Сённяшні госць праекта “Мая школа”, нягледзячы на малады ўзрост, мае велізарны рэпертуар і ўжо даў звыш 3 тысяч канцэртаў. Яго выканальніцкаму майстэрству апладзіравалі гледачы ў нашай краіне і за мяжой. Знаёмцеся: акардэаніст-віртуоз Дзмітрый КОРСАК.
— Дзмітрый, раскажыце пра ваша дзяцінства. Адкуль у вашым жыцці з’явілася музыка?
— У мяне ўкраінскія карані, а нарадзіўся я ў вёсцы Макарава Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Уся мая радня вельмі музычная. У маці няма музычнай адукацыі, але яна мае добры голас і слых, тата ў маладосці іграў у самадзейным вакальна-інструментальным ансамблі на гітары і спяваў, але да пэўнага часу я пра гэта не ведаў. Геніяльна спяваў мой дзед. Упершыню я пачуў дзеда, калі ён ужо ў 70-гадовым узросце спяваў у царкве, і быў вельмі ўражаны. Так што, можна сказаць, музычныя гены і схільнасць да музыкі ў мяне ўжо былі.
Мая мама вельмі добры і гасцінны чалавек. Колькі часу назад, едучы з гастроляў, мы разам з Валерыем Скаражонкам, Анатолем Длускім і Вольгай Змуршчык заехалі да маіх бацькоў, і мае калегі былі ўражаны яе прыёмам. І мне вельмі важна, што яны ганарацца мной.
Калі хадзіў у дзіцячы садок, аднойчы збег адтуль і схаваўся ў яме, дзе захоўвалі бульбу. А потым, калі я ішоў дадому, на мяне, маленькага, ледзь не наехаў камбайн. Хросная прывяла мяне дадому, а маці, адвёўшы назад у садок, дала ўсім наганяй за няпільнасць. А я, седзячы за спінамі ўсіх, сядзеў і ўсміхаўся.
Калі мне споўнілася 9 гадоў, бацькі, каб пазбавіць шкоднага ўплыву вуліцы, вырашылі аддаць мяне ў музычную школу. Я быў не супраць, але вельмі хацеў вучыцца іграць на фартэпіяна. Пасля невялікага экзамену на наяўнасць музычнага слыху бацькам сказалі, што могуць мяне ўзяць, але на фартэпіянным аддзяленні месцаў ужо не было. Прапанавалі іншы інструмент — таксама з клавішамі (смяецца) — акардэон.
Рэжым у дзяцінстве ў мяне быў вельмі жорсткі: з татам мы ўставалі ў 6 гадзін, рабілі зарадку і абліваліся халоднай вадой, потым была школа, пасля агульнаадукацыйнай — музычная. У вольныя хвіліны выконваў дамашнія заданні, а ўвечары ездзіў з татам на каратэ. І так адбывалася 5 гадоў, пакуль я не паступіў у музычны каледж.
У часы майго дзяцінства ў вёсцы было амаль усё: добрае футбольнае поле, клуб з канцэртнай залай на 500 чалавек, дзе людзі глядзелі кіно, збіраліся на танцы. У клубе працавалі гурткі, вучылі дзяцей музыцы… На святы там збіралася амаль уся вёска. На жаль, у пэўны час, не маючы грошай на рамонт, мясцовыя ўлады клуб знеслі і разабралі на будматэрыялы.
— Ці не перашкаджалі заняткі музыкай вучыцца і займацца ўсім тым, што было яшчэ?
— Педагогі разумелі. Напрыклад, наш настаўнік англійскай мовы Мікалай Аляксеевіч Праліска, сварыўшыся на нас, любіў казаць: “Ну вось Корсак музыкай займаецца, і ў яго часу няма. А вы?” Але я вельмі пашкадаваў, што не ўдзяляў належнай увагі замежнай мове, бо, калі прыехаў у Кітай, прыйшлося вучыць яе нанова.
