Пазнаёміцца з каляднымі традыцыямі — справа важная і неабходная для маладога пакалення. Інтэрактыўныя гульні, квэсты, падарожжы — усё гэта дапамагае сёння дзецям лепш пазнаёміцца з жыццём продкаў і зазірнуць у мінулае малой радзімы.
Напярэдадні старога Новага года ўсіх ахвотных запрасіў у госці Лідскі замак. Менавіта ў сценах старажытнага помніка архітэктуры ХIV стагоддзя прайшоў тэатралізаваны калядны фэст. Стаць удзельнікамі насычанага тэатралізавана-абрадавага дзеяння, атрымаць зарад добрага настрою і пазітыву, пачаставацца прысмакамі мелі магчымасць усе лідчане. Вучні 6 “Б” класа СШ № 11 разам з бацькамі і класным кіраўніком таксама вырашылі ўбачыць усё на свае вочы і стаць актыўнымі ўдзельнікамі свята.
Сярод магутных мураваных сцен работнікі культуры Лідчыны наладзілі сапраўдны “Калядны фэст”. Музыка, спевы, зімовыя забавы, пачастункі, прыемныя ласункі — усё гэта атрымалі вучні, якія актыўна ўдзельнічалі ў свяце.
“Калядны фэст” запрасіў на імправізаваную пляцоўку — у сялянскую хату, дзе гаспадар і гаспадыня чакалі гасцей. Першым з’явіўся бог зімы Зюзя. Ён стаў пужаць, што падрумяніць усім шчокі, пасля — што сваёй булавой будзе біць па чароўным пні, і тады пачнуцца траскучыя маразы. Але потым, крыху падсілкаваўшыся прысмакамі са святочнага стала, ён падабрэў, і ўсе адчулі, што мароз адступіў. Услед за беларускім Дзедам Марозам у хату завіталі калядоўшчыкі. Зорканоша нёс калядную зорку, якую пасля запальвалі ў хаце. Каза, якую прывялі калядоўшчыкі, тупаючы абяцала добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і багаты ўраджай: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе каза хвастом, там жыта кустом”. Хітрая каза і ў скокі кідалася, і памірала, і ўваскрасала, пасля таго як гаспадары пачаставалі яе і калядоўшчыкаў прысмакамі. Цыганка прывяла мядзведзя, які танчыў пад бубен і смяшыў гледачоў. Дарэчы, цыганкі, натуральна, варажылі ўсім ахвотным, але пры ўмове “пазалаціць ручку”.
Пакуль адны гледачы слухалі звонкія песні, другія мелі магчымасць стаць удзельнікамі зімовых забаў, цікавых конкурсаў, вясёлых эстафет і каляднай гульні. Акрамя цікавых забаў, не абмінулі ўвагай вучні і выстаўку-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усе змаглі купіць сувеніры на памяць. Дзеці вадзілі калядны карагод вакол прыгажуні ёлкі і з такім жа задавальненнем глядзелі п’есу “Цар Ірад” лялечнага тэтра “Батлейка”.
Своеасаблівым сюрпрызам, які падарыў яшчэ больш добрага настрою, стала арт-прастора “Калядная” з удзелам творчых калектываў Лідскага раёна.
Вучні атрымалі цудоўныя ўражанні, якімі доўга будуць дзяліцца з тымі, хто не змог наведаць Калядны фэст у гэтым годзе, але, напэўна, захоча зрабіць гэта у наступным.
“Калядны фэст у Лідскім замку” ўжо стаў для горада брэндавым мерапрыемствам, бо дапамагае і бацькам, і дзецям дакрануцца да традыцый нашых продкаў, якія нельга забываць, а, наадварот, трэба адраджаць і захоўваць.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 6 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды.