Напярэдадні дня настаўніка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і жодзінская сярэдняя школа № 8 падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Ініцыятарамі ідэі сталі першы прарэктар БДУІР Сяргей Дзік і загадчык кафедры праектавання інфармацыйна-камп’ютарных сістэм факультэта камп’ютарнага праектавання Віталь Харошка. Па выніках пілотнага праекта, запушчанага ў 2018 годзе адкрыццём у школе камп’ютарнага класа, выкладчыкі ўніверсітэта возьмуць акадэмічнае шэфства над вучнямі і педагогамі.
Пасля адкрыцця аўдыторыі школьнікі змогуць праходзіць навучанне дыстанцыйна. У найбліжэйшы час яны разам з настаўнікамі атрымаюць доступ да электронных праграм, вучэбна-метадычных дадаткаў для правядзення факультатываў, якія былі распрацаваны ў БДУІР. Дзяцей чакаюць праграмы для паглыбленага вывучэння інфарматыкі, курсы лекцый па штучным інтэлекце, робататэхніцы, абароне інфармацыі, і прафарыентацыйныя экскурсіі ва ўніверсітэт. Вучні старшых класаў пры куратарстве выкладчыкаў БДУІР змогуць займацца навуковымі даследаваннямі, а настаўнікі профільных прадметаў — пераймаць вопыт у сталічных калег. Плануецца, што да праекта таксама далучацца матываваныя вучні з іншых школ Жодзіна і на базе сярэдняй школы № 8 будзе створаны гарадскі рэсурсна-адукацыйны цэнтр па інфарматыцы.
— Сёння трэба думаць пра заўтрашні дзень, таму наша галоўная задача — накіраваць дзяцей. Калі гэта не зробім мы, зробяць іншыя, — адзначыў Сяргей Дзік.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.