— Ці памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Гэта была Ганна Грыцук — настаўніца вельмі добрая і патрабавальная. Але больш за ўсіх у школе я баяўся сваёй маці Галіны Васільеўны, якая ў той час працавала ў школе тэхнічкай, — больш, чым дырэктара школы. Аднойчы маці нават паставіла мяне ў кут за нейкую правіннасць, а дырэктар Ала Пятроўна Гарпава спрабавала “вызваліць” (смяецца).
— Ці былі перавагі сярод школьных прадметаў?
— Любімымі прадметамі былі геаграфія і фізкультура. З настаўнікам фізкультуры Аляксандрам Уладзіміравічам Раманюком да гэтага часу падтрымліваю сувязь. Займаўся ўсімі відамі спорту, з задавальненнем бегаў. Калі я, капітан каманды, выходзіў на баскетбольную пляцоўку, усе з мяне смяяліся з-за таго, што на іх фоне я выглядаў зусім маленькім, але, калі на спаборніцтвах я закідваў ім па 25 ачкоў, смешна ім ужо не было. Усё працягвалася да таго часу, пакуль на адной з гульняў выпадкова не разбіў меніск — спартыўная кар’ера скончылася. Самае цікавае, што потым у музычным каледжы па фізкультуры ў мяне было больш дасягненняў, чым у музыцы (смяецца): мне належалі 4 рэкорды каледжа на 100 і 1000 метрах, па чаўночным бегу і падцягваннях.
Наш класны кіраўнік Святлана Аляксандраўна Галюк выкладала біялогію і ўмела знайсці паразуменне з кожным. Колькі сябе памятаю, Святлана Аляксандраўна (а яна была ў нас класным кіраўніком на працягу 5 гадоў) заўсёды і ўсім дапамагала. Яе муж, Яўген Міхайлавіч, выкладаў хімію і працаваў у суседнім кабінеце.
— Як складвалася вучоба ў музычным каледжы?
— Тройчы я сыходзіў з музычнай школы, і ўвогуле дзіўна, што я яе скончыў. На момант паступлення ў каледж у мяне не было ніякай выканальніцкай тэхнікі. Мой педагог па спецыяльнасці Тамара Барысаўна Ярмілава дапамагла мне значна вырасці ў тэхнічным плане: я спраўляўся з творамі з кансерваторскай праграмы, а тыя, хто напачатку не бачыў ува мне перспектыў, былі шчыра здзіўлены такому прагрэсу. Менавіта Тамара Барысаўна прывіла мне любоў да музыкі і зрабіла з мяне таго, кім я зараз з’яўляюся. Яна ніколі не павышала голасу, а калі ўсё было дрэнна, гаварыла з вучнямі толькі на “вы”, і мы разумелі, што трэба нешта рабіць, каб выпраўляць сітуацыю.
На апошніх курсах каледжа я іграў на акардэоне на ўзроўні кансерваторыі. Сюды паступалі гатовыя музыканты, і толькі ад іх саміх залежала далейшае развіццё. У значнай ступені дасягненні сённяшніх студэнтаў акадэміі музыкі базіруюцца на тым, што заклалі педагогі каледжа. У кансерваторыі мне таксама пашчасціла: я вучыўся ў класе цудоўнага педагога Аляксея Сяргеевіча Дараганава, які таксама шмат са мной працаваў.
Я па натуры чалавек, якому цікава абсалютна ўсё, як і зараз. Таму, акрамя музыкі, было шмат іншых сфер прыкладання сіл. У той час я шмат дзе падпрацоўваў, але знаходзіў час і на самаўдасканальванне. А з падачы Аляксея Сяргеевіча паказваў сябе на конкурсах, знаходзячы час на падрыхтоўку да іх. Па вялікім рахунку, для мяне былі важныя не конкурсныя ўзнагароды, а магчымасць паказаць сябе і памерацца сіламі з іншымі музыкантамі.
