БДУІР і БелВЭБ на старце сумесных праектаў

- 12:08Вышэйшая школа

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ўстановы і банка БелВЭБ. Падобныя пагадненні раней не заключаліся.

Мемарандум прадугледжвае рэалізацыю агульных праектаў у галіне кібернетыкі і аўтаматызацыі бізнес-працэсаў, распрацоўку адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі работнікаў банка, правядзенне курсаў і мера­прыемстваў для студэнтаў. Дамова накіравана на ўстанаўленне шчыльнай узаемасувязі навуковых і практычных працэсаў. Плануецца, што першыя сумесныя праекты пачнуць дзейнічаць ужо восенню.

“Для нас вельмі важна партнёрст­ва з банкам, які сярод многіх камерцыйных банкаў краіны развіваецца найбольш дынамічна. Падпісанне мемарандума стане першым крокам ва ўсталяванні доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж БДУІР і БелВЭБ, — адзначыў рэктар установы Вадзім Богуш. — Сёння для спецыяліста банкаўскай галіны актуальна развіццё шматлікіх кампетэнцый, значная частка якіх звязана з ІТ. Упэўнены, што наша супрацоўніцтва дасць плён у фарміраванні гэтых навыкаў, а спецыялісты, якія пройдуць навучанне ў БДУІР, паспяхова рэалізуюць сябе ў банкаўскай справе”.

Вадзім Анатольевіч патлумачыў, што праект накіраваны ператвараць кампетэнцыі, якія ўжо існу­юць у БДУІР, пад задачы, звязаныя з развіццём банкаўскай галіны, ствараць праграмы пад гэтыя патрабаванні.

“Зараз усё мяняецца настолькі хутка, што пакуль ты адкрываеш спецыяльнасць, яна можа састарэць. Тут першасным з’яўляецца фарміраванне блокаў кампетэнцый, якія абапіраюцца на фундамент — вышэйшую адукацыю. Змена гэтых блокаў прыводзіць да поспеху”, — рэзюмаваў рэктар.

У сваю чаргу старшыня праўлення банка БелВЭБ Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што БДУІР — адна з вядучых устаноў вышэйшай адукацыі ў Беларусі, што дае шырокія магчымасці ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных прафесіяналаў у ІТ- галіне.

“Банкаўская сфера — важная тэма ў эканоміцы, бо адваротны бок лічбавізацыі — гэта вялікае вызваленне персаналу. Гэта элемент са­цыяльнай адказнасці, калі наймальнік задумваецца: “А што далей? Наша галіна заўсёды была інавацыйнай, таму чаму б на нас не апраба­ваць гэты праект”, — заўважыў Васіль Станіслававіч.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.