Нашы навучэнцы — гэта людзі новага інфармацыйнага грамадства. Галоўная задача сучаснай адукацыі — здольнасць маладых людзей, якія заканчваюць навучальную ўстанову, рэалізаваць сябе ў грамадстве, працаваць у камандзе, дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, быць гатовымі пастаянна вучыцца, самаўдасканальвацца. Таму сучасны адукацыйны працэс пабудаваны на аснове і ў спалучэнні асобасна арыентаванага, дзейнаснага, кампетэнтнаснага падыходаў.
Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ажыццяўляецца праз фарміраванне ў навучэнцаў сістэмы кампетэнцый. У аснову любой кампетэнцыі можна пакласці наступную схему: веды+уменні+разуменне+вопыт дзейнасці+прымяненне ў нестандартнай сітуацыі.
У сучаснай педагагічнай навуцы існуе мноства класіфікацый кампетэнцый. Расійскі вучоны Андрэй Хутарской у якасці вядучых вылучае ключавыя кампетэнцыі. Вельмі ёмістае іх азначэнне дадзена ў рэкамендацыях Еўрапарламента Еўропы. Ключавыя кампетэнцыі — гэта сістэма ведаў, уменняў і каштоўнаснага станаўлення асобы, якая неабходна для самарэалізацыі, асобаснага развіцця, працаўладкавання ў сучасным грамадстве. Гэта развіццё крытычнага мыслення, крэатыўнасці, уменне вырашаць праблемы, супрацоўнічаць, ацэньваць рызыку, прымаць рашэнні, кіраваць сваімі эмоцыямі.
Ключавыя кампетэнцыі не адмяняюць ведаў, уменняў і навыкаў, а пашыраюць і ўзбагачаюць іх, таму што звязаны з паводзінамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі навучэнцаў.
Прывяду прыклад. Два навучэнцы прыкладна з аднолькавым узроўнем ведаў, уменняў і навыкаў, апынуўшыся з бацькамі ў лесе, паводзяць сябе цалкам па-рознаму. Адзін збірае сухастой для агню, другі спрабуе зламаць дрэва. Адзін навучэнец можа прымяніць атрыманыя веды ў нестандартнай сітуацыі, другі — на жаль, не. Вось вам і развіццё ключавых кампетэнцый. Ёсць над чым працаваць педагогам.
Як відаць з азначэння, ключавыя кампетэнцыі — гэта і сістэма развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў. Найбольш паспяховым сродкам яго развіцця з’яўляецца аналіз медыятэкстаў, да якіх можна аднесці камп’ютарныя прэзентацыі, фотаздымкі, карціны, фільмы, відэаролікі, аўдыязапіс, артыкул з інтэрнэту, матэрыял падручніка і інш.
Немагчыма сабе ўявіць, як можна правесці сучасныя вучэбныя заняткі без нагляднасці?! Асабліва гэта датычыцца такіх прадметаў, як “Чалавек і свет”, гісторыя, геаграфія, літаратура і нават інфарматыка. Таму практычна на кожным уроку ў якасці нагляднасці педагогі выкарыстоўваюць і фотаздымкі, і відэаролікі, і фрагменты фільмаў, г.зн. медыятэксты. Але ёсць адна асаблівасць іх прымянення: як не сутыкнуцца з фэйкавай прадукцыяй.
Фэйк — гэта падробка, у самым шырокім сэнсе. Каго і што сёння называюць фэйкамі:
а) фотаздымкі, падробленыя ў фоташопе, а часам і відэаролікі, зманціраваныя ў відэарэдактары або знятыя ў зусім іншы час;
б) фальшывыя навіны, якія не ўсе здольны адрозніць ад праўды (тое, што сёння часам называецца “ўкідамі”);
в) старонкі ў сацыяльных сетках, створаныя ад імя іншых людзей;
г) фэйкамі могуць называцца таксама фальшывыя акаўнты ў Твітары.
Можна вылучыць наступныя віды фэйкавых фотаздымкаў:
- Фотамантаж — гэтае спалучэнне двух і больш фотаздымкаў у адной карціне.
- Рэтуш — выпраўленне (часта на камп’ютары) гатовай фатаграфіі.
- Нетыповая кадроўка — фота, зробленае з дапамогай такой перспектывы, што знятыя аб’екты выглядаюць зусім інакш.
Такім чынам, пры адборы матэрыялу трэба быць уважлівым і асцярожным.
Пасля таго як настаўнік вызначыцца з медыятэкстам, трэба, каб медыятэкст пачаў працаваць на навучэнцаў і развіваў у іх крытычнае мысленне.
У гэтым педагогам дапамагае памятка. Працуючы па гэтай памятцы, сістэматычна пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці навучацца разбірацца ў дакладнасці інфармацыі, змогуць адрозніваць праўду ад хлусні, пры гэтым прыводзячы яшчэ і доказную базу, а таксама браць максімум карыснай для сябе інфармацыі і прымяняць яе ў нестандартнай жыццёвай сітуацыі.