Пасля заканчэння кансерваторыі я павінен быў паехаць у Магілёў і ўзначаліць там філіял кампаніі па вытворчасці помнікаў, які адкрывалі знаёмыя. Мы пра ўсё дамовіліся, я нават знайшоў сабе размеркаванне ў Магілёў, але па выніках дзяржаўных экзаменаў мне прапанавалі пайсці ў магістратуру. Параіўшыся з татам, пайшоў вучыцца далей. На ўступных экзаменах у магістратуру ледзь усё не заваліў, але змог упэўніць кіраўніка — прафесара кафедры баяна і акардэона доктара мастацтвазнаўства Валянціна Аляксеевіча Чабана, што я магу больш. Так і атрымалася. Магістарскую дысертацыю напісаў сам і абараніў яе на “дзясятку”.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш вопыт работы ў Кітаі.
— У 2015 годзе да мяне звярнуўся Аляксей Сяргеевіч Дараганаў і прапанаваў паехаць у Кітай на работу — быў патрэбен акардэаніст. Я прыехаў на праслухоўванне. Праз 30 секунд, як я пачаў іграць, кіраўнік арт-групы запытаўся ў мяне: “Калі вы хочаце паехаць у Кітай?” Мне абяцалі заняткі з педагогам па англійскай мове, нядрэнную стабільную зарплату, але…
Спачатку я не хацеў ехаць, але потым пагадзіўся. Праз паўгода — 1 снежня — я быў у Кітаі, і праз 2 дні мы пачалі працаваць. Першы блок складаўся з 12 канцэртаў, якія мы далі за 9 дзён.
Шчыра кажучы, праз 2 тыдні хацелася вярнуцца назад. Рытм быў проста шалёны. Залы па некалькі тысяч чалавек, апаратура не заўсёды адпавядала нават мінімальным патрабаванням. Стрымлівала адказнасць: кіраўнік кампаніі даў мне і дзяўчыне, якая прыехала са мной, у якасці авансу досыць вялікую суму грошай. Гэта мяне здзівіла, але больш здзівіла тое, што потым з гэтых грошай вылічылі падатак (смяецца).
Нам прапаноўвалі пяцігадовы кантракт, аднак пасля шэрага непрыемных сітуацый і невыканання абяцанняў далі магчымасць з’ехаць у любы момант, але я разумеў: калі вярнуся, то прайграю. Так працаваў там 2 гады. Потым аказалася, што аформлены я быў не як музыкант, а ў якасці — не паверыце — праграміста. Гэта значыць, што на любым канцэрце паліцыя магла ўзяць мяне і выслаць з краіны як нелегала. У адным з гарадоў такое і здарылася: здаў нехта са сваёй жа кампаніі (за выяўленых нелегалаў паліцыя даносчыку выплачвае “прэмію”). За гэты час вывучыў размоўную англійскую і кітайскую мовы. З цягам часу, размаўляючы з мясцовымі таксістамі, дазнаўся, што яны шмат чаго ведаюць пра Беларусь.
Праз паўгода пасля вяртання дадому зноў паехаў у Кітай па іншым кантракце. Працаваў у кітайскай Венецыі каля Шанхая. Па ўмовах кантракта, кожны дзень я выконваў 5 сэтаў па 30 хвілін. Спецыяльна вывучыў і іграў джазавыя стандарты і шэраг кампазіцый пад мінусоўкі. За паўгода “зарабіў” хваробы на ногі, рукі, спіну. Самым вялікім выпрабаваннем было пры +35 градусах іграць 10 кампазіцый пад “мінус” без перапынку. Вакол цябе збіраецца 150—200 чалавек, якія не проста слухаюць: дарослы ці дзіця можа падысці да цябе і ўшчыкнуць, тузануць ці стукнуць па акардэоне — першыя некалькі дзён аховы не было. Калі знаёмыя кпілі, што я паехаў зарабіць лёгкіх грошай, заўсёды адказваў ім, што гэта катаржная праца і што кітайцы вытрасуць з вас у разы больш, чым заплацяць. У Кітаі вельмі вялікая канкурэнцыя.
— Куды ўклалі заробленыя грошы?
— Амаль усё, што зарабіў за гэтыя паўгода, патраціў на набыццё новых тэхнічных гаджэтаў для выступленняў і запіс свайго другога альбома. Ну і, лагічна, частка грошай пайшла на аднаўленне здароўя.
