Час імкліва бяжыць наперад, руйнуючы на сваім шляху былыя традыцыі. Паступова адыходзіць у нябыт друкаваная кніга, сучаснае пакаленне не спяшаецца гартаць папяровыя старонкі. І само чытанне страчвае сваю сакральную сутнасць. Гэтая праблема асабліва востра стаіць перад настаўнікамі-філолагамі. Мы не можам дапусціць, каб вучні перасталі чытаць. Мінулая матывацыя ўжо не спрацоўвае, таму варта прымяняць метады развіцця чытацкіх кампетэнцый, блізкія і цікавыя сучасным школьнікам. Разгледзім некаторыя з іх.
Буктрэйлеры
Буктрэйлер — гэта кароткі відэаролік, які расказвае пра пэўную кнігу, мастацкі твор, інакш кажучы, рэкламуе іх. Можна выкарыстоўваць гатовыя буктрэйлеры ў якасці анонса перад вывучэннем твора або як падагульненне ў канцы, а можна прапанаваць вучням самім стаць рэжысёрамі. Для стварэння буктрэйлераў прыстасавана любая праграма для фота- і відэамантажу. Падыдуць вядомыя і лёгкія ў карыстанні Windows Movie Maker, Power Point — атрымаюцца змястоўныя слайдшоу. Калі ж плануецца ўжыць больш спецэфектаў альбо дынамікі, то на дапамогу прыйдуць Adobe Photoshop, SonyVegasPro, Pinaccle Studio. Больш выйгрышным будзе ролік, у якім выкарыстоўваюцца ўласныя, а не спампаваныя з інтэрнэту фотаздымкі. Таму першапачаткова неабходна наведаць бібліятэку, тэатр, і, магчыма, нават сустрэцца з аўтарам кнігі. Такі буктрэйлер стане ўнікальным. Калі сабраны ілюстрацыйны матэрыял, трэба падумаць над агучваннем: падабраць музычнае суправаджэнне, скласці каментарый дыктара ці сумясціць гэта. Потым, лагічна расклаўшы ўсе элементы паводле сцэнарыя, прыступіць да тэхнічнага мантажу.
Аўдыякнігі
Праслухоўванне аўдыякніг у першую чаргу рэкамендуецца вучням, у якіх павольны тэмп чытання. Асабліва гэта актульна, калі справа датычыцца вялікіх па аб’ёме твораў. Несумненна, лепш асабіста пазнаёміцца з тэкстам, але калі існуе пагроза таго, што вучань не паспее, то лепш выбраць такі варыянт, каб усё ж дакрануцца да сюжэту. Таксама падчас урока настаўнік можа выкарыстаць фрагмент аўдыязапісу: як цытату-доказ для пацвярджэння думкі або як узор дэкламавання. Можна пайсці далей і запісаць уласную аўдыякнігу. Але напачатку мэтазгодна правесці кастынг: праверыць выразнасць чытання ў некалькіх патэнцыяльных дыктараў, каб у выніку атрымаць якасны прадукт.
Эфір блогера
Гаджэты дазваляюць нам фактычна жыць анлайн. На экранах сусветнай сеткі расказваюць усе пра ўсё. Давайце і мы раскажам пра кнігу, яе аўтараў, пастаўленыя праблемы, вобразы герояў. І неабавязкова выкладваць ролік у інтэрнэт на ўсеагульны прагляд, можна абмежавацца больш вузкай аўдыторыяй — школай, класам, сябрамі. Імправізацыя тут непажадана, лепш загадзя падрыхтаваць тэкст, абдумаць дэкарацыі. Цікавым будзе цэлы цыкл ролікаў па тэматыцы накшталт “Што мы чытаем”, “Кніжныя навінкі”, “Займальныя прыгоды герояў” і г. д. Дэманстраваць іх можна не толькі на ўроках літаратуры, а і на класных гадзінах, выхаваўчых мерапрыемствах, можна размясціць на школьным сайце.
Віртуальныя старонкі літаратурных герояў
Падлеткі зараз большасць свайго часу праводзяць у сацыяльных сетках. Гэтую звычку можна выкарыстаць для прыцягнення да чытання і прапанаваць ім стварыць віртуальную старонку літаратурных герояў. Але для таго, каб запоўніць усе нішы старонкі, неабходна добра вывучыць яе “гаспадара”, а значыць, уважліва прачытаць і прааналізаваць твор. Каб не трапляць у складаныя камп’ютарныя перыпетыі, спачатку можна намаляваць так званы скрыншот на аркушы паперы, адлюстраваўшы адкрытую старонку. Часцей за ўсё дзеці выбіраюць “УКантакце”, яны віртуозна валодаюць усімі змешчанымі там функцыямі. У якасці аватаркі героя выкарыстоўваюць або ілюстрацыю мастака да твора, або партрэт, намаляваны таленавітым аднакласнікам, або нават проста тэматычны фотаздымак. Асабліва падабаецца імправізаваным адміністратарам ствараць перапіску “на сцяне”. Тут у ход ідуць фантазія і веды сюжэту.
Выкарыстанне разгледжаных метадаў спрыяе дасягненню асноўнай мэты — развіццю чытацкіх кампетэнцый. У вучняў абуджаецца цікавасць да кнігі, яе абмеркавання і аналізу. Прыцягненне сродкаў ІКТ дазваляе падтрымліваць актуальнасць заняткаў і рэпутацыю сярод сучасных вучняў — актыўных карыстальнікаў гаджэтаў.
Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.