З шоргатам залатой лістоты, з кастрычніцкім сонечным днём да нас у школу прыйшло цудоўнае свята — Дзень настаўніка! 5 кастрычніка з самай раніцы ўсе навучэнцы сярэдняй школы № 4 Клімавіч пастараліся акружыць педагогаў увагай і клопатам, стварыць атмасферу свята: сцены ў фае на кожным паверсе школы ўпрыгожылі віншавальнымі паштоўкамі і насценгазетамі, лесвіцу — яркімі паветранымі шарамі і віншаваннямі. А для навучэнцаў 11 класа гэты дзень яшчэ падарыў магчымасць адчуць сябе ў ролі настаўніка — прайшоў дзень самакіравання.
Заключным акордам стаў святочны канцэрт “Для вас, любімыя настаўнікі!”, які падрыхтавала педагог-арганізатар Людміла Фёдараўна Круцікава і класныя кіраўнікі са сваімі навучэнцамі. На свяце прысутнічалі асаблівыя госці — ветэраны педагагічнай працы Тамара Фёдараўна Гайдарава, Ніна Арсенцьеўна Ранчанка, Антаніна Сямёнаўна Свідэрская, Таццяна Васільеўна Шапецька. Кожны клас падрыхтаваў яркі нумар: хтосьці чытаў верш, хтосьці спяваў, хтосьці танцаваў, хтосьці граў на гітары, а нехта меў магчымасць праявіць акцёрскія здольнасці.
Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.