Я лічу, што кожны артыст павінен быць “упакаваны” ўласнай тэхнікай, якая яму патрэбна: вушная сістэма маніторынгу, мікрафоны і інш., каб мець магчымасць якасна выступіць незалежна ад тэхнічнага абсталявання канцэртнай залы, бо часам незразумела, як пры наяўнасці добрага тэхнічнага абсталявання на канцэртнай пляцоўцы немагчыма арганізаваць добры гук.
— Адным са складнікаў поспеху музыканта з’яўляецца інструмент. На чым зараз іграеце?
— На акардэоне я іграю 23 гады. Зразумела, усё пачыналася з простых мадэлей. Той інструмент, на якім я іграю зараз, — гэта падарунак гледача.
Пасля аднаго з канцэртаў да мяне падышоў мужчына і запытаўся, ці не цяжка мне іграць на такім інструменце, і прапанаваў дапамогу ў набыцці іншага інструмента (мой “кансерваторскі” акардэон важыў 14 кілаграмаў, а гэты — крыху аблегчаны — важыць на 4 кілаграмы меней).
— Дзмітрый, ці лічыце вы сябе папулярным?
— Не думаю, што я папулярны выканаўца. У сваім баянна-акардэонным асяроддзі я, безумоўна, вядомы і папулярны. Часам у мяне запытваюцца, ці лічу я сябе “крутым” акардэаністам, і я адказваю, што лічу сябе добрым выканаўцам. Я ўдасканальваюся і развіваюся, але не маю права лічыць сябе таленавітым ці, крый божа, геніяльным (смяецца).
Нягледзячы на тое што ў мяне ёсць даволі многа сцэнічных нумароў для акардэона ў сучаснай аранжыроўцы, мае запісы гучаць рэдка. У радыёратацыі трэкі не трапляюць з-за таго, што “нефарматныя”.
Як ні парадаксальна, папулярна ў нас зараз тое, што папулярным быць не павінна. Мас-маркет, які слухаюць сёння, — гэта ў большасці выпадкаў не той прадукт, які застанецца на доўгія гады: кампазіцыі-“аднадзёнкі”, якія гучаць пару месяцаў і пра якія потым забываюцца, каб даць дарогу нечаму іншаму.
— Ці не здаецца вам, што гэта звязана з агульным невысокім узроўнем музычнай культуры?
— Прымусіць чалавека нечым зацікавіцца немагчыма. Гэта павінна ісці знутры.
— Вам патрэбна аўдыторыя, якая разумее тое, што вы выконваеце?
— Сёння я амаль не іграю класіку. Новы матэрыял запісваю ў сучаснай аранжыроўцы, каб данесці музыку да большай колькасці слухачоў. Аднак увогуле інструментальная музыка не з’яўляецца прадметам цікавасці вялікай колькасці людзей.
Напрыклад, наўрад ці шмат хто ведае баяніста-віртуоза Уладзіслава Плігаўку, які выйграў усе магчымыя выканальніцкія спаборніцтвы і мае найвышэйшыя ўзнагароды больш як 30 конкурсаў рознага кшталту па ўсім свеце. Гэта сапраўды геніяльны выканаўца і ў прафесійным асяроддзі вельмі аўтарытэтны музыкант, але яго ў нашай краіне амаль не ведаюць. Да таго ж многія ўспрымаюць баян і акардэон выключна як “застольны” інструмент.
— Дарэчы, а калі вас папросяць нешта сыграць за сталом?..
— Адмоўлюся. Некалькі разоў іграў, калі прасілі, але задавальнення гэта не прынесла, і для сябе ўстанавіў табу.
Рыхтуючы новы матэрыял і размаўляючы з кампазітарамі і аранжыроўшчыкамі, бывае, сутыкаюся з непаразуменнем. Імкнуся растлумачыць, што мне патрэбны канцэртны варыянт кампазіцыі і што, на расчараванне аўтараў, на карпаратывах я іграць не збіраюся.
Я не люблю, калі нехта самавольна выкарыстоўвае мае фанаграмы. Стварэнне “мінуса” — працэс вельмі складаны і нятанны. І гаворка не пра грошы — я з задавальненнем падзялюся “мінусам”, калі ў мяне папросяць. Але красці навошта?
