Колькасць ахвяр павялічваецца

- 15:12Рознае, Сацыяльны ракурс
Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, у апошні час адзначаецца рост колькасці фактаў рэалізацыі моцнадзеючых псіхатропных рэчываў пад выглядам “легальных” сумесей. Толькі за апошні тыдзень памерлі двое падлеткаў у выніку ўжывання такіх спайсаў.

Падлеткі рэдка спажываюць спайсы ў адзіночку. Вось і ў апошніх двух трагічных выпадках не абышлося без “кампаніі”. Так, 14 лютага кампанія маладых хлопцаў з Мінскага раёна набыла курыльную сумесь. “Дапамог”, як часта бывае, інтэрнэт. Эфект ад ужывання спайсаў стаў нечаканым і для саміх маладых людзей. Адзін з іх пад уздзеяннем сінтэтычнага псіхатропнага рэчыва пачаў паводзіць сябе неадэкватна. Сёння застаецца толькі здагадвацца, што было ў яго ў галаве ў той час: хлопец пачаў мітусіцца па пакоі, потым ускочыў на падаконнік, разбіў рукамі акно. У выніку, як сведчыць міліцэйская зводка, “прычыніў сабе множныя парэзы абедзвюх рук, шыі, спіны”. Памёр малады чалавек яшчэ да прыезду работнікаў хуткай дапамогі, якіх у роспачы выклікалі “кампаньёны”.
А літаральна праз тры дні ўжо ў машыне хуткай дапамогі памёр непаўналетні навучэнец 9 класа адной са спартыўных школ сталіцы. На гэты раз таксама не абышлося без курыльных сумесей у кампаніі сяброў. Па словах медыкаў, падлетка забралі з кватэры жылога многакватэрнага дома ў непрытомным стане з дыягназам “перадазіроўка наркотыкаў”. Сёння папярэдне ўстаноўлена, што смерць падлетка наступіла ў выніку спажывання нанесенага на паперу сінтэтычнага псіхатропнага рэчыва. Як і ў папярэднім выпадку, набыта яно было пад выглядам “легальнага”.
На жаль, такія выпадкі апошнім часам здараюцца ўсё часцей. Калі за ўвесь мінулы год было зафіксавана 6 лятальных выпадкаў ад спажывання спайсаў, то за няпоўныя два месяцы бягучага — ужо два. Усяго ж за мінулы год за дапамогай у медыцынскія ўстановы ў выніку спажывання спайсаў звярнулася больш за 700 чалавек. Сярод іх значная доля — непаўналетнія і маладыя людзі. Сёлета зафіксавана ўжо каля 100 такіх зваротаў.
Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў зноў нагадваюць, што ўжыванне невядомых рэчываў, якія прапануюцца пад маркай “легальных”, уяўляе рэальную пагрозу не толькі для здароўя, але і для жыцця. Увогуле сёння на тэрыторыі краіны абарот любых спайсаў забаронены і цягне за сабой крымінальную адказнасць. Толькі за апошнія тры тыдні былі ўзбуджаны 392 крымінальныя справы ў адносінах да асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркатычных і псіхатропных рэчываў. Гэта ў 2,2 разу перавышае мінулагодні паказчык. З іх каля 200 спраў узбуджана менавіта за распаўсюджванне спайсаў. З незаконнага абароту выведзена больш за 2,5 кг курыльных сумесей. “Як правіла, іх рэалізуюць грамадзяне, якія самі з’яўляюцца наркаманамі са шматгадовым стажам, — адзначаюць у міністэрстве. — Пры гэтым любая інфармацыя аб “легальнасці” такіх рэчываў не адпавядае рэчаіснасці”. Прадстаўнікі ведамства заклікаюць усіх быць нераўнадушнымі да праблемы і паведамляць аб вядомых фактах збыту і месцах гандлю курыльнымі сумесямі па тэлефоне даверу МУС (017) 218-72-22 ці праз электронны зварот на афіцыйным сайце міністэрства.
Зрэшты, спадзявацца, што распаўсюджвальнікі наркотыкаў адмовяцца ад свайго высокапрыбытковага бізнесу, пакуль ён прыносіць велізарны даход, не даводзіцца. Таму відавочна, што найперш варта працаваць на прафілактыку ўжывання сярод школьнікаў і моладзі наркотыкаў у любым іх выглядзе.

 

Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.