ПАМЯТКА
Этапы работы над аналізам медыятэксту | Магчымыя пытанні |
Від медыятэксту (фотаздымак, прэзентацыя, відэаролік, артыкул падручніка, артыкул з інтэрнэту і інш.) | Які від гэтага медыятэксту? |
Від медыятэксту па мэце (інфармацыйны, забаўляльны, інфармацыйна-забаўляльны, інфармацыйна-пазнавальны, рэкламны і інш.) | Які від медыятэксту па мэце? |
Спосаб стварэння медыятэксту (графічны рэдактар, відэаабсталяванне, фотаабсталяванне і інш.) | Пры дапамозе чаго ствараўся медыятэкст? |
Аўдыторыя (чалавек ці група, на якіх разлічаны медыятэкст) | Як вы думаеце, каму цікава будзе глядзець гэты медыятэкст і чаму? |
Інфарматыўнасць медыятэксту | Прадумаць паслядоўны ланцужок пытанняў, якія дапамогуць узяць максімум карыснай інфармацыі з медыятэксту |
Сродкі падачы інфармацыі (асвятленне, размяшчэнне галоўнага аб’екта). Мэта гэтых сродкаў | Назавіце сродкі, якія выкарыстаў аўтар медыятэксту. З якой мэтай ён гэта зрабіў? |
Выказванне даверу-недаверу да медыятэксту | Вы давяраеце гэтаму медыятэксту? Чаму? |
Развіццю ключавых кампетэнцый будзе спрыяць работа з QR-кодамі. QR-код (quickresponse) — новы від штрыхкода, у якім кадзіруецца розная інфармацыя (дадатковая рэальнасць). У перакладзе з англійскай азначае “хуткі адказ”. Распрацавала QR-код у 1994 годзе японская кампанія DensoWave. Для таго каб працаваць з QR-кодамі, неабходна мець мабільны тэлефон з фотакамерай, дадатак для счытвання QR-кодаў у тэлефоне ці браўзеры.
QR-коды выкарыстоўваюць для кампактнага кадзіравання кантактных даных, інтэрнэт-адрасоў, адрасоў электроннай пошты, SMS і іншай інфармацыі.
— аўтаматычна счытваць розныя даныя;
— змяшчаць вялікую колькасць інфармацыі ў невялікую карцінку.
QR-коды маюць шырокі спектр дзейнасці пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Іх можна прымяняць як у вучэбнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Разгледзім некаторыя варыянты выкарыстання QR-кодаў на вучэбных занятках. Напрыклад, пры рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі.
Асаблівасцю новых вучэбных дапаможнікаў з’яўляюцца спасылкі на электроныя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. Скарыстацца імі можна праз QR-код. Спасылкі на іншыя кампаненты ВМК — гэта сродак дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, які дазваляе ўлічыць пазнавальныя магчымасці і інтарэсы навучэнцаў з розным узроўнем адукацыйнай падрыхтоўкі і матывацыі да вывучэння прадмета. Пры арганізацыі заняткаў QR-коды можна таксама прымяняць:
— падчас праверкі дамашняга задання;
— пры паведамленні тэмы ўрока (шыфроўка тэмы);
— выкарыстоўваць непасрэдна на ўроку, раздаўшы кантрольна-тэставы матэрыял;
— пры паведамленні дадатковай інфармацыі (гэта ў сваю чаргу спрыяе развіццю ўмення ў навучэнцаў працаваць з іншымі крыніцамі інфармацыі, правяраць інфармацыю на дакладнасць, параўноўваючы яе з іншай такой жа інфармацыяй з іншай крыніцы);
— пры аказанні дапамогі навучэнцу (падказка ў выглядзе формулы, прыкладу, часткова рэшанай задачы).
Самы вялікі плюс QR-кодаў у тым, што тэлефон перастае быць цацкай у руках сучаснага школьніка, а становіцца сродкам атрымання ведаў. Мабільныя тэлефоны маюць амаль усе навучэнцы, педагогі, бацькі, што і дазваляе шырока прымяняць магчымасці гэтых тэхналогій у практычнай дзейнасці. Стварыць QR-код нескладана. З улікам таго, што гэтыя коды не былі ліцэнзаваны, кожны жадаючы можа не толькі выкарыстоўваць іх, але і ствараць цалкам бясплатна. Для стварэння і прасоўвання QR-кодаў ёсць мноства сэрвісаў і праграм. Коды можна захоўваць у выглядзе графічнай выявы, раздрукоўваць, непасрэдна ўкараняць у дакумент, які публікуецца, слаць па электроннай пошце, публікаваць у сетцы інтэрнэт.
Прымяняючы такія медыяадукацыйныя сродкі, як глыбокі аналіз медыятэкстаў, работа з QR-кодамі, педагогі вучаць дзяцей здабываць веды самастойна пад кіраўніцтвам настаўніка, а не атрымліваць іх у гатовым выглядзе. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе развіццю ў навучэнцаў крытычнага мыслення, умення працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Сучасныя школьнікі перастануць баяцца вялікага патоку інфармацыі з розных медыя. Яны проста навучацца адсейваць непатрэбную, бескарысную інфармацыю.
Як вынік у будучыні: навучэнцы змогуць прымяняць набытыя веды ў практычных і нестандартных сітуацыях. Калі гэта ажыццявіцца, то можна лічыць, што мэта кампетэнтнаснага падыходу дасягнута.
Алег ЗАСІМ,
дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.