Напісаць нават самую простую мелодыю вельмі складана, а сыграць яе так, каб спадабалася ўсім, складаней удвая.
Я ніколі не іграў пад “плюс” — увесь час ужывую, таму кожны раз іграю па-рознаму. А людзі ўсё роўна не вераць. І ніхто не бярэ пад увагу, што, бывала, прыходзілася займацца па 10—12 гадзін на дзень з невялікімі перапынкамі на каву. Гэта сапраўды вялікія нагрузкі, якія не заўсёды добра адбіваюцца на стане рук. Ёсць некаторыя творы, для асваення якіх трэба філігранная тэхніка.
— Чаму выбралі эстрадны напрамак?
— Неяк схадзіў на канцэрт Пятра Дрангі. Яго стыль работы і падыход да паказу акардэона на эстрадзе вельмі спадабаўся, і захацелася працаваць у гэтым кірунку. Напачатку было вельмі складана. Гэта сёння ў мяне запісаны шэраг мінусавых трэкаў, з якімі я працую. А ў тыя часы амаль нічога не было, і выканаўцы выкарыстоўвалі вакальныя мінусоўкі і толькі пачыналі ствараць нешта сваё.
Вядома, на канцэртах слухачы чакаюць эфектных нумароў і вядомых мелодый. У маім рэпертуары ёсць шмат вядомых твораў, сярод якіх першая частка — “Зіма” — з цыкла “Поры года” Антоніа Вівальдзі, вядомае танга “Стомленае сонца”, “Паладзіа” Карла Джэнкінса, “Лібертанга” Астара П’яцолы. На кароткія выступленні я выбіраю папуры і вядомыя тэмы, каб за некалькі нумароў улюбіць слухачоў у акардэон.
— Ці атрымліваецца ў шчыльным графіку выкраіць час на адпачынак?
— У мяне два станы: я або сплю, або працую. Графік вельмі напружаны, і шмат часу аднімаюць пераезды на канцэрты і назад. Нядаўна на некалькі дзён з’ездзіў у Львоў, і тое з-за вымушаных канікул: паламаўся акардэон, і я аддаваў яго ў рамонт.
— Ведаю, што апошні час вы бераце ўрокі вакалу. Хочаце паспрабаваць сябе ў іншай сферы?
— Хутчэй памяняць…
— Збіраецеся схаваць акардэон у футляр?
— Сказаў бы інакш: крыху адставіць яго і паспрабаваць рэалізаваць закладзеныя прыродай даныя.
Пасля паездкі ў Кітай вырашыў звярнуцца да прафесіяналаў, каб атрымаць адказ, ці варта мне развіваць у сабе пеўчыя здольнасці. Сустрэўся з педагогам опернага вакалу Брэсцкага музычнага каледжа Нінай Леанідаўнай Залатніцкай, якая пасля праслухоўвання запыталася ў мяне: “Чаму ты іграеш на акардэоне, а не спяваеш?”
— Наколькі крытычна вы ставіцеся да сваёй творчасці?
— У маёй прафесіі ніколі нельга спыняцца. Важна тое, кім ты з’яўляешся тут і зараз. Як толькі спыняешся, ты страчваеш навыкі, кваліфікацыю і, як вынік — усе твае заслугі застаюцца ў мінулым.
Мне заўсёды не падабаецца, як я іграю. Слухаю запісаны 2 гады назад альбом і разумею, што можна было б сыграць інакш. З’яўляецца думка перазапісаць яго, але потым кажаш сабе: “Стоп” і ідзеш далей.
Лічу, што сёння па меры магчымасці я прасоўваю і папулярызую свой інструмент. Гэта не феерыя, як у скрыпача Дэвіда Гарэта, але, не буду крывіць душой, я арыентуюся на яго, слухаючы яго аранжыроўкі. Аднак запісаць увесь сімфанічны аркестр складана, гэта патрабуе шмат грошай. Я гатовы рухацца наперад, і мне цікава прапаноўваць слухачу якасны прадукт.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Дзмітрыя КОРСАКА.