Усе на пошукі скарбаў!

- 14:48Нам пішуць

Хто не любяць таямніцы і загадкі? У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Свіслачы свята “Усе на пошукі скарбаў” стала і займальнай прыгодай, і спартыўнай забавай.

Загадкавы Пірат запрасіў самых смелых дзяўчынак і хлопчыкаў адправіцца на пошукі скарбаў, але для гэтага неабходна было прайсці выпрабаванні, падзяліўшыся на дзве каманды. “Медузы” і “Крабы” спаборнічалі ў кемлівасці і ўважлівасці (конкурс “Збяры карабель”) і змаглі адправіцца ў дарогу на двух караблях.


Падчас падарожжа ім у сетку трапіла бутэлька з картай, на якой быў пазначаны шлях да скарбаў. У заданні “Перацягні канат” высветлілася, што каманда “Крабы” аказалася мацнейшай. На беразе дзеці трохі адпачылі, навучыўшыся выконваць загады капітана (дынамічная паўза “Юнга”), з задавальненнем знайшлі адказы на “Марскія загадкі”. У спаборніцтве “На абардаж” каманда “Медузы” была спрытнейшай.


Павесяліў дзяцей конкурс “Касцяная нага”, у якім трэба было па камандзе хутка знайсці свой “страчаны” туфель. Затым па курсе з’явілася зграя асьміногаў. Каманды змаглі абараніць свае караблі, узяўшы ўдзел у спаборніцтве “Перамажы асьмінога”. Пад канец свята юныя адкрывальнікі, арыентуючыся па карце, адшукалі на востраве куфар са скарбамі. Пераможны танец згуртаваў дзве каманды. А знойдзеныя скарбы падзялілі пароўну.

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.