоўка да ўрока нават па адной і той жа тэме ў залежнасці ад таго, у якой групе выкладае педагог, павінна адрознівацца. У плане-канспекце заняткаў Юлія Якавенка ўлічвае яшчэ адзін важны фактар — прафесійную зацікаўленасць навучэнцаў. Пры тлумачэнні некаторых тэм з раздзела “Оптыка” ў групе цырульнікаў важна зрабіць акцэнт на фізічнай прыродзе святла, правесці цікавыя доследы: напрыклад, “Як чырвонае зрабіць белым”, разабраць каляровыя схемы, якія яны выкарыстоўваюць у сваёй прафесіі, на мове фізікі. Для груп фатографаў вялікі акцэнт варта зрабіць на ўстройстве і прынцыпе работы аптычных прыбораў.

“Мая задача пры падрыхтоўцы да ўрока зводзіцца не толькі да таго, каб стварыць матывацыйны стымул праз цікавасць да фізічных з’яў, але і праз усведамленне дзецьмі таго, як ім спатрэбіцца фізіка ў будучай прафесіі, — адзначае Юлія. — Таму перада мной вялікая адказнасць: напрыклад, пры вывучэнні раздзела “Электрастатыка” важна навучыць дзяцей бяспечным і свядомым адносінам да электрычных прыбораў, паколькі большасць з выпускнікоў каледжа будзе працаваць з электрычным абсталяваннем. Вядома ж, урок фізікі цяжка ўявіць без займальных доследаў. Таму пры вывучэнні раздзела “Малекулярная фізіка” мы з навучэнцамі робім дослед з няньютанаўскай вадкасцю, ствараем найпрасцейшую лававую лямпу, кідаючы манеткі ў шклянку, назіраем мяжу паверхневага нацяжэння. Магчымасць праводзіць доследы з’яўляецца галоўнай адметнасцю фізікі, і яе трэба выкарыстоўваць”.

Юлія Якавенка актыўна наведвае адкрытыя ўрокі калег, збірае сваю скарбонку метадаў і прыёмаў работы. На занятках яна выкарыстоўвае метад праблемнага навучання, які з’яўляецца свайго роду класікай для прадмета “Фізіка”. Яго рэалізацыя патрабуе больш часу для падрыхтоўкі да ўрока, але карысць гэтага метаду складана пераацаніць. Супярэчнасці, якія вырашаюць вучні ў прапанаванай праблемнай сітуацыі, робяць здабытыя веды асабліва значнымі для навучэнцаў, бо яны прысвойваюць іх сабе і папаўняюць сваю доўгатэрміновую памяць. Праблемнае навучанне дазваляе эфектыўна развіваць мысленне і творчыя здольнасці навучэнцаў, і настаўнік адразу ж атрымлівае зваротную сувязь. Высокі і працэнт матывацыйнага кампанента пры рэалізацыі такога навучання, бо адзін са спосабаў стварэння праблемнай сітуацыі — гэта займальны фізічны эксперымент.

“Мне падабаюцца інтэрактыўныя метады навучання, якія дапамагаюць зрабіць кожнага вучня актыўным удзельнікам вучэбнага працэсу, — гаворыць Юлія. — На мой погляд, эфектыўны ўрок сёння — гэта ўрок, які з’яўляецца цаглінкай у вялікім праекце, мэта якога — навучыць вучня вучыцца. Сёння паток інфармацыі велізарны. Настаўнік павінен даць вучню алгарытм, які дазволіць эфектыўна працаваць з інфармацыяй, вылучаць галоўнае і прымяняць на практыцы атрыманыя веды. Гэта ўсё спрыяе падрыхтоўцы навучэнца да далейшай самастойнай паспяховай працоўнай і вучэбнай дзейнасці. Калі пасля ўрока вучань можа адразу ў двух словах расказаць, аб чым быў урок, аб чым важным або новым ён даведаўся — пра пэўныя з’явы, паняцці, якія засвоіў пры правядзенні доследаў, можна лічыць, што настаўнік дасягнуў сваёй мэты”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.