Так навучэнцы 39-й гродзенскай школы назвалі свой першы паэтычны зборнік, які ўбачыў свет у мінулым годзе. Зараз да друку рыхтуецца другая кніга, а ў школе аматары творчасці аб’яднаны ў літаратурны гурток.
Сярэднюю школу № 39 па праве можна назваць унікальнай навучальнай установай — вучацца тут 3100 дзяцей. Для новага, аддаленага ад цэнтра горада мікрараёна школа стала не толькі адукацыйным цэнтрам, але і цэнтрам культурнага і спартыўнага жыцця для дзяцей і дарослых.
— Наш літаратурны гурток узнік пасля звычайнага ўрока беларускай літаратуры, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Урублеўская. — Дзеці атрымалі дамашняе заданне: ці прааналізаваць верш, ці напісаць уласны твор. І напісалі. Я ўбачыла, што мае вучні вельмі таленавітыя, творчыя. Шкада было пакідаць гэтыя якасці без развіцця. Так у школе пачаў працаваць літаратурны гурток.
Адразу ж наладзілі супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго старшыня Людміла Кебіч са сваімі калегамі часта бывае ў школе. Напрыклад, на апошні тыдзень беларускай мовы і літаратуры запрасілі гродзенскага празаіка, паэта, сатырыка Пятра Сямінскага.
І ў той жа час штомесяц навучэнцы школы запрашаюцца на пасяджэнні дыскусійнага клуба “Словадром”, дзе нароўні з дарослымі пісьменнікамі ўдзельнічаюць у абмеркаванні творчых і філасофскіх пытанняў, напрыклад, каго можна назваць героем і супергероем, пра псеўданім і імя. Наведваюць навучэнцы і літаратурную школу пры Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Такое супрацоўніцтва прывяло да стварэння ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры стэнда “Літаратурнае Гродна”. У ім тры раздзелы — “Учора”, “Сёння” і “Заўтра”. Першыя два раздзелы прысвечаны знакамітым аўтарам Гродна, а трэці расказвае пра юных талентаў 39-й школы. Тут размешчаны іх вершы і апавяданні.
— Магу адзначыць цікавасць вучняў і рост іх майстэрства, — працягвае Эма Уладзіміраўна. — Ніка Статкевіч, напрыклад, у гарадскім літаратурным конкурсе заняла 1-е месца за верш “Ніколі не забыць”. У новым зборніку будуць прадстаўлены проза і паэзія і нават свабодны верш — верлібр.
Удзельніца літаратурнага гуртка Дар’я Стасюкевіч дадае, што творчасць дапамагае самавыяўленню, а аднакласніцы цікавяцца і ганарацца яе дасягненнямі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.